Музейная справа Настассі Навіцкай

Общество

Дырэктара Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Настассю Навіцкую застаць у кабінеце (у звыклай ролі кіраўніка) можна значна радзей, чым у вобразе князёўны, сялянкі альбо ключніцы на рознага кшталту мерапрыемствах, што ладзяцца як у самім музеі, так і ля сцен Гальшанскага замка.

У музейнай сям’і — папаўненне

Амаль тры гады назад Гальшанскі замак набыў статус філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея, а разам з тым стаў яшчэ адным любімым “дзіцем”, якое, як аказалася, патрабуе куды больш увагі, чым музейная ўстанова ў горадзе.

— Руіны былой рэзідэнцыі Сапегаў ажылі дзякуючы падтрымцы і дапамозе дзяржавы ў захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Адразу ж пасля адкрыцця экспазіцыі адноўленай паўночнай вежы замак набыў неймаверную папулярнасць і быў уключаны ў шматлікія маршруты айчынных турыстычных фірм, — адзначае Настасся Васільеўна. — Са з’яўленнем філіяла мы зразумелі, што турызм — гэта не толькі экскурсійная справа, а яшчэ і бізнес. Мы павінны прадаць турыстам якасны і цікавы прадукт. А гэта не толькі належным чынам арганізаванае экскурсійнае суправаджэнне, але і вартая набыцця сувенірная прадукцыя, і дагледжаная тэрыторыя. Сённяшні турыст пераборлівы і вельмі патрабавальны. Мы павінны знайсці адказы на ўсе яго пытанні і задаволіць усе запыты.

Колькасць турыстаў, якая наведваецца на Гальшанскі замак, сведчыць аб тым, што свой “турыстычны тавар” ашмянскія музейшчыкі ўмеюць прадаць. Калі ў 2021 годзе ў Гальшаны завітала 10,7 тысячы турыстаў, то ў 2022-м ужо 19,5 тысячы, а ў 2023-м больш за 21 тысячу. У мінулым годзе самым насычаным на экскурсіі быў жнівень — каля 4000 экскурсантаў зацікавіліся гальшанскай “каменнай кветкай”.

Нягледзячы на тое што філіял музея вымагае шмат сродкаў на сваё ўтрыманне, заробленых грошай хапае і на гаспадарчыя патрэбы (на абкошванне і паліўку газонаў, а зімой на расчыстку тэрыторыі ад снегу, на функцыянаванне візіт-цэнтра), і на рамонт будынка ў горадзе, і на прэміі супрацоўнікам.

Калі вы завітаеце ў Гальшаны, акрамя класічных экскурсій на рускай і беларускай мовах, вам прапануюць захапляльныя квэсты, інтэрактыўныя экскурсіі з элементамі містыкі. Работнікі раённага цэнтра культуры распрацавалі тэатралізаваную гульнявую праграму “Соф’я запрашае”. Не мае патрэбы ў рэкламе фестываль “Гальшанскі замак” і “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”, якія сталі неад’емнай часткай культурнага жыцця Ашмянскага раёна.

Своеасаблівы погляд на жыццё і свет

У фондах Ашмянскага краязнаўчага музея захоўваецца больш за 25000 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, аднак усе яны так і застануцца прадметамі, калі ў іх не ўдыхнуць жыццё.

— Музей — гэта гісторыя, краязнаўства і музейны прадмет, а музейшчык — стан душы, своеасаблівы погляд на жыццё і свет. Гэта чалавек, які любіць гісторыю. Але ўлюбёны ў гэту навуку чалавек можа стаць настаўнікам, можа займацца даследаваннем, пісаць артыкулы, а можа гісторыю вывучаць і даносіць да людзей праз музейны прадмет. Гэта складаней, — лічыць Настасся Навіцкая, — бо трэба прымусіць прадмет загаварыць — прыдумаць такую форму падачы, каб чалавек ім зацікавіўся. У гэтым і ёсць праблема музейнай медыяцыі: прадметаў шмат, але калі з імі не працуюць спецыялісты, яны застаюцца мёртвымі. А наша задача — прымусіць іх загаварыць.

Самыя “гаваркія” прадметы ў ашмянскім музеі — гэта рэчы, звязаныя з дзейнасцю Францішка Багушэвіча: медальён з выявай паэта 1901 года, прадметы мэблі, — а разам з тым дакументы і фотаздымкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, калекцыя карцін і графікі з галерэі “Нікор” калекцыянера Мікалая Карнілава, этнаграфічныя прадметы…

Нягледзячы на тое, што асноўнай формай работы музея з’яўляецца экскурсія, супрацоўнікі пастаянна асвойваюць новыя віды дзейнасці і дадаюць розныя цікавосткі да традыцыйных форм.

Актыўна рэалізуе музей выставачную дзейнасць. Выставы да дзяржаўных свят, важных падзей у гісторыі раёна і юбілейных датаў, творчыя здабыткі цікавых людзей — усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў выставачнай зале музея. Знакавай падзеяй стала адкрыццё ў музеі выставы “Без срока давности”, прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Даспадобы маленькім наведвальнікам прыйшлася выстава «Музей занимательных наук ЭКСПИРИМЕНТУС». Да 140-годдзя ашмянскай царквы быў рэалізаваны сумесны выставачны праект «Пад святою абаронай Спаса…». Запомнілася наведвальнікам выстава “50 імгненняў: фоталетапіс жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску.

Ашмянскія музейшчыкі пасябравалі з калегамі з Паставаў. Мажліва, у хуткім часе гэта сяброўства перарасце ў змястоўны праект, заснаваны на матэрыяле аб партызанскім руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта дзейнасці партызанскага атрада імя Гастэлы.

У рамках супрацоўніцтва з музеямі Беларусі калекцыя жывапісу з галерэі “Нікор” выстаўлялася двойчы ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, а таксама ў гісторыка-краязнаўчым музеі ў Астраўцы.

Шмат цікавостак рыхтуе Настасся Васільеўна са сваімі калегамі падчас мерапрыемства «Ноч музеяў». У мінулым годзе паспяхова прайшла прэм’ера музейнага занятку «Легенда пра Ляўко» з дэманстрацыяй тэатра ценяў, якая вельмі палюбілася малышам. Сёння тэатр ценяў карыстаецца вялікай папулярнасцю і даступны ўсім пры ўмове папярэдняга запісу.

Музейшчык — стан душы

Настасся Навіцкая абрала справай свайго жыцця музейную работу свядома. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя Пушкіна яна паступіла ў БДУ, каб займацца музейнай справай і пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Затым скончыла магістратуру і аспірантуру пры ўніверсітэце, дзе даследавала тэму “Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”. З 2013 года яна ўзначальвае наш краязнаўчы музей.

У гэтым жа годзе адкрылася экспазіцыя краязнаўчага музея. Чырвоную стужку падчас урачыстага мерапрыемства пераразаў тады міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. У 2014 годзе на рэспубліканскім форуме “Музеі Беларусі” Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча стаў пераможцам у конкурсе на лепшы мастацкі праект экспазіцыі. Штодзённая праца калектыву краязнаўчага музея на чале з Настассяй Навіцкай і філіяла «Гальшанскі замак», які ўзначальвае Таццяна Рапецкая, не застаецца незаўважанай і зараз. За важкі ўнёсак у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры ашмянскія музейшчыкі адзначаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта. У 2022 годзе філіял стаў дыпламантам ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Музей года». Па выніках работы за 2022 год калектыў музея занесены на раённую Дошку гонару.

Плённы і насычаны мінулы год прынёс яшчэ адну заслужаную ўзнагароду: дырэктар музея стала лаўрэатам абласной прэміі імя Іосіфа Дубко ў галіне культуры і мастацтва.
Усе гэтыя дасягненні кіраўнік музейнай установы не лічыць сваёй заслугай.

— Згуртаваны творчы калектыў аднадумцаў — вось аснова нашага поспеху. Вопыт маіх калег, якія любяць сваю справу і гатовы да новых адкрыццяў, вядзе нас наперад. Я ўдзячна за працу Ірыне Бусловіч, Святлане Чарняк, Таццяне Кіркоўскай, Алене Будзько, Марыне Горыд, Таццяне Рапецкай і ўсім работнікам музея і філіяла, без падтрымкі якіх нічога не атрымалася б. Нашу вялікую і значную справу мы робім сумесна з творчым калектывам работнікаў культуры Ашмяншчыны пры падтрымцы раённай улады, — падкрэсліла Настасся Навіцкая.

Апантаны і дапытлівы калектыў краязнаўчага музея заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, а гэта значыць, што і нас чакаюць новыя адкрыцці, незабыўныя сустрэчы і яркія ўражанні.

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *