А раптам прачнецца сумленне?!

Точка зрения

 

Аддаў рукамі — хадзі нагамі. Хочаш пазбавіцца сябра — пазыч яму грошай… У бясспрэчнасці гэтых народных высноў даводзілася пераконвацца многім. Выпадкі, калі трэба спаганяць доўг, — даволі частая з’ява. На прыкрае пачуццё, што трэба напамінаць пра пазыку, скардзілася адна знаёмая — ёй было няёмка. А вось чалавек, які не аддаў у дамоўлены тэрмін грошы, адчуваў сябе выдатна.

Што рабіць у такіх выпадках: дараваць, патрабаваць або звяртацца ў суд? Згадзіцеся, усё залежыць ад памеру пазыкі.

Розныя спосабы вярнуць пазычаныя грошы выпрабаваў жыхар вёскі Лэйлубка. Дзевяць (!) год назад ён пазычыў добраму знаёмаму буйную суму грошай — больш за дзесяць тысяч долараў у эквіваленце. Вярнуць доўг яму абяцалі праз некалькі дзён, калі «выгарыць» справа. Праўда, як аказалася, расцягнулася яна ні на месяц, ні на год.

Да варожасці, падману або помсты людзей прыводзяць і куды меншыя сумы, а тут усё ж такі «капітальчык». Забыўшыся на колішняе сяброўства і ўсялякае сумленне, Дзяніс (імёны зменены) вырашыў: не было распіскі — няма і доўгу. Праўда, праз нейкі час ён усё ж напісаў тую рапіску (без натарыуса, дзеля віду), але грошы вяртаць Сяргею не збіраўся. Абяцаў, абяцаў, абяцаў. І цягнуў час. Маўляў, з’явяцца грошы — аддам. Тым часам абзавёўся кватэрай, дачай, машынай, якія запісаў на родзічаў, і працягваў хлусіць.

Як пасля, у судзе, высветлілася, Сяргей не адзіны пацярпелы. Па звестках у пастку ашуканца трапіла яшчэ некалькі чалавек. А з Дзяніса ўзяць няма чаго. Нават калі ў яго сябра Сяргея памерла маці і спатрэбіліся грошы на пахаванне, сумленне Дзяніса не варухнулася, і нават частку доўгу ён не вярнуў. За дзевяць гадоў з яго атрымалася спагнаць невялікую суму, аднак чаго гэта каштавала?!

Невыпадкова натарыусы папярэджваюць: у такіх выпадках неабходна заключаць дагавор пазыкі ў пісьмовай форме. Распіска адлюстроўвае толькі факт перадачы грошай і не з’яўляецца дагаворам. У апошнім жа пазначаюцца абавязацельствы бакоў і ўсе ўмовы: прозвішчы і імёны бакоў, пашпартныя дадзеныя, сума пазыкі і дакладны тэрмін вяртання грошай. Усе факты і ўмовы, адлюстраваныя ў дагаворы, засведчаным натарыусам, маюць высокую доказную сілу — дадаткова даказваць іх у судзе не патрэбна.

Праўда, зварот у суд многія лічаць крайнасцю, асабліва, калі справа тычыцца родзічаў. Пазыкі і нічым не падмацаваныя абяцанні вярнуць доўг цягнуцца гадамі. А раптам прачнецца сумленне?!

Людміла РЫБІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *