У чым сакрэт поспеху сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны, расказвае яе дырэктар Уладзімір Войнюш

Образование

Кожны год, пачынаючы з 2015-га, сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны становіцца пераможцам раённага конкурсу “Школа ўзорнай якасці і парадку”, а па выніках 2023 года стала лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці, размешчанай ў гарадской мясцовасці. Сярод крытэрыяў, па якіх ацэньваліся ўстановы, — кадравае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, вынікі адукацыйнай дзейнасці. 81 % Сярод педагогаў СШ № 3 — адзін настаўнік-метадыст, 81 % мае вышэйшую і першую катэгорыі. У 2023 годзе з пяці ўдзельнікаў трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды чацвёра сталі пераможцамі, адзін стаў пераможцам заключнага этапу. 99 % навучэнцаў займаюцца па праграмах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У школе дзейнічае 21 валанцёрскі атрад. Сярод творчых перамог установы ў 2023 годзе — першыя месцы ў рэспубліканскіх конкурсах «Краязнаўцы Беларусі», «Стандартызацыя і я», другія месцы ў рэспубліканскім конкурсе «Дзіцячы аўтацягнік — 2023», рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры. 21 вучань прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. З 2023 года школа носіць званне “Школы міру”. Ва ўстанове дзейнічаюць тры ўзорныя калектывы: хор “Тоніка”, ансамбль цымбалістаў “Перазвон” і студыя выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль”.

Пра шлях да поспеху мы пагутарылі з дырэктарам установы Уладзімірам Войнюшам.

— Уладзімір Віктаравіч, як Вы сталі настаўнікам і ці думалі калі-небудзь, што будзеце дырэктарам школы?

— Яшчэ з сярэдняй школы мяне цікавілі матэматыка і інфарматыка. Я скончыў Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка і пасля размеркавання з 2007 года працаваў настаўнікам у Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школе. Праца мне падабалася, і ў ролі дырэктара я сябе не ўяўляў. Але, калі прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці дырэктара Гродзіеўскай базавай школы ў 2013 годзе, я згадзіўся. .А праз паўгода, з 19 лютага 2014 года ўзначаліў сярэднюю школу № 3.

— Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць кіраўнік?

— Калі гаварыць пра прафесійныя якасці, то кіраўнік у першую чаргу павінен быць эфектыўным – гэта значыць, павінен умець зазірнуць наперад, умець ставіць задачы, якія важныя не толькі сёння, але будуць яшчэ больш актуальнымі заўтра, і галоўнае, бачыць шляхі іх рашэння. Яшчэ адна важная рыса – кампетэнтнасць. А калі гаварыць пра якасці асобы, то, на мой погляд, галоўныя – камунікабельнасць, павага да чалавека, уважлівае стаўленне да падначаленых.

— У чым сакрэт поспеху вашай установы?

— Любы поспех, на маю думку, пачынаецца з прадуманай стратэгіі і згуртаванай каманды аднадумцаў. Для рэалізацыі задуманага вельмі важнае значэнне мае станоўчая матывацыя калектыву. І вельмі важны складнік – аналітыка, уменне убачыць напрамкі, якія западаюць, і рэзервы.Мне ўдалося сабраць каманду сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Я маю на ўвазе і адміністрацыю, і калектыў. Усе знаходзяцца на сваіх месцах, і ўсе дасягненні школы складаюцца з непасрэдных заслуг кожнага. Задача кіраўніка — матываваць людзей на высокія дасягненні, знайсці тых, хто больш за ўсё падыходзіць для рэалізацыі той ці іншай мэты, стварыць умовы для яе якаснага выканання, пабудаваць адэкватную лінію кантролю — і ўсё. Далей праца кожнага прынясе неабходны вынік.

Што ў рабоце дырэктара вы лічыце самым складаным?

— Да кожнага чалавека трэба знайсці свой падыход, пераадолець дыстанцыю, якая ляжыць паміж людзьмі, выхаванымі рознымі эпохамі і якія прызвычаіліся да іншых метадаў працы. Часам, бывае складана.

— Што ці хто дапамагае Вам у працы?

— Гэта ў першую чаргу — сям’я, якая заўсёды падтрымае і зразумее. Гэта мой непасрэдны начальнік Святлана Мікалаеўна Баркоўская. Гэта мае калегі – дырэктары школ. Гэта неацэнныя парады, якія даваў у пачатку майго дырэктарскага шляху Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі. Гэта калектыў, матываваныя вучні і іх бацькі. Гэта задавальненне ад выніку, калі бачыш, што атрымліваецца.— Што Вы лічыце сваім самым вялікім поспехам на пасадзе дырэктара школы?— Складана было пабудаваць сістэму, якая б дазволіла вучням школы стаць лідарамі ў прадметных алімпіядах. Я маю на ўвазе абласны і апошні, рэспубліканскі, этапы. Перамогі вучняў нашай школы ў апошнія два гады радуюць. У мінулым навучальным годзе з’віўся першы стобальны рэзультат на цэнтралізаваным тэсціраванні. Спадзяюся, што сістэма запрацавала. І гэта поспех. Ну, і зразумела, радуе тое, што па выніках 2023 года ўстанова стала лепшай сярод гарадскіх школ вобласці – гэта рэзультат, да якога мы ішлі не адзін год.

Ну, і падзяліцеся сваімі планамі, у якім кірунку школа будзе рухацца далей?

— Мы плануем далучыцца да Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Праца ў гэтым напрамку прадугледжвае сумесныя мерапрыемствы, нацэленыя на культурнае, патрыятычнае і маральна-духоўнае выхаванне вучняў, павышэнне ўзроўню функцыянальнай пісьменнасці, даследчай дзейнасці навучэнцаў і педагагічнага майстэрства. З наступнага навучальнага года плануем увесці вывучэнне кітайскай мовы.

Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і вашаму калектыву.

Гутарыла Ірына БРАЗОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *