«Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!». З надзеяй і верай праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень

События

Заўтра праваслаўныя вернікі адзначаць Вялікдзень – галоўнае свята ў хрысціянскім календары. На працягу сарака дзён з Вялікадня вернікі будуць вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» – «Сапраўды ўваскрос!».

А ўжо сёння ў святочна прыбраных храмах адбываецца асвячэнне кулічоў і пафарбаваных яек. Сучасныя традыцыі дазваляюць фарбаваць гэты сімвал пачатку новага жыцця на любы густ. Калісьці ж яйкі былі толькі чырвонага колеру.

На працягу цэлага дня праваслаўныя ашмянцы ідуць у храм Уваскрэсення Хрыстова. У чаканні свята ён па-асабліваму ўзнёслы – упрыгожаны жывымі кветкамі, чырвонымі літарамі “ХВ” на Царскіх варотах і такога ж колеру дэкаратыўнымі элементамі на галоўнай люстры храма.

Праваслаўныя прыходзяць у царкву па-аднаму і сем’ямі, разам з дзецьмі, каб запаліць свечку і падзякаваць Богу за сённяшні сонечны дзень, пажадаць здароўя сваім родным і блізкім і з верай і надзеяй крочыць далей па жыцці.

Вялікдзень у свядомасці большасці нашых сучаснікаў – сямейнае свята, падстава сустрэцца з блізкімі. Абавязковыя элементы велікоднага стола – асвечаныя ў царкве яйкі і куліч, тварожная пасха.

Здзяйсняць добрыя справы ў Вялікдзень – таксама традыцыя, асвечаная стагоддзямі. Лічыцца, што гэтымі днямі зробленае для тых, хто абдзелены лёсам, дапамагае зняць з душы грахі, бо ў светлае свята ніхто не павінен быць галодным і абдзеленым радасцю. Да таго ж, паводле легенды, ад Вялікадня да Узнясення вандруе па зямлі Хрыстос з апосталамі, выпрабоўваючы на міласэрнасць і дабрыню тых, хто жыве на Зямлі.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *