З той пары, калі прагрымелі апошнія выбухі вайны і прыйшла доўгачаканая Перамога, прайшло 65 год. З таго часу 9 мая для ўсіх жыхароў нашай краіны стала самым светлым, радасным і дарагім днем воінскай славы. Праходзяць гады, часцей пакідаюць гэты свет ветэраны, але ашмянская зямля свята захоўвае памяць об сваіх мужных абаронцах. Залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю імёны ветэранаў і загінуўшых салдат, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне жыве ў нашых сэрцах.
Веснавыя спевы птушак, ласкавы ветрык і лагоднае надвор’е – усё спрыяла выдатнаму настрою тых, хто прыйшоў сёмага мая ў гарадскі парк да помніка загінуўшым воінам, каб ушанаваць іх памяць і падзякаваць ветэранам, якія падарылі нам магчымасць жыць у свабоднай і счаслівай краіне. Традыцыйна ў гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел ветэраны, члены райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Ашмяны”, школьнікі і студэнты.
Віншуючы са святам ганаровых гасцей — ветэранаў, старшыня райвыканкама Юрый Адамчык ад шчырага сэрца падзякаваў ім за здзейснены подзвіг. “Ветэраны – гонар і ўвасабленне беларускай нацыі. Толькі дзякуючы ім у нас сёння мірнае неба над галовамі і ёсць магчымасць працягваць слаўныя баявыя традыцыі”, — падкрэсліў ён.
Маладое пакаленне назаўсёды застанецца ў неаплатным абавязку перед ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. “Будучыня Беларусі ў руках моладзі. Ад юнакоў і дзяўчат залежыць, каб наша краіна заставалася свабоднай і незалежнай,”- такую думку выказаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Георгій Разон у сваім слове да прысутных. Ён павіншаваў сваіх баявых таварышаў і ўдзельнікаў мітынгу са святам і ўручыў разам з выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Вольгай Шыдлоўскай білеты новым членам маладзежнага грамадскага аб’яднання.
Акрамя райкама БРСМ свой уклад у патрытычнае выхаванне ў нашым раёне ўносіць яшчэ і грамадскае аб’яднанне “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. БРПА робіць усё, каб у сёняшняга пакалення была мэта ў жыцці, быў гонар за сваю краіну, за яе гераічнае мінулае. Таму невыпадкова падчас урачыстага мерапрыемства члены БРСМ павязалі гальштукі сваім малодшым таварышам.
Малітва і вера ў Бога заўсёды падтрымлівала салдат, асабліва падчас жудасных баявых дзеянняў. Каб супакоіць душы воінаў, загінуўшых у ваенны час, удзельнікі мітынгу памаліліся ля помніка разам з настаяцелем храма Уваскрасення Хрыстова Пятром Пятлёхай.
Затым прагучаў воінскі салют. Пасля адбылася хвіліна маўчання ў памяць аб ахвярах вайны, а да помніка былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі.
Напрыканцы раённы ваенны камісар Сяргей Кучар далажыў старшыні райвыканкама аб гатоўнасці груп адправіцца па шасці маршрутам традыцыйнай эстафеты ад помніка да помніка “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Удзельнікі эстафеты наведалі ў гэты дзень каля трыццаці помнікаў воінам-вызваліцелям, якія знаходзяцца на тэрыторыі розных сельскіх Саветаў нашага раёна. Яны прывезлі да месцаў воінскіх захаванняў не толькі кветкі і вянкі, але і маленькія лампадкі, запаленныя ад Вечнага агню ў гарадскім парку. Паўсюдна былі арганізаваны мітынгі, у якіх прынялі ўдзел работнікі сельвыканкамаў, ветэраны, вучні і настаўнік школ, мясцовыя жыхары і работнікі культуры. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб загінуўшых воінах. З задавальненнем паслухалі ветэраны і музычныя кампазіцыі, якія былі адрасаваны ў гэты дзень ім — пераможцам. Пасля мітынгаў у цэнтрах сельскіх Саветаў адбыліся святочныя агеньчыкі, дзе ветэраны мелі магчымасць у цеплай хатняй атмасферы яшчэ раз пагутарыць і ўспомніць трагічныя і гераічныя падзеі тых дзён.
Вераніка ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Вероника, если Вы прикрепляете фото к статье то обязательно оцените его качество. В этой фотографии завален горизонт(памятник падает) и исправить это в фотошопе не составляет особого труда. Желаю Вам удачи.