«Чым скончыцца супрацьстаянне на мяжы?». Меркаванне адказнага сакратара «Ашмянскага весніка»

Общество

 

Антон Мальшэўскі, адказны сакратар установы “Рэдакцыя газеты “Ашмянскі веснік”:

– Журналістыка – адна з тых прафесій, дзе эмоцыі могуць сыграць не на карысць карэспандэнта – як урачам, нам даводзіцца ў некаторых выпадках быць жорсткімі суддзямі, а не ўсхваляванымі удзельнікамі падзеі. З гадамі на многія падзеі мы вучымся глядзець праз прызму прафесіі: без эмоцый, узважваючы ўсе за і супраць, падбіраючы аргументаваныя высновы.

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы мяне, як і кожнага жыхара памежжа, не можа не турбаваць. Зараз, напэўна, кожны ашмянец, астраўчанін, гродзенец і любы іншы жыхар памежжа задаецца пытаннем: чым скончыцца гэта супрацьстаянне? У многіх нашых людзей ёсць родныя за мяжой. Апошнія два гады нам і так абмежаваў і падпсаваў магчымасць сустрэч каронавірус, з-за якога многія краіны зачынілі свае межы і ўвялі шмат абмежаванняў на ўезд. Ледзь-ледзь мы прывыклі да гэтага, як пачалася новая недарэча: мігранцкі крызіс на заходняй мяжы.

Гледзячы на здымкі і відэаролікі ў СМІ аб гэтых падзеях, цяжка заставацца абыякавым. З аднаго боку, ёсць перажыванне за людзей, якія апынуліся ў такой няпростай сітуацыі. Добра тое, што беларусы не пакінулі бежанцаў без падтрымкі: у стыхійныя лагеры падвозіцца ежа, вада, рэчы першай неабходнасці, сухія дровы.

Аднак, з другога, – ёсць і хваляванне за нашых людзей: што будуць рабіць усе гэтыя “турысты”, калі не дасягнуць сваёй мэты: паспрабуюць вярнуццца да сябе? Застануцца ў Беларусі? Пойдуць у Расію? Калі курды, сірыйцы, лівійцы і прадстаўнікі іншых народнасцей усё ж пройдуць далей, у Польшчу, Літву, Латвію – гэта стане фіналам супрацьстаяння? Ці можа гэта выліецца ў новы, яшчэ больш закручыны сюжэт? Ці не паедуць следам за некалькімі сотнямі тысячы іх землякоў?



Теги: