Прагуляюся па Заходняй, збочу на Крынічную

Точка зрения

 

Назіральны чалавек звяртае ўвагу на тое, што для многіх застаецца недасяжным. Ён прыкмячае дробязі ва ўсім: прыродзе, людзях, падзеях. Уважлівасць дапамагае ў працоўнай дзейнасці, у зносінах з людзьмі дый у цэлым адкрывае шлях да пазнання свету. Але разам з тым назіральны чалавек бачыць і тое, што можна было б і абмінуць, змаўчаць. А гэта часам адбіваецца негатыўна на нервовай сістэме і разбурае гармонію ў душы.

Сцвярджаць, што я вельмі назіральная, не буду (шмат чаго праходзіць міма маіх вачэй, а тым больш вушэй), але больш за дваццаць гадоў працы ў журналістыцы не прайшлі марна. На ўважлівасць і зрокавую памяць скардзіцца не прыходзіцца.

Напярэдадні Дня роднай мовы захацелася “прайсціся” ў памяці па ўстановах і будынках нашага горада і ўзгадаць, ці шмат у Ашмянах шыльдаў з назвамі на роднай мове. Калі не задумвацца, то на першы план выходзіць наша звыклае: “Няма ў нас назваў на беларускай мове. Усё на рускай. А ва ўсім вінаваты ўлады. А мы беларускай не ведаем і ведаць не хочам…”. Стоп! А цяпер давайце адкінем убок нашы эмоцыі, якія, пагадзіцеся, вельмі часта ўплываюць на вырашэнне справы не ў нашу карысць, і пачнем разбірацца.

Адметнасцю фірменнага гандлю Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў з’яўляюцца магазіны з зялёным лагатыпам Родны кут. Праўда, крыху насцярожвае мяне назва “ProЗапас”, якая ўжываецца нароўні з “кутом” і якую нават з рускай мовай мне складана суаднесці. Штодня ашмянцы набываюць прадукты ў крамах ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”. Кідкая і ёмкая назва Пачастунак гаворыць сама за сябе. Прыдуманая шмат год назад Тамарай Уладзіміраўнай Філіповіч, яна і сёння разам з фірменным дэвізам “З павагай да якасці!” сведчыць аб высокім узроўні прадукцыі і служыць дастойным брэндам ашмянскіх вытворцаў.

Дзесьці пяць год назад на сцены шматпавярховікаў нашага горада вялікімі літарамі былі нанесены назвы вуліц на роднай мове — Усходняя, Будаўнікоў, Заходняя, Чырвонаармейская, Крынічная… Пагадзіцеся, прыгожа гучыць і лашчыць вока (калі тое вока здольна гэта заўважыць).

— Нічога ў гэтым дзіўнага не бачу, — сцвярджае дырэктар Ашмянскага РУП ЖКГ Сяргей Белянкоў. У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, але ж мы — беларусы і павінны ведаць мову нашых дзядоў і прадзедаў! Таму і напісалі назвы на роднай мове. Дарэчы, у нас усе шыльды напісаны па-беларуску. Усім, думаю, надпісы зразумелыя.

Заўзятары фітнесу і здаровага ладу жыцця часта наведваюць спартыўны клуб РУП ЖКГ “Сталёвы горад”. І ні ў аднаго чалавека не ўзнікла сумневу ў тым, што з назвай аб’екта нешта не так — наадварот, такі моўны акцэнт сыграў на ўсе сто!

Пры наведванні Ашмянскага лясніцтва звярнула ўвагу на шыльду рэжыму работы арганізацыі, якая “сустрэла” мяне на дзвярах. Напісаная на роднай мове, яна выклікала прыемную ўсмешку на твары. Як заўважыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Смаргонскага лясгаса Андрэй Пятроўскі, такія шыльды размешчаны ва ўсіх лясніцтвах установы лясной гаспадаркі. Прынятыя калегіяй галіновага міністэрства метадычныя рэкамендацыі да стэндаў і шыльдаў прапануюць ужыванне абедзвюх моў. Арганізацыя доўга не разважала і прыняла рашэнне на карысць мовы беларускай.

— Ваганняў у мяне наогул не было. Я вясковы чалавек, заўважыў у размове Андрэй Зянонавіч. — Мае бацькі размаўляюць па-простаму. Вучыўся ў сельскай школе. Нават два курсы ў БДУ выкладанне ўсіх прадметаў вялося на роднай мове (паступіў у ВНУ ў пераломны для нашай дзяржавы момант), што не выклікала аніякіх цяжкасцей ні з матэматыкай, ні з фізікай. Праўда, калі на трэцім перайшлі на рускую, то розум не захацеў гэтага ўцяміць, і перавучвацца наноў было складана.

Калі хтосьці скажа, што на пераліку можна ставіць тлустую кропку, то не пагаджуся, бо яго можна працягваць. Заклікае купляць тавары лёгкай прамысловасці айчынных вытворцаў крама “Сузор’е”. Не мае недахопу ў пакупніках гандлёвы цэнтр “Кірмаш”. Заўсёды вас смачна накормяць у кафэ «Стары горад»…

Перад Днём роднай мовы ў групе раённай газеты “Ашмяны news” мы правялі апытанне, ці важна для ашмянцаў, на якой мове размешчаны шыльды на ўстановах і арганізацыях нашага райцэнтра. Трэба прызнаць, што амаль 40 працэнтаў (у апытанні прынялі ўдзел больш за 360 чалавек) рэспандэнтаў адказалі станоўча, што сведчыць аб неабыякавасці жыхароў нашага горада да гэтага пытання.

Зразумела, што шыльды — гэта толькі невялічкі зрэз значнай для нашага народа праблемы (для кагосьці, можа, і не зусім), бо сітуацыю трэба разглядаць куды глыбей, зазіраючы за саму шыльду. Аднак нам варта ўсвядоміць, што рухавікамі наперад ва ўсіх лінгвістычных працэсах з’яўляемся менавіта мы з вамі. Калі мы самі не прымем рашэнне, то ніхто за нас гэтага не зробіць. Заўважу скептычнае: “Дык я ж адзін! Мяне ніхто не падтрымлівае!”. Безумоўна, адзін у полі не воін, але разам — мы сіла! Азірніцеся, сярод прыхільнікаў роднай мовы вы не адны.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.

Цікава. Пазнавальна. Актуальна

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Сярод 3,5 тысячы моў свету не больш за 400 з’яўляюцца высокаразвітымі літаратурнымі пісьмовымі мовамі. Па падліках замежных спецыялістаў, беларуская мова ўваходзіць у першую сотню гэтых моў. А гэта значыць, што яна займае сваё належнае месца і сярод славянскіх моў, і на лінгвістычнай карце свету.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *