У Ашмянах прайшлі чацвёртыя Міжнародныя гальшанскія чытанні

Культура События

У мінулую пятніцу   Ашмяны  гасцінна прымалі шматлікіх навукоўцаў з Мінска і Гродна.  Чацвёртыя Міжнародныя гальшанскія чытанні пад назвай “Культурная і гістарычная прастора мястэчак Ашмяншчыны” ў чарговы раз засведчылі, што навуковае  мерапрыемства, скіраванае на захаванне і вывучэнне гісторыі нашага слаўнага краю, стала  добрай традыцыяй, а заяўленая сёлета тэма вельмі падыходзіць да нашай мясцовасці і вымагае яе  дасканалага вывучэння.

Адкрыццё навукова-практычнай канферэнцыі прайшло ў раённым Доме культуры. Тут   былі наладжаны   выставы, якія  дапамагалі раскрыць  тэму навуковых чытанняў: “Мястэчкі Ашмянскага павета канца 19 стагоддзя”,  фотаработы гальшанскага краязнаўцы , Валянціны Лабунінай і работы мастака, ураджэнца Ашмян, Сяргея Шэмета пад назвай “Шчырасць сэрца і таленту”.

Пленарнае пасяджэнне пачалося прывітальным словам намесніка старшыні  райвыканкама Аляксандра Саванца. З пажаданнем плённай працы вядомым навукоўцам і юным даследчыкам  гісторыі  выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна. Выконваючы абавязкі дырэктара Інстытута гісторыі  НАН Беларусі  Вячаслаў Даніловіч падарыў цэнтральнай раённай бібліятэцы  кнігі і  апошні нумар “Беларускага гістарычнага часопіса, дзе змешчаны матэрыялы аб Ашмяншчыне, а таксама ўручыў Падзякі Інстытута гісторыі НАН Беларусі  намесніку дырэктара  па выхаваўчай рабоце Кальчунскай СШ Таццяне Давідовіч, дырэктару ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Тамары Філіповіч і вучаніцы  10 класа гімназіі №1   Юліі Тарасевіч за значны ўклад ў вывучэнне гісторыі роднага краю.

Удзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны прагляд дакументальнага фільма  журналіста Барыса Герстэна  “Вяртанне да вытокаў”, які расказвае аб нашым слаўным земляку – журналісце, грамадскім дзеячы, архітэктары  Зыгмундзе Мінейку. Затым з  вынікамі археалагічных даследаванняў, праведзеных у зоне будаўніцтва дарогі да АЭС, якая праходзіць па тэрыторыі Астравецкага і Ашмянскага раёнаў, выступілі Вадзім Лакіза, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі са сваёй калегай,  малодшым навуковым супрацоўнікам Зояй Харытановіч. Сваімі навуковымі напрацоўкамі па розных аспектах прапанаванай тэмы падзяліліся і другія навукоўцы.

У рамках чацвёртых Гальшанскіх чытанняў адбылася прэзентацыя  фотаальбома дырэктара ААТ “ Ашмянскі мясакамбінат” Тамары Філіповіч “Падарожжа па Ашмянскаму краю”. Затым адбылася праца па секцыях, якія працавалі ў СШ №2 і краязнаўчым музеі.  Тут, дарэчы, госці змаглі наведаць выставу “След у гісторыі” аб знакамітых людзях, якія  сваёй нястомнай працай праслаўлялі нашу зямлю, а таксама пабачыць апошнія археалагічныя знаходкі, выяўленыя на тэрыторыі раёна.

Завяршылася мерапрыемства ў Жупранах, дзе госці наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла, а таксама музей  Францішка Багушэвіча ў мясцовай школе.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *