У дзяцінстве я часта назірала за вытанчанымі жанчынамі, якія насілі сукенкі і высокія абцасы. Такімі прыгожымі і жаноцкімі яны мне падаваліся. А стук абцасікаў атаясамліваўся з незвычайнай музыкай, якая заварожвала і прыцягвала да сябе. Менавіта тады ў мяне з’явілася мара набыць зімовыя боцікі на высокіх тонкіх абцасах. Прыйшоўшы ў краму, я адразу накіравалася да стэлажа з такім абуткам. Вочы разбягаліся ад рознакаляровых боцікаў. Аднак найбольш спадабаліся адны. Карычневыя, на высокім абцасіку, яны адразу запалі ў сэрца. Я ўжо ўяўляла, як іду ў школу ў такім абутку. Аднак бацькі да майго выбару аднесліся скептычна. Яны прапанавалі звярнуць увагу на больш практычныя мадэлі абутку. Мяне ўжо было не стрымаць. Я прымярала боцікі, любавалася сабой у люстэрку, стварала модныя вобразы ў падсвядомасці. У той дзень я выйшла з крамы з тым абуткам, аб якім столькі марыла і трызніла. На наступны дзень упершыню абула абнову, выйшла на вуліцу, зрабіла некалькі крокаў па бліскучым лёдзе і … ледзьве не расцягнулася праз дзясятак крокаў няўпэўненай хады. Тады ўпершыню закралася здрадніцкая думка аб тым, што бацькі мелі рацыю, калі прапаноўвалі мне больш простую мадэль зімовых ботаў. З горам папалам я дайшла да школы і жахнулася ад думкі, што насіць гэты абутак мне давядзецца цэлы сезон. Штодзённа я абувала ненавісны абутак і адлічвала дні да вясны. Бацькам на абнову я не скардзілася, бо гэты выбар зрабіла сама і цяпер вінаваціць няма каго. На наступны сезон я ўжо выбірала новую пару ботаў, ненавісна пазіраючы на стэлаж з ботамі на высокіх абцасах. Тая гісторыя стала сапраўдным урокам для мяне. Гэты выпадак выхаваў, напэўна, больш, чым словы і перакананні.
Зрабіць выбар і не памыліцца дастаткова складана. Нехта з мудрых людзей сцвердзіў думку, што на ўласных памылках вучацца. Гэта сцверджанне з’яўляецца цалкам правільным. Зразумела, што памыліцца з выбарам ботаў – гэта не самая вялікая трагедыя ў жыцці. Аднак часам чалавек здзяйсняе куды больш сур’ёзныя памылкі, якія датычацца яго прафесійнага самавызначэння і ўласнага шчасця. Зараз поўным ходам ідзе ўступная кампанія. Юнакі і дзяўчаты падаюць дакументы ў навучальныя ўстановы, плануюць уласную будучыню. Хтосьці з выпускнікоў абапіраецца на прэстыж прафесіі, хтосьці – на меркаванне бацькоў і родных, іншыя – на заробак. А хтосьці паступае “за кампанію” з сябрам ці сяброўкай. Кожны з гэтых шляхоў з’яўляецца памылковым, бо абапірацца пры выбары прафесіі неабходна выключна на свае схільнасці, здольнасці, таленты і жаданні. Яшчэ старажытны мысліцель Канфуцый сцвярджаў: “Калі ты абярэш прафесію, якую любіш, то табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў тваім жыцці”. З гэтым меркаваннем немагчыма не пагадзіцца. Любімая справа прыносіць асалоду, задавальненне, дапамагае рэалізаваць уласныя здольнасці. Праяўляючы свае таленты і якасна выконваючы справу, чалавек адчувае задаволенасць сабой, разумее сваю вартасць для грамадства. Многія лічаць, што толькі высокая пасада або гучнае званне гаворыць аб паспяховасці чалавека. Гэта далёка не так. Можна быць высакакласным механізатарам, кваліфікаванай медыцынскай сястрой, дбайнай прыбіральшчыцай. Даўно вядома, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Праз адданасць, шчырасць, руплівасць і прафесіяналізм чалавек упрыгожвае гэты свет, робіць яго больш дасканалым. Што ж рабіць, каб не памыліцца з выбарам прафесіі? Слухаць сваё сэрца і абапірацца на ўласныя жаданні. І тады, напэўна, можна будзе пазбегнуць хібаў і памылак.
Марта БАГДАНОВІЧ.
