У дзень юбілея любімага горада плошча каля раённага цэнтра культуры ператварылася ў літаратурную гасцёўню. Тут, пад адкрытым небам, прайшла сустрэча, якая сабрала разам паэтаў, педагогаў і проста неабыякавых жыхароў – тых, для каго Ашмяншчына стала лёсам і крыніцай натхнення.
Свята пачалося з верша Пятра Шаколы “Мой горад — Ашмяны, я тут нарадзіўся…”. Твор задаў тон усяму мерапрыемству – шчыраму, светламу і прасякнутаму любоўю да роднага куточка. Вядучыя адзначылі, што Ашмяны – гэта не проста горад на карце. Гэта наша дзяцінства, першыя крокі, першыя словы і песні. Асаблівай цеплынёй адзначаліся творы, якія гучалі са сцэны. Асабліва цёпла і кранальна пра сваю старонку гаварылі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Творы былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Тарэсы Адашкевіч заклікалі палюбавацца прыгажосцю роднага горада, зазірнуць у самыя патаемныя яго куткі. Ёсць у Тарэсы Іванаўны і песні пра Ашмяны, якімі яна з радасцю падзялілася са слухачамі. Кранальна і цёпла гучалі і вершы Яўгена Куста. У кожным радку адчувалася цеплыня, шчымлівасць і замілаванне родным краем. Радавалі паэтычнымі творамі і прадстаўнікі малодшага пакалення. Іх вершы былі напоўнены запалам і асаблівай яскравасцю. Музычны нумар для гасцей падарыла Ульяна Купрыянюк. Песня “Я –дзяўчынка-беларуска” атрымала цёплы водгук ад слухачоў. Музычнымі нумарамі радавалі гасцей удзельнікі арт-студыі «Нестареющие голоса».
Завяршылася сустрэча разважаннямі пра тое, што горад – гэта не проста вуліцы і дамы. Гэта людзі, песні, вершы, што нараджаліся тут.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.






