У КСУП “Крэйванцы” ідзе сяўба кукурузы

Общество

Хто кукурузу сее, той і багацее

Так сцвярджае народная мудрасць. І з ёй немагчыма не пагадзіцца, бо зерне кукурузы выкарыстоўваецца для прамысловай перапрацоўкі на муку, крупы, крухмал, кансервы, патаку, цукар, алей, спірт і іншыя прадукты. Кукуруза з’яўляецца высокаэнергетычным кормам.

Варта адзначыць, што “царыца палёў” – культура даволі патрабавальная, сяўбу яе можна пачынаць пасля таго, як глеба прагрэецца да +10. Пры гэтым пажадана выключыць рэзкае пахаладанне ў першы час і вялікую колькасць вільгаці, якія могуць знішчыць будучы ўраджай. Таму работнікі палёў КСУП “Крэйванцы” спадзяюцца, што надвор’е бліжэйшых дзён не сапсуе карціны.

– Сёлета пасяўная кампанія ў нашай гаспадарцы ідзе неблагімі тэмпамі, – расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці Сяргей Чарняўскі. – Нам засталося пасеяць толькі кукурузу і грэчку. У аўторак зрабілі першыя спробы сяўбы – правяралі глебу на гатоўнасць на полі каля Біцюн. Пакуль што тут працуюць галоўны аграном Вацлаў Яжэвіч, а пад яго кіраўніцтвам культывацыяй займаецца Андрэй Кіркоўскі, перадпасяўным выраўніваннем — Віктар Муха і непасрэдна сяўбой — Андрэй Масевіч. Калі надвор’е будзе нам спрыяць, то ў бліжэйшы час далучацца яшчэ два трактары.

У гэтым годзе ў КСУП “Крэйванцы” пад кукурузу адведзена 900 гектараў палёў, крыху больш, чым летась, аднак Сяргей Чарняўскі ўпэўнены, што пры добрым раскладзе гаспадарка завершыць сяўбу кукурузы за 14-15 дзён.

Антон Мальшэўскі.

Фота Святланы Муцянскай.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *