Адна дарога на дваіх. Станіслаў і Аляксандр Сураўцы

Общество

На досвітку, калі зямля яшчэ дыхае туманам, бацька і сын, Станіслаў і Аляксандр Сураўцы, накіроўваюцца на работу. Жывуць яны ў Жупранах, а мехдвор, дзе стаяць іх жалезныя коні, знаходзіцца за некалькі кіламетраў — у аграгарадку Кракоўка. Гэта акалічнасць не палохае мужчын. Сваю справу і гаспадарку яны любяць аддана.

Станіслаў Суравец пачаў працоўны шлях у 1999 годзе ў калгасе імя Багушэвіча. Пазней гаспадарка ўвайшла ў СВК (затым — КСУП) “Кракоўка” — перайшоў туды і Станіслаў. Старэйшы Суравец працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо дваццаць сем гадоў. За гэты час толькі аднойчы паспрабаваў сябе мужчына ў іншай працы — быў майстрам пуцей на чыгунцы. Толькі не давалі спакою, цягнулі да сябе неабсяжная далеч палёў, вільгаць вясновай раллі ды роўнае гудзенне трактара. Хацелася сесці за руль, адчуць, як падатліва пад плугам рухаецца зямля, дыхаць пахам роснай травы і спелай збажыны. А тут  яшчэ  маладой сям’і гаспадарка прапанавала ўласны дом у Жупранах, і справа канчаткова вырашылася — Станіслаў сеў за руль невялікага трактара Т-25, а пасля — камбайна СК-5 “Ніва” МТЗ-80.

Тэхніку ён любіў з дзяцінства, часта з зайздрасцю сачыў, як пад’язджаў на трактары да дома дваюрадны брат, які стаў для маленькага Стася прыкладам. Часта хлопчык прасіў узяць яго з сабой пакатацца, нават дапамагчы ў дробным  рамонце. Пазней дапамагаў у больш сур’ёзных справах, а з часам і сам паспрабаваў сесці за руль. Так з дапамогай брата Станіслаў даведаўся, як уладкованы трактар, пра яго механізмы і магчымасці, мог сам адрамантаваць патрэбны вузел. Гэтыя навыкі вельмі дапамаглі маладому хлопцу, калі ён вучыўся ў вучэбна-вытворчым комплексе на базе Ашмянскага ПТВ-192. З практыкай у яго не было праблем.

Станіслаў Эдвардавіч успамінае, што старэйшы сын Аляксандр, які сёння працуе поплеч з ім, таксама з дзяцінства праяўляў інтарэс да тэхнікі, чакаў, калі бацька пад’едзе да дома, здалёку сачыў за машынай. І вельмі крыўдаваў, калі той праязджаў міма і не браў хлопчыка з сабой.  Падчас вучобы ў школе Аляксандр не раз дапамагаў бацьку на жніве, працуючы памочнікам камбайнёра. Пасля заканчэння Жупранскай школы Аляксандр нават не задумваўся, куды паступаць. Пайшоў па сцежцы, якую ў свой час прайшоў бацька, атрымаўшы спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Як і бацька, Аляксандр паспрабаваў сябе ў іншай справе, адпрацаваўшы два гады ў ДЭУ-57. Аднак работа ў дарожнай арганізацыі яшчэ больш пераканала, што душа ляжыць да працы на зямлі. З 2019 года ён адказна працуе ў той жа гаспадарцы, што і старэйшы Суравец. Кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала Аляксандру дом, дзе ён сёння і жыве.

Бацька і сын ідуць адной дарогай, працуючы поплеч, дапамагаючы адзін аднаму, у адным рытме, пад адным небам — каб быў на стале хлеб і каб не перарывалася сувязь пакаленняў.

Мужчыны — разважлівыя і спакойныя на выгляд, моцныя і цягавітыя ў справе.

У гарачы час жніва камбайнёра можна знайсці толькі на полі, дзе дарэчы мы і пазнаёміліся з Аляксандрам у час віншавання камбайнёраў-тысячнікаў. Магутны камбайн лёгка і роўна рухаўся сярод хвалістага мора  збажыны, робячы невялікія прыпынкі, каб выгрузіць з поўнага бункера зерне. На кароткі час спыніў сваю магутную машыну Аляксандр, каб атрымаць віншаванні, і зноў сеў за штурвал — наперад да новых дасягненняў.

Праз некалькі дзён віншаванні прымаў і бацька. У кабіне камбайна разам з ім цяпер  малодшы сын — Аляксей, які жыве ў Мінску і працуе  ў Нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Летам ён абавязкова дапамагае бацьку — гэта традыцыя.

— Мы з бацькам не спаборнічаем, мы дапамагаем адзін аднаму, — расказвае Аляксандр. —  Калі раптам здараецца якая паломка, рамантуем удваіх.  Канешне, стараемся працаваць максімальна хутка і якасна. Я люблю час жніва — тады ўключаецца азарт.  Хочацца дасягнуць большых вынікаў.

Станіслаў і Аляксандр Сураўцы  — універсальныя спецыялісты. Акрамя камбайна, Станіслаў працуе на “Амкадоры” на пагрузцы зерня і камбікорма для корма жывёлы. На трактары МТЗ з пагрузчыкам заняты на ўнясенні ўгнаенняў і іншых работах. Аляксандр удзельнічае ў нарыхтоўцы кармоў на кормаўборачным камбайне. Хутка прыступіць да ўборкі кукурузы. Сураўцы ўмеюць усё. За сваёй тэхнікай сочаць адказна. Таму кіраўніцтва гаспадаркі даручае ім новую. Першы сезон працуе Аляксандр на камбайне GS12A1PRO вытворчасці “Гомсельмаша” і поўнасцю задаволены яго магчымасцямі, тры гады кормаўборачнаму камбайну КВК-800.

У Аляксандра падрастае сын Аляксей, які таксама цікавіцца тэхнікай. Яму шэсць год, але хлопчык ужо шмат ведае пра камбайн. Бацька цярпліва расказвае малому пра рулявую калонку і пульт кіравання, дзе знаходзіцца стаяначны тормаз і педалі. Ведае малы і розніцу паміж жытам і пшаніцай, аўсом і рапсам. Падрастае новае пакаленне. Ёсць спадзяванні, што дынастыя  Станіслава і Аляксандра Сураўцоў не перарвецца, а іх справа — вялікая справа хлебаробаў — будзе мець працяг.

Свеціць у вокны камбайнаў сонца, паветра пахне то свежасцю ворыва, то скошанай травы, то напоўнена пахам свежага зерня — жыццё працягваецца. Моцныя рукі ўпэўнена вядуць магутныя машыны. Бацька і сын разумеюць адзін аднаго без слоў, таму што жыве ў іх сэрцах  адно і тое ж — любоў да зямлі і адказнасць за тых, хто прыйдзе пасля. Яны ідуць па жыцці разам адной дарогай: бацька — настаўнік, сын — працяг.

І ў цішыні адыходзячага дня ветрам па краі поля нясецца абяцанне: мы вернемся сюды заўтра: каб рос хлеб і працягвалася жыццё.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *