Сустрэча адбылася ў краязнаўчым музеі імя Багушэвіча, які наўрад ці прымаў за гады свайго існавання столькі ганаровых гасцей адначасова і бачыў такую вялікую колькасць узнагарод! Баявыя ордэны і медалі сваім бляскам адбіралі вочы. Што стаіць за кожнай з гэтых узнагарод? Кроў і смерць, што несла вайна, слёзы ўдоў, разбураныя сёлы і гарады, холад і голад… доўгачаканая радасць перамогі. Колькі перажылі яны за гады вайны, вядома толькі ім самім. Яны не расказваюць падрабязнасці, каб у чарговы раз не вярэдзіць сабе душу і не палохаць нас. І толькі скупая сляза цячэ па іх твары, калі заходзіць размова пра вайну.
У нашым раёне пражывае 63 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Толькі дваццаць з іх змаглі прыняць удзел у сустрэчы. Разам са сваімі роднымі і старшынямі сельскіх Саветаў яны прыйшлі, каб не толькі сустрэцца з кіраўніцтвам раёна, але і пабачыць адзін аднаго – зусім рэдка зараз прыходзіцца сустракацца. Загадчыца музея Жанна Іванова шчыра вітае ветэранаў у адноўленым будынку і запрашае наведаць выставу, падрыхтаваную да 65-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Экскурсію для ганаровых гасцей праводзіць навуковы супрацоўнік музея Ірына Бусловіч. Ветэраны Вялікай Айчыннай разам з экскурсаводам у чарговы раз праходзяць сцежкамі вайны: ад чэрвеня 1941 да самага вызвалення. Затым яны паднімаюцца на другі паверх, дзе ва ўтульнай абстаноўцы працягваецца сустрэча. Вядучая мерапрыемства, дырэктар Будзёнаўскага Дома культуры Наталля Лукашэвіч прадстаўляе усіх ўдзельнікаў свята. На ўрачыстую сустрэчу з ветэранамі прыйшлі старшыня райвыканкама Юрый Адамчык, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, раённы ваенны камісар Сяргей Кучар, старшыня райсавета ветэранаў Міхаіл Грыхуцік, загадчык аддзела ідэалагічнай работы Людміла Каханоўская, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Мікалай Грыгор’еў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Эдуард Горыд.
Аб тым, як праходзіла вайна па тэрыторыі нашага раёна, ветэранам быў паказаны фільм, спецыяльна падрыхтаваны да юбілейнай даты работнікамі ўстаноў культуры.
З хваляваннем віншуе шаноўных гасцей старшыня райвыканкама Юрый Адамчык. Ён жадае ветэранам здароўя і нагадвае словы прэзідэнта нашай краіны, які штогод звяртаецца да ветэранаў з вялікай просьбай: жыць, нягледзячы ні на што – жыць, каб несці праўду аб вайне цяперашнім пакаленням і як мага больш заставацца ў страі, быць прыкладам адданасці і гераізму для нашай моладзі. Разам з раённым ваенным камісарам Сяргеем Кучарам старшыня райвыканкама ўручае ветэранам юбілейныя медалі “65 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”
Словы віншаванняў, франтавыя сто грамаў, песні ваеннай пары, горкія ўспаміны аб вайне – усе гэта было на свяце. Песні спявалі разам. На дапамогу работнікам устаноў культуры Эдуарду Горыду, Аляксандру Пашкоўскаму і Валянціну Роману прыйшоў Георгій Іосіфавіч Розан, а за ім і ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці. Ад ветэранаў са словамі падзякі за ўвагу і клопат, за цёплую сустрэчу звярнуліся Тамара Канстанцінаўна Догель і Георгій Іосіфавіч Розан. Міхаіл Іосіфавіч Крайноў прапанаваў назваць мост у Нарбутах, дзе гераічна змагалася група аўтаматчыкаў пад кіраўніцтвам старшага сяржанта Дзмітрыя Гарбунова, мостам воінскай славы.
У памяць аб сустрэчы ад раённага выканаўчага камітэта ветэранам былі ўручаны кветкі і насценныя гадзіннікі з юбілейным надпісам “65 год Вялікай Перамогі”. Вядучая мерапрыемства Наталля Лукашэвіч пажадала ветэранам, каб гэты падарунак як мага даўжэй адлічваў гады іх жыцця і каб кожная хвіліна прыносіла толькі шчаслівыя моманты.
Аліна Санюк.
На здымку: падчас урачыстага прыёму ў краязнаўчым музеі.
Фота аўтара.

Помнить о подвиге наших отцов и дедов, уважать и беречь память о тех, кто погиб, подарив нам мир, мы должны не только за несколько дней до очередной праздничной даты. И делать это всем нам нужно по велению сердца, а не ради галочки или чтобы услышать чье-то одобрение.