Дзеткі-бедкі

Антон Мальшевский

Магчыма, зараз мае словы не спадабаюцца некаторым бацькам, аднак нехта ж павінен сказаць: у сваёй мары забяспечыць шчаслівае дзяцінства вы вельмі апякуеце сваіх дзетак, баіцеся лішні раз сказаць тое, што іх можа пакрыўдзіць, ці, крый божа, узяць рэмень, каб паставіць дзіця на месца… І, як вынік – вырастаюць разбалаваныя, разбэшчаныя дзеткі, якім усё дазволена.

Адразу адзначу: зараз гаворка ідзе пра дзяцей не тых бацькоў, якія выхоўваюць іх у разуменні, што такое дрэнна і што такое добра, а пра тых, якіх у грамадстве называюць яжматкамі, якія бацькамі з’яўляюцца выключна на словах.

Неаднаразова быў сведкам сітуацыі, калі ў магазіне дзіця пачынала раўці так, быццам яго забіваюць, “Хачу! Купі!”, валяцца па зямлі, кідацца на бацькоў. І ў большасці сітуацый бацькі здаваліся, куплялі нейкую цацку, якая праз дзве-тры хвіліны станавілася ўжо непатрэбнай, бо на гарызонце з’яўлялася новая. А бацькі зноў і зноў патураюць малому тэрарысту: чыпсы, чупа-чупсы, цацкі… Зразумела, што дарослыя самі сваімі паводзінамі спрыяюць таму, што ў іх хаце расце маленькі паніч… Найлепш да падобных сітуацый падыходзяць словы спевака Барыса Грабеньшчыкова: “Их дети сходят с ума от того, что им нечего больше хотеть…” А ў выніку дзіця пачынае лічыць, што ўвесь свет круціцца вакол яго, што ўсяго можна дабіцца, толькі скрывіўшы твар.

Яшчэ пра адзін выпадак расказала мая знаёмая. Яе дачка пайшла ў першы клас, і ў той жа клас прывялі “паніча” – у свае амаль сем гадоў дзіця не тое што завязваць шнуркі  ці трымаць аловак ці лыжку не ўмела, а хадзіла ў памперсе і ўжывала ўсяго некалькі слоў, галоўнымі з якіх, канешне ж, былі “дай” і “хачу”. А бацькі проста салаўямі заліваліся, якое ў іх расце цуда-дзіця…

Я магу зразумець, калі дзіця апякаюць ад цяжкай працы, але калі ў сем год дзіця недалёка адыйшло па развіцці ад хатняга ката, то гэта, прабачце, ужо праблема. І праблема гэта ўжо не сям’і, а дзяржавы, бо гэта — наша будучыня. А што можа даць грамадству чалавек, які прывык толькі браць?

Браць, нягледзячы на тое, каму належыць тая ці іншая рэч. Канешне, за крадзеж у нашай краіне ёсць пакаранне, але калі ты з малаком маці ўпітаў, што можна смела браць тое, што табе трэба, то гэта ўжо не выправіць ніякімі папраўчымі ўстановамі. Гэта ўжо не звычка, гэта – лад жыцця. Вельмі шкада, што многія бацькі ў сваёй звышапецы забываюцца пра тое, што яны не вечныя і пасля іх ніхто не будзе сюсюкацца з іх дзецьмі. Колькі зараз расце такіх непадрыхтаваных да жыцця дзяцей? А колькі іх ужо вырасла? У сродках масавай інфармацыі штогод праходзяць дзясяткі артыкулаў кшталту “Сын збіў маці за тое, што яна не дала яму грошай…”, “Унучка  ўкрала ў бабулі яе зберажэнні…”, “Сын забіў бацьку за…”.

Магчыма, чым раней дзіця зразумее, што яно не пуп зямлі, тым раней яно пачне развівацца, чым раней яно зразумее, што яно не заўсёды будзе лёгка і бясплатна атрымліваць, што хоча, яно пачне змагацца за гэта. Калі дзіця зразумее, што проста так нічога не даецца, яно пачне вучыцца працаваць і зарабляць. А не будзе сядзець пад крамай і клянчыць у мінакоў “Дай рубель…”.

У даўно мінулыя часы на тэрыторыі нашай краіны існаваў такі цудоўны звычай выхавання, як “дзядзькаванне”: калі шляхта аддавала дзяцей у сялянскія сем’і, каб іх нашчадкі зведалі народнае жыццё, раслі непераборлівымі ў побыце, цягавітымі, загартаванымі і здаровымі, з любоўю да роднай зямлі. На жаль, тыя часы даўно прайшлі, аднак прыклад, спадзяюся, зразумелы?

Не забывайцеся: дзіця – гэта копія бацькоў, пакажыце яму прыклад сваёй працай. Хочаце, каб яно расло моцным і здаровым? Тады хопіць з ім сюсюкацца! Замест канапы, тэлевізара і камп’ютара вазьміце яго з сабой на агарод, на дачу ці ў вёску: дайце яму лапату, граблі ці вядро. Нават калі дзіця наб’е гузак ці натрэ мазоль – яно будзе ведаць,  што такое праца. Дзіця хоча цукерак? Дайце яму заданне прыбраць у кватэры ці начысціць бульбы на вячэру:  і як ўзнагарода — цукерка.



Теги:

1 комментарий по теме “Дзеткі-бедкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *