Жупраны — даўняе мястэчка, размешчанае на самай высокай частцы Ашмянскага ўзвышша, на левым беразе ракі Ашмянкі. Тут, на ўзгорку, ужо 150 год стаіць неагатычны касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Афіцыйна каталіцкая парафія ў мястэчку вядома з 1550 года. У гэтым жа годзе быў узведзены першы драўляны касцёл у гонар Маці Божай Журботнай.
Некаторымі даследчыкамі мяркуецца, што цэнтр Жупранаў знаходзіўся ў іншым месцы. Размяшчаўся ён бліжэй да рэчкі Ашмянкі — там, дзе разбягаюцца дарогі на Замасцяны і Навасёлкі. На беразе рэчкі непадалёк ад моста і знаходзілася першая святыня, а побач размяшчаліся млын, тартак і дзве карчмы. Тры разы на год: у канцы чэрвеня, 25 ліпеня, а таксама 1 лістапада, у Дзень Усіх Святых, ладзіліся ў мястэчку фэсты-кірмашы.
У XVI ст. стары Жупранскі касцёл быў зачынены і перароблены ў пратэстанцкі збор, толькі ў 1646 годзе дзякуючы кс. Паўлу Клячкоўскаму, віленскаму каноніку, будынак святыні быў вернуты каталікам.
Касцёл у Жупранах моцна пацярпеў падчас вайны 1654–1667 гг. Калі касцёл быў падпалены, над алтаром высока на бэльцы знаходзіўся драўляны крыж, які не змаглі зняць. Пасля пажару на папялішчы крыж і драўлянае распяцце знайшлі ў вуголлі не кранутымі агнём. Гэтую рэліквію палічылі вернікі цудоўнай. Сёння крыж знаходзіцца ў правым бочным алтары касцёла. Новую святыню пасля пажару адбудавалі ў 1692 годзе на сродкі дачкі Багуслава Радзівіла.
У пачатку ХІХ ст. Жупраны, Навасёлкі і Станькава сталі ўладаннямі Караля Чапскага (1779–1836), сына Францішка і Веранікі (з Радзівілаў).
Граф Адам Карлавіч Гутэн-Чапскі ў 1854 годзе, які бачыў патрэбу Жупранскай парафіі ў аднаўленні старога касцёла, ахвяраваў сродкі на пабудову новага мураванага каталіцкага храма ў мястэчку. Пробашчам парафіі ў той час быў кс. Францішак Станкевіч. Месцам для новага касцёла стала ўзвышша каля могілак, дзе на той момант стаяла драўляная капліца.
Першае набажэнства ў святыні адбылося 12 кастрычніка 1875 г. Будаўнічыя працы ў касцёле працягваліся аж да 1884 года, калі нарэшце была завершана алтарная частка касцёла і тры вежы над ёй.
У 1749 годзе далучылася да Жупранскай парафіі сям’я Багушэвічаў. Тады яны набылі фальварак непадалёк ад Жупран.
Лёс выдатнага беларускага пісьменніка Францішка Багушэвіча быў цесна звязаны з Жупранскім касцёлам. Майстар слова падчас будоўлі касцёла актыўна займаўся зборам сродкаў: агітаваў людзей на кірмашах, збіраў ахвяраванні ў вёсках. Пасля заканчэння адвакацкай кар’еры ў 1898 годзе ён пасяліўся ў маёнтку Кушляны, адсюль хадзіў на нядзельную св. Імшу ў Жупраны. 28 красавіка 1900 года паэта не стала. У Жупранскім касцёле адбылася пахавальная Літургія, а сам песняр пахаваны побач з касцёлам на парафіяльных могілках.
Касцёл у Жупранах уяўляе сабой трохнефавы аднавежавы прамавугольны будынак з прамавугольнай апсідай і дзвюма сакрыстыямі пры ёй, перакрыты адзіным двухсхільным дахам. Над сакрыстыямі змешчаны малітоўныя ложы фундатараў “Графскія хоры”. Жупранская святыня мае дзесяць фасадных веж, якія з’яўляюцца сімвалам “дэкалогу”(дзесяці запаведзяў Божых). У інтер’еры над уваходам змешчаны хоры з арганам. Пад алтарнай часткай зроблена крыпта.
Касцёл упрыгожваюць тры алтары. На галоўным алтары, выкананым у стылі барока, змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Сямі смуткаў, які быў намаляваны ў ХVII стагоддзі і перанесены ў сённяшні касцёл са старога драўлянага храма. На іконе прадстаўлена Багародзіца з-пад крыжа, са слязамі на вачах. У яе матчына сэрца ўтыкаюцца сем мячоў — гэта алегарычны сімвал, які адлюстроўвае сем смуткаў Марыі. Вакол абраза размешчаны шматлікія воты — каштоўныя знакі ўдзячнасці людзей за атрыманыя цуды.
З Жупранамі звязана таксама гісторыя адраджэння салезіянскай харызмы ў Беларусі. Салезіяне (Таварыства св. Францішка Сальскага) — гэта каталіцкі манаскі ордэн, які ў XIX стагоддзі заснаваў італьянскі святар Ян Боска. Галоўная мэта кангрэгацыі — духоўнае выхаванне, навучанне і падтрымка дзяцей і моладзі, асабліва — пакінутых і сіротаў.
Першы салезіянін у Жупраны прыходзіць яшчэ падчас Другой сусветнай вайны. Адным з першых удзельнікаў «місіі Усход» быў кс. Францішак Краеўскі. Ён адгукнуўся на просьбу арцыбіскупа адразу пасля атрымання святарскага пасвячэння (20.04.1941 г.) і пачаў дапамагаць на пляцоўках у Ашмянскім і Смаргонскім паветах. Сёння Жупранская парафія можа называцца калыскай адраджэння салезіянскай кангрэгацыі ў Беларусі.
Жупранскі касцёл у завірусе падзей ніколі не спыняў сваёй дзейнасці. Аднак нягледзячы на гэта адкладенае асвячэнне святыні так і не было здзейснена на працягу 150-гадовай гісторыі храма. Пасля юбілейнага аднаўлення касцёла, 29 жніўня 2026 года, адбудзецца ўрачыстая кансэкрацыя святыні разам з новым эўхарыстычным алтаром, якую здзейсніць біскуп Уладзімір Гуляй, ардынарый Гродзенскі. Гэты велічны і вельмі чаканы акт стане падзякай Богу і продкам за 150 год гісторыі і веры.
Артур ЛЯШНЕЎСКІ, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах.
