Памяць сэрца

Точка зрения

Штогод увесну і позняй восенню, калі зямля рыхтуецца да зімы, калектыў рэдакцыі адпраўляецца ў Клявіцу, да мясцовага помніка землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Наша справа — прыбраць апалае лісце, якога ў высаджаным калісьці парку заўсёды шмат. Дапамогу ў рамонце помніка і агароджы звычайна аказваюць  пагранічнікі. Так, сумеснымі намаганнямі, у нашай краіне прынята сачыць за помнікамі і абеліскамі. Дзе ёсць школы, добраўпарадкаваннем займаюцца вучні або моладзь. Да іх далучаюцца арганізацыі і прадпрыемствы.

Нам, беларусам, якія страцілі на вайне кожнага трэцяга, важна ведаць і шанаваць герояў, важна зберагчы памяць. А яна — у сямейных фотаальбомах і ўспамінах ветэранаў, у архіўных звестках, якія, дзякуючы расследаванню фактаў генацыду, становяцца ўсё больш вядомымі, у помніках… На кожным з іх ёсць шыльда з імёнамі тых, хто здабываў Перамогу. У Клявіцы на ёй дзевяць чалавек — у асноўным прозвішчы жыхароў суседніх вёсак. Так сведчыць кніга «Памяць», у якой кароткімі радкамі занатаваны скупыя звесткі пра воінаў-землякоў.

З 1941 па 1945 год вайна, развязаная фашыстамі, грукала ў дзверы беларусаў:  забірала жыцці дарослых і дзяцей, застаўляла галадаць і пакутаваць, хварэць і паміраць. Але дзень за днём, пакрысе расла мужнасць народа і вера ў Перамогу, якой дачакаліся не ўсе..

За дзесяць год працы ў рэдакцыі раённай газеты даводзілася сустракацца з шэрагам ветэранаў — у 2012 годзе іх у нашым раёне было 41. На газетных старонках адлюстраваліся лёсы Антона Аляксандравіча Кадолкі, Міхаіла Іосіфавіча Крайнова, Таццяны Сцяпанаўны Мягковай, Івана Кузьміча Басько, Эдуарда Антонавіча Сарокі, Міхаіла Цімафеевіча Дармастука, Фені Васільеўны Парфяновіч, Івана Цімафеевіча Наумава… Штогод карэспандэнты раёнкі рыхтуюць артыкулы пра ветэранаў і штогод рабіць гэта ўсё больш складана, бо іх шэрагі радзеюць.

На Ашмяншчыне засталіся толькі два ўдзельнікі тых крывавых падзей — Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі і Казімір Іванавіч Заблоцкі. На пачатку стагоддзя, у 2001 годзе, у раёне пражывала 140 ветэранаў! Нягледзячы на бязлітасны час памяць пра герояў вайны жыве — школьнікі займаюцца вывучэннем гісторыі, з цікавасцю знаёмяцца з лёсамі сваіх прадзедаў, удзельнічаюць у патрыятычных акцыях, конкурсах, мітынгах.

Кожнаму відавочна вялікая справа па захаванні ў краіне помнікаў і абеліскаў, па ўзнаўленні мемарыяльных комплексаў і музеяў вайны. Дастаткова ўспомніць адкрыты ў 2014 годзе новы будынак музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, адрэстаўраваны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», распачатыя работы па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Свой унёсак у агульную справу робіць і наш раён. На працягу апошніх гадоў за сродкі мясцовага бюджэту пры падтрымцы арганізацый і прадпрыемстваў былі рэканструяваны помнікі ў Гальшанах, Мураванай Ашмянцы, Кракоўцы, на месцы гібелі лётчыкаў Аўдзеева і Страленкі. Завершана рэканструкцыя помніка на брацкай магіле ў гарадскім парку. Сёлета на Ашмяншчыне быў абноўлены помнік воінскай славы ў вёсцы Семернікі. На чарзе — сімвал ушанавання загінулых воінаў у Гродзях. Усё дзеля таго, каб нашчадкі помнілі крывавыя ўрокі і цанілі мір.

Людміла РЫБІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *