Бывай, лета…

Точка зрения

Ну вось і скончыўся цудоўны час канікул. Лета праляцела са скорасцю каметы. З лёгкасцю магу назваць яго самым любімым, бо яно падарыла новыя адчуванні і эмоцыі!

Вельмі цікава вярнуцца ў школу, сустрэцца з усімі, каго не бачыла на працягу трох месяцаў. Наперадзе адзінаццаты клас. Гэты год, напэўна, будзе самым цяжкім за ўсю гісторыю навучання ў школе, таму так не хочацца, каб лета канчалася…

З цяжкасцю адпускаю жнівень. Назіраю, як пакрысе пакідае галінкі лістота, вятры становяцца мацнейшымі, а сонейка не так часта раскідвае наўсцяж свае промні. Я схавала амаль усе свае сукенкі. Мне не хочацца верыць, што зусім скора развітаюся са шматлікімі сябрамі. Як жа цяжка часам сказаць “да спаткання”, бо ты не ведаеш, калі будзе чарговая сустрэча. Застануцца толькі шчымлівыя ўспаміны і здымкі, на якія мы будзем глядзець і думаць аб тым, што засталося ў мінулым. Я люблю лета, але не люблю канец жніўня, які забірае самае роднае і дарагое.

Мне вельмі цяжка “класці” на паперу гэтыя развагі, чамусьці слёзы засцілаюць вочы і да горла падступае камяк. Для мяне гэта лета было па-дзіцячы вольным і лёгкім у апошні раз. У душы пасяляецца трывога, а думкі ўвесь час мрояцца ў галаве.

Прагулкі з сябрамі, смех, танцы, спевы, жарты – усё гэта скончылася. Ім на змену прыйдуць бясконцыя ўрокі, хатнія заданні і падрыхтоўка да экзаменаў. Гэтыя думкі не даюць мне спакойна заснуць!

Для мяне і маіх равеснікаў пачынаецца новы жыццёвы этап. Новыя ўражанні, новыя людзі і знаёмствы. Змена абстаноўкі не заўсёды нясе адмоўнае, часам яна толькі на карысць.

Гэтым летам я прыйшла да высновы, што трэба заўсёды быць разам! Не пакідаць блізкіх сэрцу людзей, не аддаляцца. Што б ні адбылося, заўсёды заставайцеся людзьмі, памятайце, што сяброўства – гэта лепшае, што можа з вамі адбыцца!

Дзякуй, лета 2023 года, што ты было ў маім жыцці….

Іаланта АЎСЯНІК, слухач школы маладога журналіста.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *