Прыклад для пакаленняў. У Ашмянскім раёне са 100-гадовым юбілеем павіншавалі Генуэфу Каліновіч

Главное

Чалавечы век – гэта цэлая эпоха, напоўненая мудрасцю, стойкасцю і любоўю. У Ашмянскім раёне ёсць добрая традыцыя – з асаблівай цеплынёй і ўвагай ставіцца да тых, хто сустракае свой векавы юбілей. У гэты раз словы віншаванняў і пажаданняў гучалі ў адрас жыхаркі аграгарадка Станцыя Ашмяны Генуэфы Апалінараўны Каліновіч, якой гэтымі днямі споўнілася сто гадоў.

Павіншаваць юбілярку прыехаў старшыня Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Клышэўскі. Ён пажадаў жанчыне даўгалецця, здароўя і бадзёрасці духу. У мерапрыемстве такасама прынялі ўдзел начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ашмянскага райвыканкама Ірына Губарава, сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Яшына, прадстаўнікі Жупранскага сельвыканкама і работнікі культуры. Ва ўрачыстай абстаноўцы жанчыне быў уручаны галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

За плячыма юбіляркі – багатае і няпростае жыццё. Яна вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей, і была самай старэйшай. У пасляваенны час жанчына працавала паштальёнам. Яна прыгадвала, як было цяжка, не было добрага абутку, ды і ў цэлым узровень жыцця быў невысокім. Пазней давялося папрацаваць на камбікормавым заводзе.

Па характары Генуэфа Апалінараўна мэтанакіраваная, працавітая і акуратная. Разам з мужам яны трымалі вялікую гаспадарку, пабудавалі ўласны дом. Яна заўсёды дапамагала сынам, а да нявестак ставіцца як добрая, клапатлівая маці. Нават сёння час ад часу, калі дазваляе стан здароўя, яна спявае песні і чытае вершы. Жанчына дакладна памятае даты гістарычных падзей. Раней дбайная гаспадыня займалася шыццём і вышыўкай.

Шэсцьдзясят тры гады жанчына пражыла ў шлюбе з мужам Генадзем Віктаравічам, а ў 2013 годзе роднага чалавека не стала. Тады маці, бабуля і прабабуля ўсю любоў і клопат стала аддаваць сынам – Эдуарду, Алегу і Аляксандру. Акрамя іх, сапраўдным жыццёвым скарбам для жанчыны з’яўляюцца пяцёра ўнукаў і восем праўнукаў, якія расквецілі жыццё і падарылі крылы.

Сто год – у гэтай простай лічбе хаваецца многае: і працяг роду, і рупная праца, і бясконцая любоў, і шчаслівае мацярынства.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *