84 гады таму. Жыццё Ашмяншчыны адразу пасля ўваходжання ў БССР

Общество

Час ляціць няўмольна, і тое, што сёння-ўчора было “свежай” навіной, праз пэўны час становіцца гісторыяй. Каб прасачыць, як сустрэла насельніцтва нашага раёна 17 верасня 1939 года і якія падзеі адбываліся потым на гэтай тэрыторыі, мы звярнуліся да раённай газеты, якая ў той час называлася “Знамя свабоды”.

Першы нумар раёнкі выйшаў літаральна праз месяц пасля прыходу савецкай улады ў заходнюю частку Беларусі — 21 кастрычніка 1939 года. Выходзіла выданне на беларускай мове. На першай старонцы ў кожным нумары стаялі навіны дзяржаўнай палітыкі СССР, потым ішлі навіны рэспубліканскага ўзроўню, а за імі — рэгіёнаў. Паколькі першапачаткова Ашмянскі раён уваходзіў у Вілейскую вобласць, то ў газеце часта сустракаліся навіны з вёсак і гарадоў, якія на сённяшні дзень у склад раёна не ўваходзяць: Сол, Баранавіч, Маладзечна, Крэва, — дзе праводзіліся розныя мерапрыемствы, накіраваныя на саветызацыю грамадскага, эканамічнага і культурнага жыцця. На апошняй старонцы звычайна друкаваліся навіны блізкага і далёкага замежжа: Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Італіі, Чылі.

З урыўкамі некаторых найбольш цікавых, на наш погляд, артыкулаў, якія адлюстроўвалі жыццё Ашмяншчыны адразу пасля ўваходжання ў БССР, мы вам прапаноўваем пазнаёміцца. Арфаграфія і пунктуацыя захаваныя.

№ 1. 21 кастрычніка 1939 года.

“Пісьмо працоўнай моладзі г. Ашмяны (Заходняя Беларусь) Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну

…Сёння мы ўпершыню ў сваім жыцці сабраліся на агульны сход, дзе мы свабодна можам выражаць свае думкі і пачуцці. Дваццаць год мы знаходзіліся пад прыгнётам польскіх паноў і капіталістаў. Нам забаранялі гаварыць на сваёй роднай мове, для многіх з нас былі закрыты дзверы навучальных устаноў.
Але прышло шчасце і да нас. Праклятае мінулае назаўсёды канула ў вечнасць. Яно знікла, як дым, і ніхто ніколі не надзене на нас ланцугоў панскай няволі. Гераічная Чырвоная Армія прынесла нам доўгачаканую свабоду. Мы бесканца ўдзячны Вам, дарагі правадыр і ўсяму совецкаму народу за наша вызваленне.”

“Раздача зямлі сялянам

У Ашмянскім павеце целыя сотні гектараў зямлі трымалі ў сваіх руках граф Чапскі, памешчыкі Струкач, Бернат і другія кровапіўцы. А тысячы сялян з сваімі сем’ямі мелі ў сваім карыстанні невялікія кавалачкі зямлі і ад цямна, да цямна працавалі на паноў за мізэрную плату.
Гераічная Чырвоная Армія прагнала ўсіх гэтых дармаедаў, а зямлю аддала сялянам. Зараз сяляне павету праводзяць раздзел быўшай памешчыцкай зямлі паміж сабой. Ужо закончан раздзел зямлі ў Дзевігішскай, Смаргоньскай і Сольскай валасцях. У астатніх валасцях хутка таксама закончыцца раздзел памешчыцкай зямлі.”

№ 3. 28 кастрычніка 1939 года

“Новая школа для дарослых

У былой польскай дзяржаве большасць працоўнага насельніцтва не мелі магчымасці атрымаць нават пачатковую асвету. Польскія незадачлівыя заправілы справу народнай асветы, як і ўсё іншае, рабілі прадметам сваёй нажывы. Для таго каб год правучыцца, працоўны павінен быў заплаціць у год каля паловы свайго заробка за навучанне, не лічачы другіх расходаў на вучобу. Вядома, што пры такой пастаноўцы справы народнай асветы дзеці рабочых і сялян не мелі магчымасці атрымаць нават пачатковай асветы.
Зараз па рашэнню аддзела народнай асветы, пры Часовым Упраўленні Ашмянскага павету, у городзе Ашмяны адкрыецца вячэрняя школа для дарослых. У школу будуць прымацца ўсе рабочыя і служачыя незалежна ад іх узросту і падрыхтоўкі. Навучанне бясплатнае. Школа будзе забяспечана высокакваліфікаванымі выкладчыкамі.”

№ 8. 9 лістапада 1939 года

“Росквіт беларускай совецкай літаратуры

У кастрычніку 1917 года разняволены беларускі народ мог з гораччу агледзець дарэволюцыйную літаратурную спадчыну, якую ён займеў у часы панавання царызма. Гэта было не больш двух дзясяткаў тоненькіх кніжак: Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалы, Коласа. Рэшта твораў была рассыпана па невялікіх зборніках і нешматлікіх часопісах. Выдадзены яны былі абыяк, наспех, каб не кідацца ў вока жандармерыі.

З вялікім задавальненнем аглядае працоўны народ Совецкай Беларусі свае здабыткі за 22 гады совецкай улады: і новыя магутныя фабрыкі і заводы, і шырокія калгасна-соўгасныя палі, і сталінскія школы, і літаратуру. Літаратура Совецкай Беларусі стала шырока вядома ў Совецкім Саюзе. Народныя паэты рэспублікі Янка Купала, Якуб Колас — агульна прызнаныя класікі беларускай літаратуры з’яўляюцца любімымі паэтамі ва ўсіх кутках неабдымнага Совецкага Саюза не толькі для інтэлігенцыі, але і для радавога рабочага і селяніна. Ды не толькі яны — і Змітрок Бядуля, і Эдуард Самуйлёнак, і Кандрат Крапіва, і Пятрусь Броўка, і Міхась Лынькоў – праз пераклады іх твораў на рускую мову і мовы другіх народаў — вядомы працоўнаму чытачу нараўне з сваімі паэтамі і пісьменнікамі…

…Поруч з беларускімі пісьменнікамі ў БССР паспяхова працуе вялікі атрад яўрэйскіх совецкіх пісьменнікаў – Аксельрод, Камянецкі, Фінкель, Ліўшыц, Баймвол, С. Каган, Мальгінскі, Э. Каган, Рэйзін, рад здольных рускіх пісьменнікаў: Б. Макарцаў, Кручкін, Цітоў, А. Левіна, Глазырын, А. Шарапаў і інш.”

№ 17. 9 снежня 1939 года

“Беспрацоўныя атрымліваюць работу

Па сваёй тэрыторыі і колькасці насельніцтва Ашмяны з’яўляюцца невялікім гарадком. Але ў час панавання польскіх бездарных заправіл у гэтым горадзе налічвалася вялікая колькасць беспрацоўных. Не толькі чорнарабочыя, а нават і людзі, меўшыя каштоўныя высокія спецыяльнасці, гадамі знаходзіліся ў цісках беспрацоўя… Беспрацоўных дактароў, аграномаў, інжынераў і г. д. было многа, аднак гэта ніколькі не цікавіла і не хвалявала ўладароў польскіх прадпрыемстваў і ўстаноў.

…Аддзел кадраў пры Часовым Упраўленні павета штодзённа наведвае вялікая колькасць людзей, жадаючых атрымаць працу. Іх жаданні задавольваюцца. Звыш 200 чалавек — былых беспрацоўных — аддзелам кадраў накіраваны на работу. Сярод іх ёсць бежанцы з Вільна, Варшавы і г. д. Так доктар Шапіра, бухгалтар Лідэс, быўшыя доўгі час беспрацоўнымі, цяпер атрымалі работу па спецыяльнасці. Такіх прыкладаў многа.”

№ 23. 30 снежня 1939 года

“Прыступілі да будаўніцтва дома соцкультуры

Хоць горад Ашмяны пры польскай уладзе лічыўся павятовым горадам, але ў ім, як і ва многіх гарадах Заходняй Беларусі, не было ні аднаго памяшкання, дзе б насельніцтва магло правесці свой вольны час весела і культурна.

…Цяпер, калі ў Ашмянах, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі ўстаноўлена Совецкая ўлада, ва ўсю шыр паўстае пытанне аб культурным абслугоўваннні насельніцтва. Зараз па рашэнню Часовага Упраўлення ў Ашмянах распачата будаўніцтва дома соцыялістычнай культуры.”

“Новыя магазіны

Па нашаму павету шырока разгортваецца дзяржаўны і кааператыўны гандаль. У горадзе Ашмяны арганізавана 6 прадуктовых магазінаў. Зараз у магазінах ёсць цукар, махорка, запалкі, яблыкі і другія тавары. Днямі ў магазіны павета паступае вялікая колькасць цукру, газы і солі. Толькі за апошнія дні абарот ашмянскіх магазінаў складае 40 тысяч рублёў. У горадзе таксама працуе магазін культтавараў.

З 7 снежня ў горадзе распачала работу хлебапякарня павятовага спажывецкага саюза. На днях адкрыецца некалькі хлебных магазінаў. Гарадскі спажывецкі саюз праводзіць падрыхтоўчую работу для адкрыцця дзяржаўнага ўніверсальнага магазіна. Паветспажыўсаюз праводзіць шырокую работу па загатоўцы сельскагаспадарчай сыравіны…”

Па матэрыялах фонда Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча.

Падрыхтаваў Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Стоит почитать:
В Ошмянском отделе ЗАГС в канун Дня народного единства состоялись торжественные регистрации
Ошмянская делегация приняла участие в торжествах, посвященных Дню народного единства в Минске
Александр Лукашенко: единство - главное условие сохранения и жизни государства
В День народного единства в Ошмянах состоялся кинопоказ фильма «На другом берегу»
Выездная торговля, кафе под открытым небом и праздничный концерт: чем удивляли ошмянцев 17 сентября
День народного единства отметили в Ошмянах
Александр Лукашенко: наша общая задача - через диалог и взаимопонимание приумножать потенциал и слав...
Программа празднования Дня народного единства
Делегация Ошмянского района приняла участие в областном торжественном мероприятии, посвященном Дню н...
Торжественное мероприятие, приуроченное ко Дню народного единства, прошло в Гродно


Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *