У эксперыментальнай базе “Баруны” сеюць цукровыя буракі

Общество

 

Дажджлівае надвор’е крыху перашкаджае работнікам сельскай гаспадаркі. Аднак аграрыі не пакідаюць надзеі, што ў бліжэйшы час яно выправіцца і можна будзе смела пераходзіць да сяўбы кукурузы і пасадкі бульбы. Тым часам работнікі эксперыментальнай базы “Баруны” ўжо закончылі сяўбу зерневых. Але гэта не значыць, што сеялкі зараз прастойваюць ў полі ці на мехдвары — поўным ходам ідзе сяўба цукровых буракоў.

— Сёлета мы будзем сеяць гібрыд “Кракадзіл”, — расказала нам аграном гаспадаркі Людміла Шукеловіч. — Гэта адзін з лепшых гатункаў: ён даволі ўстойлівы перад караняедамі, мае добры патэнцыял ураджайнасці і ўтрымлівае каля 18-20 адсоткаў цукру. Таксама ў параўнанні з іншымі гатункамі ён лепш захоўваецца.

Пад цукровыя буракі сёлета ў гаспадарцы адведзена значна большая плошча – 260 гектараў супраць 150 леташніх. У глебу ўжо ўнесены гліфасаты, арганіка і мінеральныя ўгнаенні. Трактары закрылі вільгаць, правялі дзве культывацыі, паляводы сабралі каменне.

На полі каля вёскі Чаркасы ўжо некалькі дзён разам з Людмілай Шукеловіч працуюць паляводы Аляксандр Жданюк, Людміла Карпеня і Алеся Дубіцкая і механізатары Іван Капыш і Віктар Лукашэвіч.

— Дзякуючы няспыннаму клопату дырэктара эксперыментальнай базы Эдварда Люткоўскага гаспадарка да пасяўной забяспечана і палівам, і ўгнаеннямі, і насеннем, — расказвае далей Людміла Шукеловіч. — Таксама на поле арганізаваны падвоз абедаў. Дзякуючы гэтаму мы не маем перабояў у працы. Так, напрыклад, пры норме 12 гектараў у дзень пры добрым надвор’і паспяваем засеяць 16-18 гектараў.

Антон Мальшэўскі.
Фота Святланы Муцянскай.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *