Подзвіг жыве ў вяках. Вуліца Левінай у Гальшанах

Общество

Прагульваючыся па Гальшанах, мімаволі звяртаю ўвагу на назвы вуліц. Ашмянская, Трабская, Замкавая, Горная — кожная з іх нібыта расказвае сваю гісторыю.

Замкавая нагадвае пра старажытную гісторыю мястэчка, Трабская і Ашмянская — пра напрамкі населеных пунктаў, а Горная — пра рэльеф мясцовасці. Усе гэтыя назвы лагічныя і зразумелыя, а іх паходжанне лёгка патлумачыць.

Аднак ёсць сярод вуліц і тыя, якія выбіваюцца з гэтага шэрагу. Адна з іх — вуліца Левінай. Кім жа была гэта жанчына, чыё імя ўвекавечана ў гісторыі Гальшан і ўсяго раёна? Каб знайсці адказ на гэта пытанне, трэба зазірнуць у гісторыю — у тыя бурныя гады, калі на беларускай зямлі вырашаўся лёс цэлага народа.

Звесткаў пра Эсфір Левіну захавалася няшмат. Нельга знайсці і фотаздымка. Нарадзілася яна ў 1895 годзе ў Гальшанах у сям’і гандляра. Скончыла Ашмянскую жаночую прагімназію. Пасля дапамагала бацьку ў карчме. Працавала шмат: мыла бялізну, варыла квас, сачыла за чысцінёй памяшкання. Жыхары ведалі яе як культурную і адукаваную дзяўчыну, цікавага суразмоўцу. Моладзь жа знаходзіла ў асобе дзяўчыны добрага і чулага чалавека, які мог выслухаць і параіць.

У хуткім часе насталі трывожныя дні. Пачалася Першая сусветная вайна. Нямецкая акупацыя, грабяжы і бясчынствы захопнікаў сталі рэаліямі таго часу. У канцы 1918 года нямецкая армія пакінула Ашмяншчыну. А праз некалькі дзён у мястэчка ўступілі атрады Чырвонай арміі.

Жыхары дачакаліся жаданай свабоды. Збылося тое, аб чым так палымяна гаварыла Левіна моладзі. Ужо ў пачатку 1919 года ў Гальшанах была створана камуністычная ячэйка і аб’яўлена ўстанаўленне Савецкай улады. Сакратаром ячэйкі выбралі Левіну. Эсфір валодала добрымі аратарскімі здольнасцямі. Моладзь верыла дзяўчыне, ішла за яе ідэямі.

Разам з маладымі людзьмі маладая камуністка развучвала рэвалюцыйныя песні, рыхтавала і ставіла п’есы, дапамагала чырвонаармейцам. Левіна ўвайшла ў гісторыю як адзін з першых арганізатараў Савецкай улады на тэрыторыі Ашмянскага павета. Яе актыўная пазіцыя дапамагла ячэйцы хутка ўмацавацца і стаць апорным пунктам новай улады на месцах.

У красавіку 1919 года Чырвоная армія вымушана была адсупіць за раку Бярэзіну. У Гальшаны ўварваліся ворагі. Пачаўся жорсткі пераслед камуністаў. Эсфір Левіну схапілі, здзекаваліся з яе. Усё вытрымала Эсфір, а ворагам нічога не сказала. Ужо мёртвую яе прывязалі да каня і цягнулі па вуліцах вёскі, затым вывезлі ў бліжэйшы лес і там кінулі. Так загінула маладая камуністка Эсфір Левіна.

Смеласць і перакананасць дзяўчыны выявіліся ў складаных умовах грамадзянскага супрацьстаяння. Яе гісторыя — гэта прыклад таго, як адданасць ідэалам і мужнасць дапамагаюць выстаяць у самыя цяжкія часы. Яе імя стала сімвалам самаадданай барацьбы за новы свет і справядлівасць для многіх пакаленняў беларусаў. І сёння, праходзячы па вуліцы Левінай, можам успомніць асобу маладой жанчыны, якая прысвяціла сваё жыццё барацьбе за лепшую долю свайго народа. Зараз імя Эсфір Левінай выбіта на помніку загінулым землякам.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *