З любоўю да роднага краю

Точка зрения

Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!..

Усе беларусы ведаюць знакамітыя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, узгадваючы як сам твор, так і песню з рэпертуару ансамбля “Песняры”.

А ці задаваліся вы калі-небудзь пытаннем, чаму ён нам мілы? Калі спытаць у жыхароў нашай краіны, ці любіць яны сваю Радзіму, хутчэй за ўсё, кожны адкажа: “Вядома!”. Але гэта настолькі шырокае і змястоўнае пытанне, што мы нават і не задумваемся, калі адказваем на яго.

— Вы патрыёт?

—Так!

— А як вы разумееце гэта слова?

— Ну….

Першае, што чалавеку прыходзіць у галаву, гэта распавесці пра любоў да роднага краю. А што значыць гэта любоў? Што ўмяшчаецца ў гэтай неабдымнай фразе?

Я ўдзячна роднай зямлі за тое, што сёння ранкам прачнулася і ўзрадавалася сонейку за акном, затым пайшла ў школу, а пасля вярнулася дадому, дзе мяне чакаў смачны абед ад маёй мамачкі. Я ўдзячна Радзіме за тое, што магу вучыцца, каб затым выкарыстаць набытыя веды на карысць Беларусі і яе шчаслівай будучыні.

Я часта думаю аб тым, якімі шчаслівымі растуць у нашай краіне дзеці. Мы ніколі не бачылі вайну, голад і холад, слаба ўяўляем, праз якія выпрабаванні прыйшлося прайсці нашым прадзедам і дзецям саракавых гадоў! Мы маем магчымасць марыць і дасягаць пастаўленых мэт. Мы сустракаемся з сябрамі, разам адпачываем, дабіваемся першых у сваім жыцці поспехаў – у вучобе, творчасці, спорце. Зыходзячы са сваіх здольнасцей і перакананняў, плануем сваю будучыню.

Усё гэта было б немагчымым, калі б ішла вайна. Хаця мы яшчэ дзеці, але ж разумеем, што дзеецца ў свеце, зусім побач з намі. Інфармацыя аб нестабільнай абстаноўцы “атакуе” з усіх бакоў. Страшна бачыць праз навіны ў СМІ, як паміраюць зусім маленькія дзеці, у якіх ужо ніколі не будзе дзяцінства. Як людзі пазбаўляюцца даху над галавой і не ведаюць, што чакае іх заўтра. Як руйнуюцца з зямлёю вёскі і гарады, у якіх віравала шчаслівае жыццё.

Кожны з нас павінен памятаць пра падзеі саракавых гадоў і якую невылечную чорную пляму пакінула на Беларусі Вялікая Айчынная вайна. Мы не павінны забывацца пра гэта, каб не дапусціць паўтору жудаснай навалы ў сваёй краіне.

Як бы пафасна гэта не гучала, але я — патрыёт сваёй Радзімы, і ўдзячна ёй усім сэрцам за тое, што жыву ў міры і спакоі. Мае родныя і блізкія здаровыя. Я кожны дзень чую дзіцячы смех і бачу ўдзячныя вочы пажылых людзей. Адчуваю, як б’ецца сэрца маладой і таленавітай моладзі, у якой наперадзе шмат адкрыццяў і дасягненняў – дзеля будучыні нашага прыгожага роднага краю!

Іаланта АЎСЯНІК, вучаніца Навасёлкаўскай СШ, слухач Школы маладога журналіста пры рэдакцыі раённнай газеты.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *