Крыўда пацыента

Точка зрения

 

Мы ўсе прагнем увагі і чуласці, дапамогі і спагады, асабліва, калі дрэнна сябе адчуваем або проста журботна на душы. А калі не атрымліваем тое, на што спадзяваліся і разлічвалі, у сэрцы пасяляецца крыўда.

Менавіта гэта пачуццё падштурхнула жыхарку горада патэлефанаваць у рэдакцыю і падзяліцца тым, што накіпела. У пачатку кастрычніка ў пенсіянеркі падскочыў ціск, жанчына стала задыхацца. Суседка выклікала хуткую дапамогу. Фельчар уважліва і прафесійна правёў агляд, зрабіў выратавальны ўкол, а калі высветлілася, што ў пацыенткі павышаная тэмпература — назначыў лякарствы і даў парады па лячэнні. Дзесьці праз тыдзень жанчына ў другі раз звярнулася за хуткай дапамогай, і ўрэшце засталася задаволеная ветлівымі і ўважлівымі медыкамі.

Паколькі час зараз эпідэміялагічна неспакойны, пенсіянерка вырашыла абмежаваць кантакты і застацца на ізаляцыі. А праз некалькі дзён звярнулася ў рэгістратуру паліклінікі, каб выклікаць урача на дом. Пачуўшы скаргі пацыенткі на тэмпературу 36,8, рэгістратар ускіпела і прапанавала жанчыне самастойна прыехаць у паліклініку. Інтанацыі, тон размовы (недапушчальныя, на думку жанчыны) абразілі пенсіянерку, аднак свайго яна дабілася. Крыху памаўчаўшы, рэгістратар дадала:

— Думаю, каго вам накіраваць…

Урач урэшце рэшт прыехаў на дом да настойлівай пацыенткі, здароўе ў яе паправілася, а крыўда… засталася.

— Што яны там робяць, тыя рэгістратары?! Хто яна такая, каб адмаўляць мне, 61-гадовай пенсіянерцы? Хіба я не заслужыла, каб да мяне прыехаў урач? — кідала ў адрас сваёй крыўдзіцелькі жанчына.

Напэўна ж, заслужыла, як і дзясяткі іншых жыхароў раёна, якім у гэтыя дні таксама патрэбна была медыцынская дапамога. Самая розная — тэрапеўтычная, хірургічная, анкалагічная, а можа і псіхалагічная. У час пандэміі каранавірусу, калі асноўныя сілы медыцынскіх работнікаў накіраваны на барацьбу з інфекцыяй, на вакцынацыю ад COVID-19 і грыпу, не хацелася б быць на месцы тых функцыяналаў, якім даводзіцца расстаўляць прыярытэты.

Так, рэгістратар не праявіла спачування жанчыне і ледзь не адмовіла ў візіце ўрача, бо палічыла названыя сімптомы няважнымі. Хто ведае, колькі пацыентаў чакалі ў той дзень тэрапеўта?! Можа, ім было куды горш?!

Захлынаючыся ў сваіх крыўдах, ківаючы на несправядлівасць, мы бачым толькі адзін бок — свой. А як адчувае сябе наш апанент? Ён хоць і выконвае службовыя абавязкі, таксама жывы чалавек. Ён няветлівы?

— Ну хто ёй у рэгістратуры мог сапсаваць настрой? На гадзінніку яшчэ і 11 не было, — парыравала жанчына на другім канцы проваду мае захады медыятара.

Ды хто і што заўгодна! Захварэла дзіця, пасварылася з мужам, не паспела адпачыць — спатрэбілася выйсці на дадатковую змену, бо трапіла на бальнічны калега… Колькі розных абставінаў і акалічнасцяў штодня падкідвае жыццё. Не, яны не служаць апраўданнем, яны проста паказваюць, што ўсе мы жывыя людзі, а не запраграмаваныя машыны — націснуў кнопку, і табе ўсміхаюцца.

Спраўляцца з эмоцыямі — гасіць гнеў, утаймоўваць страх, расцягваць задавальненне, дзяліцца радасцю, спачуваць, дараваць — мы вучымся ўсё жыццё. Здараецца, да некага гэта найвышэйшая мудрасць так і не прыходзіць.

Людміла РЫБІК.



Теги: