Маёй матулі

Точка зрения

Пачаўся кастрычнік. Ён расфарбаваў усё навокал у жоўта-аранжавы колер. Надвор’е псуецца на вачах. Шчыра прызнацца, ніколі не любіла гэты месяц. Для мяне ён самы нудны і доўгі. І толькі адна думка сагравае мяне гэтымі халоднымі днямі. Менавіта ў кастрычніку адзначаецца цудоўнае і такое цёплае свята — Дзень маці!

Мама! Колькі любові і пяшчоты ў гэтым слове з чатырох літар. Не памылюся, калі скажу, што гэта самы галоўны і такі неабходны чалавек у жыцці кожнага. І не важна, ты маленькае дзіця ці дарослы мужчына альбо жанчына, у якіх ужо ёсць уласная сям’я. Для кожнага свая маці самая лепшая. І гэта абсалютная ісціна!

Нягледзячы на тое, што маё жыццё яшчэ толькі пачынаецца, мая гісторыя, звязаная з маці, вялікая і доўгая.

Мама,  Людміла Валяр’янаўна Тумановіч, якая мяне вырасціла ў любові і ласцы, не з’яўляецца маёй біялагічнай. Калі мне было тры месяцы, яна забрала мяне з халоднага няўтульнага дома, дзе я была зусім адна, каб толькі памыць, але пакінула мяне на ўсё жыццё. Сямнаццаць гадоў яна клапоціцца пра мяне, падтрымлівае ва ўсіх маіх пачынаннях, выслухоўвае, суцяшае, абараняе, церпіць мой невыносны характар. Уначы абавязкова ўкрывае мяне коўдрай, а кожную раніцу прымушае есці, бо ведае, што незадоўга зноў прагаладаюся.

Яна вучыць мяне быць добрай і літасцівай, вучыць прабачаць і адпускаць. Мама добра ведае, якія булачкі я люблю больш за ўсё, ведае мой любімы колер і як моцна мне падабаецца сыр, які ў нашым доме ёсць заўсёды. Яна ведае мяне ўсю наскрозь і разумее без слоў. Матуля памятае маё першае слова і першыя крокі. Менавіта яна адпраўляла мяне ў садок і разам ішла ў першы клас, ляжала са мной у бальніцы і малілася за мяне кожную ноч.

Мама доўгі час, трацячы сваю моц і здароўе, рабіла ўсё дзеля таго, каб толькі мяне ў яе не забралі. Амаль да дзесяці гадоў я не магла заснуць без яе мяккай рукі, якая пяшчотна гладзіла мяне па галаве.

Я ніколі не адчувала сябе ў прыёмнай сям’і чужой, няроднай. Мяне ніколі не папракнулі ў гэтым. З гадамі я стала разумець, якое гэта шчасце, што апынулася менавіта ў гэтай сям’і, у МАЁЙ сям’і, дзе ёсць мама і тата, мае любімыя сёстры і брат. Калі я была зусім маленькай, мне заўсёды казалі, што я нарадзілася пад Богам. Тады я не разумела гэтых слоў…

Колькі разоў я расчароўвала сваю матулю і колькі разоў яна прабачала мае свавольствы! Зараз пішу гэты артыкул, а слёзы ручаём ліюцца з маіх вачэй.

Мама, прабач мяне за ўсё! Я хачу быць для цябе самай лепшай! Дакладна ведаю, што я і так для цябе самая лепшая, але хачу быць упэўнена ў гэтым сама. Хачу, каб ты была здаровай і доўга-доўга жыла, каб была самай шчаслівай, а ўсмешка ніколі не сыходзіла з твайго твару.

Вялікі табе дзякуй за ўсё, што ты робіш! Я цябе вельмі моцна люблю!

Іаланта АЎСЯНІК, слухач Школы маладога журналіста пры рэдакцыі раённай газеты.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *