Ашмянскія школьнікі прывезлі залатыя медалі з чэмпіяната па робататэхніцы, які праходзіў у Кітаі

Образование

Навучэнцы школы № 1 ім. М. М. Гружэўскага годна прадставілі Беларусь на Сусветным робататэхнічным чэмпіянаце, саступіўшы толькі гаспадарам спаборніцтваў – кітайскім удзельнікам.

З трыумфам і заслужанымі ўзнагародамі вярнуліся дадому ашмянскія школьнікі, якія ўвайшлі ў склад каманд «РобоСтарт — Майстар» і «РобоСтарт — Імпульс», з фіналу Сусветнага робататэхнічнага чэмпіянату World Robot Contest, WRC, які праходзіў у Пекіне з 19 па 24 жніўня. Юныя робататэхнікі паспяхова выступілі і паказалі выдатныя вынікі, заняўшы трэцяе і чацвёртае месцы ў рэйтынгу сярод міжнародных каманд.

Прэстыжны турнір штогод збірае больш за 300 тысяч удзельнікаў з розных краін.

Канкурэнцыя на чэмпіянаце была каласальнай, і абысці кітайскіх удзельнікаў, традыцыйна моцных у гэтым напрамку, не ўдалося, аднак хлопцы паказалі найвышэйшы клас, заняўшы месцы адразу пасля гаспадароў. Выступленне юных інжынераў праходзіла ў межах намінацыі «Будучыня космасу».

Дзеці рыхтаваліся да чэмпіянату ўсё лета, пачынаючы з чэрвеня, і іх упартая праца прынесла свой плён. У склад каманды ўвайшлі чацвёра навучэнцаў: Мікіта Дудойць, Мар’яна Завадская, Раман Венгераў і Мікіта Бумбуль — пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера Наталлі Пілецкай.

Спаборніцтва складалася з двух этапаў. Першае заданне выконвалася робатам у аўтаномным рэжыме па загадзя напісанай праграме. Тут трэба было праявіць усе свае інжынерныя навыкі: прадугледзець надзейнасць канструкцыі і дакладна ўзгадніць яе працу з праграмным кодам. У змадэляванай сітуацыі неабходна было здабыць карысныя выкапні і пабудаваць абарончую вежу. Другое заданне выконвалася дыстанцыйна з выкарыстаннем джойсціка. За абмежаваны час удзельнікі павінны былі захапіць як мага больш рэсурсаў і ўзвесці вежу. Усе заданні былі на хуткасць і патрабавалі  канцэнтрацыі і зладжанасці.

Па выніках спаборніцтваў ашмянскія робататэхнікі былі ўзнагароджаны залатымі медалямі і атрымалі спецыяльныя прызы –  нефрытавыя стэлы за лепшае прадстаўленне сваёй краіны.

Аднак паездка запомнілася не толькі перамогамі. Для ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія па Пекіне. І што асабліва важна, у гэтай паездцы іх суправаджалі бацькі, якія на працягу ўсяго лета дапамагалі ў падрыхтоўцы і падтрымлівалі юных чэмпіёнаў. Знаёмства з кітайскай культурай і традыцыямі ўразіла дзяцей.

Наталля Пілецкая:

— Нашы ўдзельнікі выступілі на годным узроўні. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай падрыхтоўцы, падтрымцы адміністрацыі школы, упраўленне адукацыі раёна і бацькоў навучэнцаў. Дзеці выступалі на чужой пляцоўцы, і падтрымка мам была немалаважнай. Канешне, нас здзівіў размах спаборніцтваў. Для нашых вучняў удзел у чэмпіянаце такога масштабу стаў першым.

Мар’яна Завадская:

-Гэтая паездка прынесла мне ўнікальны вопыт. Я была здзіўленая колькасцю ўдзельнікаў. Вочы разбягаліся ад разнастайнасці прадстаўленых робатаў. Акрамя таго, нам пашчасціла прыняць удзел у экскурсіях. Наведалі Вялікую кітайскую сцяну, якая заваражыла сваім выглядам.

Мікіта Дудойць:

-Я вельмі рады, што мне пашчасціла ўдзельнічаць у гэтых у спаборніцтвах .

Яны складаліся з двух этапаў, і былі па-свойму складанымі і цікавымі. Пра тое, што паедзем у Пекін на спаборніцтвы мы даведаліся ў чэрвені, канешне, ўзрадаваліся і штодня рыхтаваліся. Свам вынікам задаволены. Спадзяюся, што гэта не апошняя наша перамога.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *