Мы чытаем па-беларуску. А вы?

Главное

Колькі тыдняў таму ў СМІ з’явілася інфармацыя, што выкладанне геаграфіі і гісторыі Беларусі ў школе плануецца ажыццяўляць на роднай мове. На такія перспектывы людзі рэагуюць па-рознаму: нехта ўпэўнены, што толькі так і павінна быць, хтосьці, мякка кажучы, нязгодны — маўляў, ну як можна штосьці зразумець, а потым яшчэ і расказаць на беларускай мове?! Канешне, сігануць з месца ў кар’ер — справа няпростая ды і не патрэбная. Але ведаць родную мову ўсё ж трэба, і кропка. І ўспамінаць пра яе пажадана не толькі ў Дзень беларускага пісьменства, які сёлета, дарэчы, будзе адзначацца на Гродзеншчыне…

Адзінае пытанне — з чаго пачаць тым, хто па нейкіх прычынах з ёй вельмі на «Вы»? Мяркую, са мной пагодзяцца многія, — з кнігі, добрых, змястоўных твораў, напісаных каларытнай беларускай мовай.

Прыхільнікі роднага слова, якія жывуць на Ашмяншчыне, удзельнікі нашага круглага стала падзяліліся меркаваннямі і расказалі пра свой чытацкі выбар.

Людміла Зарэцкая, загадчыца гарадской бібліятэкі №1:

— Бібліятэка была, ёсць і, шчыра веру, застанецца асяродкам літаратуры, у тым ліку і беларускай. Для таго каб чытачы ахвотна наведвалі храм кнігі, каб далучаліся да скарбніцы роднай літаратуры, атрымлівалі сапраўдную асалоду ад зносін з фаліянтамі таго ці іншага аўтара, кожны супрацоўнік бібліятэкі робіць усё магчымае. Заўсёды ладзім выставы, прысвечаныя пэўнаму пісьменніку, нейкай важнай падзеі культурнага жыцця краіны. Такія добрыя нагоды ёсць і сёлета. У 2015 годзе адзначаецца 90 год з дня нараджэння Івана Навуменкі, 80 год — з дня нараджэння Рыгора Барадуліна, 175 — з дня нараджэння нашага славутага земляка Францішка Багушэвіча. Творчасці празаікаў і паэтаў прысвячаем літаратурныя вечарыны, у якіх актыўны ўдзел прымаюць і нашы чытачы — вучні сярэдняй школы №2, гімназіі, школы-інтэрната. З радасцю ідуць у гарадскую бібліятэку і нашы самыя маленькія чытачы — выхаванцы ясляў-сада №1. Для іх праводзім тэатралізаваныя экскурсіі, наведваем юных аматараў казак у дзіцячым садку.

Мяркуем, што цікавасць да твораў беларускіх аўтараў узрасце і дзякуючы кніжна-рэкламнай акцыі «Гэтая кніга — кніга тваёй мары? Прачытай і парай іншаму», якая стартавала напачатку года. Тым больш што прапанаваць чытачу сапраўды ёсць што. Так, асаблівай папулярнасцю карыстаюцца беларускія серыі «Вера. Надзея. Любоў», «Беларуская проза XXI стагоддзя», «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх аўтараў можна і на старонках часопісаў «Полымя», «Дзеяслоў». Перыядычныя выданні «Беларуская думка», «Беларускі гістарычны часопіс» знаёмяць з аўтарытэтнымі меркаваннямі наконт той ці іншай грамадска-палітычнай з’явы, навуковай тэмы. Для дзяцей прапануем серыю «Кніжная паліца школьніка», «Поры года», не толькі змястоўныя, але і добра паліграфічна аформленыя, ілюстраваныя часопісы «Вясёлка», «Рукзачок».

Безумоўна, ёсць чытачы падрыхтаваныя, яны часцей за ўсё ведаюць, што ім трэба, і прыходзяць за пэўнай кніжкай. Арыентавацца ва ўладаннях мастацкага слова ім дапамагае і наш адкрыты фонд. Аднак ёсць сярод чытачоў і тыя, каму трэба штосьці параіць, прапанаваць, а таму стараемся вывучаць іх густы, знаёміцца з літаратурай, якая паступае на нашы паліцы, падтрымліваць зваротную сувязь з наведвальнікамі, цікавіцца іх меркаваннямі і водгукамі. Праводзячы такую няхітрую «пошукавую справу» (усміхаецца), адзначыла, што асаблівым попытам карыстаюцца беларускія пісьменнікі Андрэй Федарэнка, Віктар Праўдзін, Валянціна Паліканіна, Віктар Марціновіч, Уладзімір Сцяпан, таленавіты паэт Рагнед Малахоўскі, рускамоўная беларуская пісьменніца Наталля Батракова, пісьменніца-казачніца Алена Масла.

Ангеліна Хілінская, вучаніца 11 класа Навасёлкаўскага ВПК:

— Колькі год удзельнічаю ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, а таму, безумоўна, больш чытаю на роднай мове. І паэзія, і проза беларускіх пісьменнікаў – гэта цэлая энцыклапедыя Беларусі, яе гісторыі, мовы, нацыянальных рыс. І мне, як беларусцы, не можа быць гэта нецікава.

Сярод беларускіх празаікаў асабліва магу вылучыць Удадзіміра Караткевіча, яго гістарычная проза вельмі захапляе. Чытаючы яго творы, можна перагарнуць амаль усе старонкі беларускай гісторыі. З асаблівай цікавасцю я прачытала яго раман “Чорны замак Альшанскі”. Наогул, я лічу, сучаснай моладзі карысна было б пачытаць яго кнігі: яны прывіваюць любоў да роднага краю, тым самым выхоўваючы патрыятызм. Любімая мая кніга – “Каласы пад сярпом тваім” – таксама гэтага аўтара. У гэтым творы ўсё: і побыт беларусаў, і іх мінулае, і мары, і пачуцці. Вельмі падабаюцца мне вершы Пімена Панчанкі — яны простыя і зразумелыя, але ў іх можна знайсці параду на кожны дзень, яны прасякнуты жыццёвай філасофіяй, якая зразумела кожнаму. А нядаўна мне давялося прачытаць яшчэ адну цудоўную кнігу, якую я атрымала ў якасці прыза за перамогу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды – зборнік дэтэктыўных апавяданняў “Злачынства, сэр!” На жаль, дэтэктыўны жанр у беларускай літаратуры толькі пачынае развівацца, таму ў гэтай кнізе змешчаны пераклады на беларускую мову.

Калі ж гаварыць наогул пра моладзь, я ведаю, што многім маім сябрам падабаюцца вершы сучасных беларускіх паэтаў, творы Васіля Быкава, якія, дарэчы, даспадобы і мне. А вось філасофскія раманы і аповесці не ўсе ўмеюць чытаць, удумвацца ў змест, таму яны менш папулярныя.

Шчыра спадзяюся, што чытанне беларускай літаратуры дапаможа вырашыць і яшчэ адну даволі вострую праблему — пашырыць сферу ўжытку роднай мовы. На жаль, зараз яе можна пачуць хіба што на ўроках мовы і літаратуры. Аднак дадам прыклад з уласнага жыцця. Калі рыхтавалася да алімпіяды, размаўляла па-беларуску: і пры асабістых размовах, і ў сацыяльных сетках, — і, на дзіва мне, усе адказвалі на беларускай мове, і амаль без памылак. Атрымліваецца, усе добра ведаюць родную мову, але па нейкіх прычынах саромеюцца яе. А вось з музыкай справы намнога лепш. Вельмі вялікая колькасць маіх знаёмых цікавіцца сучаснай беларускай музыкай, найбольш – рокавай яе плынню. Таму, на мой погляд, не ўсё яшчэ страчана, галоўнае — пачаць з сябе.

Эльвіра Міхайлоўская, медыцынская сястра Ашмянскай ЦРБ:

— Пакрыўлю душой, калі скажу, што чытаю выключна беларускія кнігі. Мне аднолькава падабаюцца і рускія, і замежныя аўтары. Сярод «нашых» магу вылучыць сучасніцу Людмілу Рублеўскую. Яе проза ўражвае не толькі цікавымі сюжэтамі, але і жывой мовай, яркімі, па-мастацку выпісанымі, выпеставанымі вобразамі. Павагі заслугоўваюць і класікі Якуб Колас, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч. Іх творы адрозніваюцца даступнасцю і прастатой, агульначалавечымі тэмамі, якія не могуць не кранаць. Яшчэ са школьных урокаў запалі ў душу вершы Рыгора Барадуліна. Дарэчы, любоў да роднай мовы і літаратуры нам прывівала Марыя Станіславаўна Мацвейка.

Увогуле чытаць па-беларуску мне нескладана. Магчыма, таму, што з маленства ў нашай сям’і гучыць родная мова. Гутарыць на ёй стараюся і паўсядзённым жыцці, хаця і не заўсёды — не хапае самадысцыпліны. Уплывае, канешне, і асяроддзе, у якое трапляеш: з людзьмі, што звяртаюцца да цябе па-руску, праз пэўны час збіваешся з роднай мовы, усё цяжэй становіцца знаходзіць беларускія адпаведнікі.

Як выбіраю аўтараў і творы? Часцей за ўсё раяць, што пачытаць, знаёмыя, цёця і мама, бібліятэкар, нейкія прозвішчы выхопліваю ў газетах. Інтэрнэт у гэтай справе лічу не вельмі слушным памочнікам і дарадцам. Доўга чытаць on-line няпроста — вельмі стамляюцца вочы. Добрая альтэрнатыва — якасная электронная кніжка. Зрэшты, і яна не можа замяніць папяровы варыянт. Куды большую асалоду атрымліваеш, калі бярэш у рукі звычайную кніжку, адчуваеш яе пах, прадчуваеш знаёмства з новымі героямі і эпохамі.

Можа, менавіта таму я люблю наведваць бібліятэку, падарожнічаць па кніжных паліцах у пошуку той самай адзінай кніжкі, якая патрэбна мне ў гэты момант. Пэўна, па гэтай самай прычыне з цягам часу разрастаецца і наша хатняя бібліятэчка. Нейкія экзэмпляры купляем з мамай самі, нейкія трапляюць да нас у якасці падарункаў. Кожнай з іх шанцуе, бо іх тут любяць — чытаюць і перачытваюць!

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *