Чэрвеньскія ўражанні

Точка зрения

Здаецца, лета толькі пачалося, а ўжо чэрвень на зыходзе. Чым запомніліся гэтыя дзянькі школьнікам? Мабыць, нехта адпачыў у лагеры. Хтосьці ходзіць у школу на практыку. Нехта бавіць час ў бабулі, а нехта праводзіць свае дні дома, займаючыся справамі, якія пакідаў на лета.

Я прайшла медыцынскі агляд (абавязковы перад пачаткам навучальнага года) і цяпер – вольная птушка. Апроч гэтага пабывала ў Маскве. Так, у гэтым вялікім, шумным і тлумным, прыцягальным і прыгожым горадзе з багатай гісторыяй.

Удваіх любы шлях карацейшы – казалі ў народзе. А нас было ажно сорак чатыры чалавекі. Цікавую паездку арганізавалі настаўніцы другой школы горада Вольга Сцяпанаўна Дваранская і Ірына Яўгенаўна Родцавіч.

Падарожжа доўжылася пяць дзён. Што датычыцца мяне, то ехаць было няцяжка. У Маскве нас сустрэла гід – прыгожая і абаяльная жанчына Галіна. Дзякуючы ёй наша паездка атрымалася змястоўнай і насычанай. Мэры Попінс – так мы назвалі яе. Акуратны пучок серабрыстых валасоў, сабраных назад, акуляры, лёгкі макіяж, бручны касцюм і жоўты парасон ад сонца, а мабыць, каб мы не патраціліся і, калі што, ішлі на жоўтую плямку ў натоўпе.

Наша наведванне Масквы пачалося з аўтобусна-пешаходнай экскурсіі па горадзе. Мы пазнаёміліся са сталіцай, яе культурай, архітэктурнай планіроўкай і гістарычнымі фактамі, убачылі самыя вядомыя славутасці: Храм Хрыста Збавіцеля, які лічыцца адным з самых вялікіх культавых збудаванняў Расіі, помнік Пятру I на Маскве-рацэ, будынак МДУ. Мы глянулі на расійскую сталіцу з назіральнай пляцоўкі Вераб’ёвых гор, адкуль адкрываецца неймаверная панарама горада. А яшчэ нас чакала экскурсія па “Масква-Сіці” – навамодным дзелавым квартале расійскай сталіцы. Там усе некуды спяшаюцца, нават не заўважаюць адзін аднаго. Так, прыгожы раён, але гэта толькі на першы погляд. Калі ты прызвычайваешся да ўсяго гэтага, то становішся, як робат. Твары ва ўсіх сур’ёзныя, ніхто амаль не ўсміхаецца, усе апрануты па-дзелавому і вядуць сябе важна. Не, так жыць я дакладна не змагла б.

Што мы ўбачылі ў гэтым вялікім “замарожаным царстве”? Чырвонаармейскую набярэжную, гандлёва-пешаходны мост «Баграціён», сяміметровы манумент «Дрэва жыцця”… Таксама нам расказалі, як будуюцца хмарачосы.

На трэці дзень мы адправіліся да Маскоўскага Крамля, у архітэктурны ансамбль якога ўваходзяць Архангельскі, Дабравешчанскі і Успенскі саборы. Затым прагуляліся па Аляксандраўскім садзе і накіраваліся на галоўную плошчу краіны — Чырвоную, дзе размешчаны казачны Пакроўскі сабор, а таксама Маўзалей. Сімвалам Масквы з’яўляецца  Арбат – мабыць, самая знакамітая пешаходная вуліца расійскай сталіцы, вядомая сваімі сувенірнымі крамамі і славутасцямі. Нам распавялі гісторыю Арбата, якая налічвае больш за пяцьсот гадоў.

У чацвёрты дзень нас чакала экскурсія па вядучым кінапрадпрыемстве Расіі — «Масфільме» і будынку ВДНГ.

Затым усе селі ў аўтобус і паехалі дадому. У Ашмянах ужо былі ў чатыры раніцы. Было сумна, што прыйшоў час развітвацца. А разам з тым радасна, што вярнуліся на сваю Радзіму!

Хачу выказаць усім вялікі дзякуй за яркія эмоцыі. Спадзяюся, што такіх падарожжаў будзе ў кожнага з нас яшчэ шмат. Гэта магчымасць знайсці новых сяброў, паглядзець, як жывуць людзі, атрымаць новыя веды і незабыўныя ўражанні.

Іаланта АЎСЯНІК, вучаніца Навасёлкаўскай СШ, слухач школы маладога журналіста.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *