Ашмяны. Восень 1939 года. Хроніка падзей

Общество

17 верасня 1939 года – выступленне з прамовай старшыні СНК СССР В. М. Молатава: “…Савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі…”

18 верасня – першай увайшла ў Ашмяны 36-я кавалерыйская дывізія імя Сталіна. Адначасова або ў наступныя дні праз павет у напрамку Вільні і Ліды прайшлі 150-я, 27-я, 25-я стралковыя і 7-я кавалерыйская дывізіі, 42-і танкавы полк. 7-я кавалерыйская вярнулася з-пад Сувалак на Ашмяншчыну і тут дыслакавалася да пачатку савецка-фінскай вайны. У некаторых выданнях можна прачытаць і такія радкі : “Найбольш цяжкія баі былі ў раёне Ашмян і пад Гародней…” (такія выказванні не маюць пад сабой рэальных фактаў, таму што адсутнічаюць пахаванні як польскіх, так і савецкіх салдат, якія спадарожнічаюць баявым дзеянням). Значная частка жыхароў горада і павета прыхільна сустрэла чырвонаармейцаў. Асабліва цёплымі былі сустрэчы ў Ашмянах, Гальшанах, Загарнятах і іншых населеных пунктах.

Камандзір Чырвонай арміі гутарыць з жых. Ашмян. Верасень 1939 г.

19 верасня – створана павятовае Часовае ўпраўленне, новы орган улады. Узначаліў яго К. Д. Ганчароў, у лістападе яго змяніў Ф.П. Аксёнаў. Да гэтага дня ўжо мелася рабочая гвардыя, якую узначаліў П. С. Такарэвіч, былы член КПЗБ. У склад Часовага ўпраўлення увайшлі і два жыхары горада – рабочы Данішэўскі і ветэрынарны ўрач Папова.

20 верасня – адбылося першае пасяджэнне Часовага ўпраўлення. Прыняты дзве пастановы, распаўсюджаныя сярод насельніцтва павета.

Першая палова кастрычніка (пасля 6-га) – утворана павятовая выбарчая камісія. Яна павінна арганізаваць выбары кандыдатаў у дэпутаты Народнага сходу Заходняй Беларусі. Камісію ўзначаліла В.А. Булко. У павеце ўтворана 23 участковыя і акружныя выбарчыя камісіі.

19 кастрычніка – адбыўся павятовы партыйны сход з павесткай дня “Аб ходзе падрыхтоўкі да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі.

21 кастрычніка — выйшаў першы нумар газеты “Знамя свабоды” (орган Часовага ўпраўлення Ашмянскага павета і горада Ашмяны).

22 кастрычніка – адбыліся выбары дэпутатаў Народнага сходу Заходняй Беларусі (у павеце выбрана 23 дэпутаты).

Удзельнікі вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь

28-30 кастрычніка – прадстаўнікі павета прынялі ўдзел у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. Былі прыняты дэкларацыі “Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, “Аб дзяржаўнай уладзе”, “Аб зямлі” (аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель), рашэнне “Аб нацыяналізацыі банкаў і буйнай прамысловасці”. У час сходу дэпутаты ад павета П. Страшкевіч і К. Турлай працавалі ў камісіі па выпрацоўцы дэкларацыі аб ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, а Л. Фінкоўская ўвайшла ў склад Паўнамоцнай камісіі з 66 чалавек, якая накіравалася ў Маскву, а затым ў Мінск, каб выказаць волю насельніцтва Заходняй Беларусі.

2 лістапада – нечарговая 5-я сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР.

12 лістапада – нечарговая 3-я сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць беларускі народ у адзінай дзяржаве.

9 снежня – указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (па прадстаўленні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР) былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Ашмянскі павет (у новых межах) увайшоў у Вілейскую вобласць.

21 снежня — на пасяджэнні павятовага камітэта КП(б)Б было вырашана ўтварыць на тэрыторыі павета тры раёны: Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі.

Таццяна КІРКОЎСКАЯ, галоўны захавальнік фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея. 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *