Боршч і каша – куцця наша

Точка зрения

 

Калі мы гаворым пра традыцыі, часам нават не задумваемся, што яны азначаюць і чаму існуюць. Але ж яны – гэта вам не дождж і не снег, не прывычка, выпрацаваная шляхам паўтору пэўных дзеянняў. Традыцыі – гэта частка культуры народа, грунтоўны пласт, што пакінулі нам нашы продкі, аснова, без якой немагчыма ўявіць культурнае грамадства.

Размаўляючы з жыхаркай Ашмян Зінаідай Назаранкай пра традыцыю святкавання праваслаўнага Раства Хрыстова, у чарговы раз упэўнілася, што гэта сапраўды ўсенародны скарб, набытак, які стагоддзямі жывіць творчасць і эстэтычна развівае людзей, узбагачае найлепшымі паняццямі і адчуваннямі.

Зінаіда Рыгораўна – не карэнная жыхарка Ашмян. Прывяла яе з сям’ёй у наш край чарнобыльская навала. Ураджэнцам Гомельшчыны многае было тут незразумелым, асабліва калі ўлічыць, што большасць насельніцтва Ашмянскага раёна – католікі. Сёння традыцыі мясцовых праваслаўных хрысціян цесна перапляліся ў сям’і Назаранка з хойніцкімі, брагінскімі і рэчыцкімі. Але Зінаіда Рыгораўна заўсёды з пяшчотай успамінае свята Нараджэння Хрыстова ў сябе на Радзіме і, калі надараецца магчымасць, едзе ў мясціны свайго маленства — да мамы.

Еўдакіі Мікалаеўне ўжо пераваліла за дзевяноста, але яна і зараз стараецца прытрымлівацца посту — сапраўднага, строгага, без рыбы і малочных прадуктаў і з мінімумам алею. Вось толькі ў царкву ўжо не ходзіць. У старажытным рэчыцкім мястэчку Горваль, што на беразе Бярэзіны, свайго храма няма, а да царквы ў гонар Казанскага абраза Маці Божай у Мілаградзе далекавата. Але да шчырай прыхажанкі перад святамі наведаецца мясцовы святар — каб паспавядаць жанчыну.

У гэтым годзе Зінаіда Рыгораўна Назаранка свята будзе сустракаць з мамай. Яна ўжо атрымала ўсе яе парады наконт каляднага стала.

— Абавязковымі стравамі ў гэты чароўны вечар будуць у нас посны боршч на грыбах, ячневая каша — куцця (можа быць з ізюмам — салодкая альбо з грыбамі) і бліны, — расказвае Зінаіда Рыгораўна. — На Куццю ў нас шмат рыхтуецца страў з грыбамі. Сястра сёлета больш за пяць кілаграмаў насушыла, так што будзе дзе кулінарнай фантазіі разгуляцца. Абаранкі ў макавай салодкай вадзе ў нас не замочваюць. Мы выпякаем бліны і аладкі на дражджах з рознай начынкай. Будзе на нашым стале і кісель. Праўда, не аўсяны, а звычайны – чырвоны. Кампот з сухафруктамі альбо ўзвар — класічная страва на святочным стале.

Традыцыйна пад белым абрусам будзе разаслана сена. Аднак брагінцы (сям’я Зінаіды Рыгораўны доўгі час жыла ў Брагінскім раёне) яго пасля не скармліваюць жывёле, як у нашай мясцовасці, а складваюць у мяшэчак. Вясной, як адтане зямля і гаспадар выйдзе ў поле, тое сена ён заарэ плугам — каб ураджайны быў год. А вось недаедзеная каша-куцця стане пачастункам для курэй. Наступны дзень, 7 студзеня, пачынаецца на Гомельшчыне таксама з посных страў, і толькі пасля полудня ўжо можна пачаставаць сябе скаромнай ежай.

Яшчэ адна адметнасць свята на Гомельшчыне — “шчэдрыкі” (калядоўшчыкі) ідуць па хатах у Стары Новы год (13 студзеня). Зінаіда Рыгораўна ўжо атрымала заданне ад мамы купіць некалькі кілаграмаў цукерак і намяняць грошай на дробныя. Нягледзячы на тое, што ў вёсцы засталося мала жыхароў, традыцыя захавалася. “Шчэдрыкі” абавязкова завітаюць з песнямі і вершыкамі ў хату, і гаспадыня аддзячыць ім салодкімі пачастункамі.

— Мама часта ўзгадвае традыцыі той пары і просіць іх не забывацца, — расказвае Зінаіда Назаранка. — Абрады, фальклор, вышыванкі, тканыя посцілкі, замовы і нават малітвы, якія мама мне надыктоўвае, каб я запісала, — гэта ўсё наша беларуская культура. Пойдуць з жыцця нашы бацькі і забяруць гэту памяць з сабой, калі мы не зацікавімся нашай спадчынай.

Мая субяседніца мае рацыю. Гэта ўсё – наша гісторыя. Традыцыі нашых продкаў яскрава перадаюць побыт, характар і хараство вобразаў беларусаў. Яны (традыцыі) не “стар’ё”, а наша аснова, тое, што нас аб’ядноўвае.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *