“Горад, што ў сэрцы маім”: юбілейнае свята ў бібліятэцы

Культура

У цёплай і душэўнай атмасферы ў раённай бібліятэцы адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 685-годдзю Ашмян. Сустрэча пад назвай “Горад, што ў сэрцы маім”, сабрала разам прыхільнікаў роднага слова, гісторыі, таленавітых мясцовых паэтаў.

Вечар пачаўся з прывітальных слоў вядучых, якія нагадалі прысутным, што кожны чалавек мае свой самы дарагі куток на зямлі –  малую радзіму. Для ашмянцаў такім куточкам з’яўляецца горад з яго багатай гісторыяй.

Падчас мерапрыемства госці акунуліся ў мінулае роднага краю. Вядучыя расказалі пра розныя версіі паходжання назвы горада, успомнілі важныя гістарычныя вехі. Асаблівай разнастайнасцю і цікавасцю адзначылася краязнаўчая віктарына. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем праверылі свае веды пра знакамітыя мясціны Ашмяншчыны. Яны ўспомнілі, што праз горад працякае рака Ашмянка, даведаліся цікавыя факты пра культавыя пабудовы. Не засталіся па-за ўвагай і сучасныя дасягненні гараджан, развіццё раённага цэнтра на дадзеным этапе.

Сапраўдным упрыгожаннем свята стала паэтычная частка. На сцэну запрасілі мясцовых паэтаў, сярод іх — Тарэса Адашкевіч, Святлана Муха, Яўген Куст. Іх творы, прасякнутыя любоўю да родных мясцін, дапамаглі прысутным яшчэ раз адчуць непаўторную прыгажосць нашага краю. Вершы гучалі як сапраўдны падарунак да слаўнага юбілею горада.

Кульмінацыяй вечара стала інтэрактыўная гульня-экспрэс “Паэтычны камплімент гораду”, падчас якой кожны жадаючы мог падабраць самыя цёплыя і шчырыя словы для характарыстыкі Ашмян. Горад называлі старажытным, утульным, маладым, прыгожым і працавітым.

Напрыканцы сустрэчы вядучыя падкрэслілі, што галоўнае багацце Ашмян – гэта людзі: самаадданыя, працавітыя і таленавітыя. Літаратурная імпрэза дала штуршок да новых творчых здабыткаў мясцовых паэтаў і паслужыла нагодай для ўсіх удзельнікаў яшчэ мацней          палюбіць родны горад, яго гісторыю і людзей.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *