У раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з расійскім гісторыкам і пісьменнікам Аляксандрам Чароміным

Главное

Расійскі гісторык і  пісьменнік Аляксандр Чаромін таксама і аўтар манаграфіі «Тураўскае княства (Х – ХIV стагоддзі)». На падставе новых, раней невядомых гістарычных фактаў у кнізе падаецца гісторыя Тураўскага ўдзельнага княства, якое ўваходзіла ў розныя перыяды свайго існавання ў склад Кіеўскага, Галіцка-Валынскага і   Вялікага Літоўскага  княстваў.

Напачатку сустрэчы аўтар манаграфіі расказаў аб сабе і захапленні гісторыяй, якое праявілася  яшчэ ў дзяцінстве: ужо з чацвёртага класа ён  удзельнічаў у прадметных  алімпіядах і станавіўся іх пераможцам. Таму паступленне ў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут было не выпадковым. Экзамен па гісторыі, якая стала справай усяго жыцця, ён вытрымаў на выдатна.

Вялікую зацікаўленасць выклікаюць у пісьменніка “белыя плямы” ў гісторыі як Расіі, так і сумежных з ёй дзяржаў, падзеі, якія па шэрагу прычын былі фальсіфікаваны і насілі грыф сакрэтнасці.

Аляксандр Чаромін – аўтар больш ста публікацый па гісторыі і краязнаўству, генеалогіі, паліталогіі і іншых дапаможных гістарычных дысцыплінах. Дзякуючы доступу пісьменніка да архіўных дакументаў Ватыкана, Улан-Батара, Пекіна, Кракава, пабачыла свет больш трыццаці яго кніг, якія закранаюць розныя перыяды гісторыі. Гэта і манаграфіі «Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. З гісторыі 349-й стралковай дывізіі», «Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Па гісторыі 123-га Дняпроўскага асобнага матарызаванага пантонна-маставога Венскага ордэнаў Аляксандра Неўскага і Чырвонай Зоркі батальёна». Апошняя, дарэчы, напісана ў памяць аб сябру, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, камандзіру пантоннага батальёна, ураджэнцу Віцебскай вобласці. Адна з кніг прысвечана гісторыі роднага горада, міжнароднага гандлёвага цэнтра – старой Астрахані.

Упершыню Беларусь Аляксандр Чаромін наведаў у 1989 годзе. Тады па мясцовым тэлебачанні  ён пачуў аб старажытным Тураве ‑ турыстычным цэнтры нашай дзяржавы і захацеў даведацца аб ім як мага больш, аднак усюды натыкаўся на супярэчнасці. Гэтыя абставіны і падштурхнулі да збору гістарычнага матэрыялу. Наведванне архіваў у Расіі і Ватыкане, бібліятэк у Маскве і Санкт-Пецярбурзе, Нацыянальнай бібліятэкі ў Беларусі, старажытнага Турава і мясцовага краязнаўчага музея, знаёмства з яго артэфактамі, сустрэчы з археолагам і доктарам гістарычных навук Пятром Лысенкам – усё гэта садзейнічала стварэнню манаграфіі, якая выйшла ў мінулым годзе. Зараз Аляксандр Чаромін прэзентуе кнігу ў розных гарадах нашай краіны.

Аляксандр Аляксандравіч падчас сустрэчы адказаў на пытанні, якія зацікавілі ашмянцаў, падзяліўся творчымі планамі наконт выдання новых кніг па гісторыі нашай дзяржавы, сярод якіх манаграфіі па  гісторыі Полацкага княства і горада Брэста.

Аліна САНЮК

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *