Зладжана працуюць на жніве механізатары КСУП “Кракоўка”

Общество

Зранку, як толькі спадае раса, і да “шэрых мух”, як кажуць вяскоўцы, кіпіць работа на полі. Здаецца, тут не ведаюць стомы. Рупліва працуюць на хлебнай ніве камбайнерскія экіпажы. Пра пікнікі або адпачынак на возеры думаць тут няма калі. У галаве – чарговыя тоны зерня, якое просіцца на зернеток, а яшчэ: “Хоць бы не падвяло надвор’е і не псавалася тэхніка!”.

У такім зладжаным рытме працуюць механізатары КСУП “Кракоўка”. На полі за Жупранамі, па дарозе на Лусцішкі, мы засталі чатыры камбайнерскія экіпажы. Усе – з вопытам, не навічкі, таму ў прыярытэце – якасная ўборка. Кожны каласок, нават той які схіліўся долу, трэба падняць і абмалаціць кожнае зернейка жыта. Балазе, зерневыя сёлета ўрадзілі.

Сямейны падрад Сураўцоў

— Не параўнаць з мінулым годам! Напэўна, напалову лепшая ўраджайнасць, — радуецца камбайнер Станіслаў Суравец, які дазволіў падняцца ў кабіну і зрабіць з ім круг па хлебнай ніве – спыняць машыну дзеля размовы няма часу.

На жніве Станіслаў з 28 ліпеня – спачатку ўбіраў рапс, зараз – зерневыя культуры. Да вечара плануе па намалоце дагнаць старэйшага сына, які працуе на другім камбайне. Аляксандр на вечар пятніцы намалаціў сваю першую сёлета тону збожжа. У сямейным тандэме і малодшы з Сураўцоў: Аляксей – сёмы год працуе памочнікам камбайнера. Сёлета на час жніва ўзяў адпачынак (працуе электрыкам на чыгунцы) і дапамагае бацьку. На полі сочыць, каб не заставалася непаднятых каласоў, чысціць жатку, аднак адзначае, што больш клопату ў яго ранкам: трэба пачысціць і абслужыць тэхніку, праверыць, каб рэшаты, сіта, клавішы былі ў парадку.

Сямейны падрад Сураўцоў і памочнік камбайнера Дзмітрый Прэдка (злева)

— Чаму выбралі экіпаж бацькі, а не брата? – пытаюся ў Аляксея.

— З братам мы міжнародныя спаборніцтвы выйгралі б, — жартуе хлопец. – У Аляксандра і так больш магутная тэхніка – “Палессе GS-12”, а ў бацькі “Палессе GS-10”. Але нічога – дагонім!

Заядласць Сураўцоў – не навіна, яны штогод старанна працуюць, даючы прыклад іншым. Мясцовыя, ад зямлі, былі бацькі Станіслава. Да сельскай працы прывучылі і яго. Больш за дваццаць гадоў ён у гаспадарцы. Працаваў і на “Ніве”, і на “Доне”, таму з веданнем справы адзначае выгоды камбайна “Палессе”. Галоўны плюс, канешне, магутнасць.

Станіслаў Суравец

Пасля жніва Станіслаў перасаджваецца на пагрузчык і працуе механізатарам. Да гонару мужчыны – у яго, як некалі і ў яго бацькоў, атрымалася зацікавіць сялянскай справай абодвух сыноў. Старэйшы Аляксандр чацвёрты год самастойна працуе камбайнерам, датуль пяць год быў памочнікам. Як скончыцца жніво, ён будзе заняты на ворыве і сяўбе. Стараннасць маладога механізатара цэняць у гаспадарцы. У Жупранах Аляксандр атрымаў добраўпарадкаванае жыллё, таму зараз, у гарачую пару, можна цалкам засяродзіцца на ўборцы.

Спачатку – у кузаў, а далей – на зернесушылку

Адзін, другі круг – і напоўнены бункер трэба высыпаць. Поруч з камбайнерскімі экіпажамі – тры “МАЗы”. На адвозцы зерня задзейнічаны Валерый Суравец, які па стане на 19 жніўня перавёз 1030 тон збожжа, а таксама Мікалай Пяткевіч і Казімір Сальмановіч. Дзесяцітоннікі выдатна спраўляюцца са сваёй задачай: два бункеры – і аўтамабіль імчыць да зернесушылкі.

Вадзіцель Мікалай Пяткевіч
Вадзіцель Мікалай Пяткевіч
Вадзіцель Казімір Сальмановіч

Казімір Сальмановіч, у якога гэта ўжо 36-е жніво, накрывае кузаў спецыяльным тэнтам і пакрысе выязджае з поля, каб не рассыпаць ні зернейка. За дзень, адзначае вадзіцель, атрымліваецца ў сярэднім 8 – 10 рэйсаў. Усё залежыць ад таго, як ідзе справа ў камбайнераў.

Пакуль размаўляем з вадзіцелем, залатое зерне сыплецца ў кузаў. Некалькі хвілін – і экіпаж Паўла Аўсюкевіча і яго памочніка Фёдара Карповіча зноў далучаюць свой камбайн да дружнага гурту машын. Сёння камбайнеры плануюць не толькі завершыць гэты клін, але і распачаць новы.

Камбайнерскі экіпаж Паўла Аўсюкевіча і Фёдара Карповіча

Кароткі перапынак – і зноў за справу

Перапынак спорнай працы робіць хіба што абед. Акурат на поле пад’язджае аўтамабіль Ашмянскіх электрычных сетак, якія аказваюць дапамогу гаспадарцы падчас жніва. Механізатары ўжо ведаць, што прывезлі абеды.

У сённяшнім меню – гарохавы суп, рыс з сардэлькамі і травяны напой. Ветлівая Яўгенія Карповіч па-мацярынску раскладвае стравы і прапануе дабаўку.

Штодня яна разам з напарніцай корміць каля 50 чалавек.

— Наша машына адпраўляецца па адным маршруце, а аўтобус – па другім, — зазначае жанчына.

Гатуюць абеды ў сталоўцы гаспадаркі, дзе працуе поварам Ядзвіга Юшкевіч.

Фёдар Карповіч

Толькі тут, падчас кароткага перапынку, атрымліваецца пазнаёміцца з чацвёртым экіпажам – Генадзем Трахневічам і яго памочнікам Уладзімірам Савіцкім, якія спяшаюцца вярнуцца ў кабіну, каб працягваць уборку.

Генадзь Трахневіч і Уладзімір Савіцкі

Бяспечны тыл

За ходам уборачнай кампаніі пільна сочаць ратавальнікі-пажарныя, а таксама праваахоўнікі.  Экіпаж раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, адзначыў Дзмітрый Шарлан, нясе баявое дзяжурства, пакуль апошні камбайн не пакіне поле. Разам з Дзмітрыем сёння яго калега Іван Свірскі.

“Беражонага Бог беражэ!” – згаджаюцца камбайнеры, якія больш упэўнена адчуваюць сябе, маючы такі тыл.

Завіталі на поле таксама памочнік пракурора Кацярына Ілюковіч і оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Ашмянскага РАУС Аляксей Ярашэвіч. Іх мэта – пераканацца, што няма ніякіх парушэнняў закону, а ўборка вядзецца зладжана і якасна.

Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *