Віртуальная нерэальнасць

Точка зрения

Камп’ютары. Яны непрыкметна захапілі наш свет і з прылады працы для, так бы мовіць, абраных ператварыліся ў штодзённую звычайную рэч для мільёнаў людзей. Камп’ютары дапамагаюць нам разлічвацца ў магазіне, плаціць за паслугі, “хадзіць” у краму, апрацоўваць здымкі, слухаць музыку, глядзець фільмы, звязвацца праз інтэрнэт з іншымі людзьмі, нават гуляць у гульні.

Для людзей старэйшага пакалення гульні звычайна абмяжоўваюцца “Касынкай”, “Сапёрам” ці якімі-небудзь “шарыкамі” – дзе не трэба моцна напружваць розум і ў любы момант можна выйсці з іх і тут жа забыць, бо ў дарослых, як і ва ўсе стагоддзі, вельмі шмат працы і вельмі мала часу.

Для дзяцей гульня – гэта не проста магчымасць даць адпачыць гадаве, а цалкам паглынаючы сусвет, дзе можна стаць некім іншым – дужым і моцным, знакамітым і ўсясільным. Прыклад: калі ваша дзіця ў школе хтосьці штурхнуў, а магчымасці адказаць няма, то як толькі яно сядае за камп’ютар і загружае “стралялку”, то адразу становіцца “Вялікім і Усемагутным” і можа рабіць са сваімі супраціўнікамі што толькі захоча.

Ёсць падстава задумацца: чаму на многіх гульнях стаяць абмежаванні па ўзросту “да 12 (14, 16, 18) гадоў”? Можа, менавіта таму, што ў іх націск ставіцца не на стварэнне, а на разрушэнні і забойствы? За мяжой улады і розныя арганізацыі ўважліва сочаць за тым, каму якія дыскі з гульнямі прадаюцца. Парушэнні караюцца штрафам і нават турэмным заключэннем. У нас жа з гэтым значна прасцей: абмежаванні застаюцца на паперы, і ніхто не глядзіць, у што гуляе дзіця.

Не маю нічога супраць міравой павуціны, якая даволі часта з’яўляецца незаменнай для хуткага рэагавання на міравыя падзеі і ў якой можна знайсці шмат цікавай інфармацыі. Але нездарма многія называюць яе “вялікай звалкай”. Чаго тут толькі няма, якія толькі абяцанні не даюць вам, куды толькі не прапануюць зазірнуць і за кім падгледзіць. Добра, калі бацькі крыху цямяць у камп’ютарах і паставяць абмежаванні на доступ да некаторых сайтаў, а калі не? Ці шмат бацькоў дакладна можа сказаць, што іх дзеці не сядзяць на тых самых сайтах з абмежаваннем “да 18”.

Пра культуру мовы на многіх сайтах і форумах успамінаць таксама не прыходзіцца. Складваецца такое ўражанне, што людзі толькі ўчора вярнуліся з месцаў зняволення і яшчэ “балакаюць на фене”. А многія дзеці, бы тыя папугаі, пачынаюць паўтараць, нават не разумеючы, пра што яны ўвогуле гавораць.

Якім бы карысным ні быў інтэрнэт, аднак у любой манеты два бакі – праз сусветную павуціну адбываецца атупленне нацыі. Навошта вучыцца пісаць сачыненні і чытаць вялікія раманы і паэмы, калі можна ў інтэрнэце знайсці кароткі змест любога твора, сачыненне на любы густ. Навошта напружваць розум і рашаць складаныя задачкі, калі можна зайсці на патрэбны сайт і атрымаць рашэнне? А што, чаму і як, няхай настаўніца думае і разбіраецца.

Да таго ж камп’ютар гэта крыніца выпраменьвання, і падлеткам за ім можна знаходзіцца не больш 15 хвілін у суткі. А колькі часу за маніторам у дзень праводзяць вашы дзеці? Акрамя таго, доўгае сяджэнне ў адной позе прыводзіць да пагаршэння зроку і закасцянення. Кожны, хто сядзеў па некалькі гадзін на працы ў адной позе, добра ведае адчуванне быццам у вочы пяску насыпалі, а рукі, ногі, ды і ўвогуле ўсё цела пракруцілі праз мясарубку. Задумайцеся: па дзяржаўных нормах усім камп’ютаршчыкам кожныя 45 хвілін устаноўлены 15-хвілінныя перапынкі на актыўны адпачынак – устаць, прайсціся, размяцца. А дзеці робяць сабе такія адпачынкі?

Не так даўно ў суседняй Расіі адбыўся выпадак, які, спадзяюся, заставіць перагледзець стаўленне да дзіцячай залежнасці ад камп’ютараў. Справа была ў тым, што ў бальніцу прывезлі дзіця, якое жалілася на галаўны боль. Нягледзячы на ўсе намаганні ўрачоў, выратаваць яго не атрымалася. Ужо значна пазней высветлілася, што 10-гадовы хлопчык некалькі апошніх тыдняў амаль не адыходзіў ад камп’ютара, літаральна еў за ім і спаў. У выніку мозг не вытрымаў напружання.

А ці шмат дзяцей ідуць пасля школы ці ў выхадны дзень на стадыён ці проста на двор, каб пагуляць на свежым паветры? Ці яны застаюцца дома, са сваімі надзейнымі сябрамі камп’ютарам, планшэтам, ноутбукам, тэлефонам?



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *