Восень — час вяселляў. Шчаслівыя і закаханыя пары вылучаюцца асаблівай прыгажосцю: вочы маладых людзей ззяюць пяшчотай і лагодай, яны размаўляюць без слоў на зразумелай толькі для іх мове. Закаханыя шчыра спадзяюцца захаваць такі ж лагодны позірк і адчуванні на ўсё жыццё. Толькі вялікае жаданне не страціць свайго чалавека, захаваць саюз двух сэрцаў можа дапамагчы прайсці жыццёвы шлях рука аб руку. У гэтым упэўнена сям’я Мацкевіч з Ашмян, якая ў гэтым годзе адзначыла 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця.
Гісторыя знаёмства
Як людзі знаходзяць асабістае шчасце? У век высокіх тэхналогій — часта дзякуючы інтэрнэту і сацыяльным сеткам. Каб не памыліцца з выбарам, некаторыя арыентуюцца на астралогію, псіхалогію, меркаванні родных і іншыя рэчы. Казімір Мацкевіч пры выбары жонкі арыентаваўся выключна на ўласнае сэрца. Юнак ведаў, што яно не падвядзе. І сёння мужчына памятае пагодны і прыгожы ліпень 1976 года. Менавіта тады адбылася лёсавызначальная сустрэча Казіміра і Ванды, якія пазнаёміліся падчас працы на сенажаці ў вёсцы Баранцы. Выразныя вочы дзяўчыны не маглі пакінуць абыякавым Казіміра. І ўжо ў канцы верасня адбылося вяселле. Трэба адзначыць, што сямейныя каштоўнасці для Казіміра і Ванды ўжо тады былі на першым месцы. Ванда Браніславаўна вырасла ў вялікай сям’і, дзе, апрача яе, выхоўвалася яшчэ пяцёра дзяцей. У Казіміра Станіслававіча былі дзве сястры і брат. Ванда і Казімір з дзяцінства былі далучаны да працы і рупнага выканання абавязкаў, таму сумесны быт іх ніколькі не палохаў. Дата 23 верасня 1976 года стала кропкай адліку новай жыццёвай старонкі.
Сумеснае жыццё
Вядомая беларуская прыказка сцвярджае простую ісціну: жыццё пражыць — не поле перайсці. Сумеснае жыццё не будуецца на рамантыцы, не бывае цалкам ідэальным, пазбаўленым праблем і крызісаў. За пяцьдзясят год сумеснага жыцця былі розныя моманты: спрэчкі, непаразуменні. Аднак вышэй за ўсё муж і жонка ставілі павагу адзін да аднаго, клопат, магчымасць падставіць плячо падчас жыццёвых бур і няўдач. У шчаслівым шлюбе нарадзілася двое дзяцей – Марыя і Станіслаў. Дзеці па-сапраўднаму расквецілі сумеснае жыццё, надалі яму сэнс і глыбіню. Бацькі імкнуліся даць усё найлепшае дачцэ і сыну, дапамагчы рэалізаваць таленты, а галоўнае — даць любоў і падтрымку.
Імкнуліся рэалізавацца Ванда і Казімір і ў прафесійнай дзейнасці. Больш за сорак год Казімір Мацкевіч працаваў вадзіцелем на прадпрыемстве “Аграпрамтэхніка”. Яго жонка працавала поварам у дзіцячым садку, пасля — у буфеце. Той час прыгадваецца з асаблівай цеплынёй. Няглядзячы на безліч абавязкаў, звязаных з выхаваннем дзяцей, працай, хатнімі клопатамі, Ванда і Казімір прыгадваюць той час з асаблівай цеплынёй, сумуючы па дынаміцы ранейшага жыцця.
Плёны
На сённяшні дзень Ванда і Казімір знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Яны адзначаюць, што жыццё істотна запаволілася: не трэба спяшацца па справах, ёсць магчымасць жыць у сваім рытме. З аднаго боку, гэта выклікае лёгкі сум і настальгію, а з другога — дапамагае засяродзіцца на жыцці, на тым чалавеку, што побач. Дзеці выраслі і пакінулі бацькоўскае гняздо. Яны больш не патрабуюць клопату, апекі. Але па-ранейшаму бацькі перажываюць за дзяцей. Сапраўднай радасцю і гонарам для бабулі і дзядулі сталі і ўнукі. Наталля, Ангеліна і Карына ўнеслі ў размераны быт шмат радасці і цеплыні. Бабуля і дзядуля пільна сочаць за іх поспехамі, стараюцца падтрымліваць і дапамагаць. А два гады таму здарылася знакавая падзея — нарадзіўся ўнук Уладзіслаў. Самы малодшы ўнук унёс новыя фарбы ў жыццё.
На пенсіі Ванда і Казімір смакуюць сваю штодзённасць. Цёплыя размовы, сумесны прагляд фільмаў і тэлеперадач, праца на гародзе ў сезон — усё гэта стала неад’емнай часткай жыцця. Ванда Браніславаўна любіць шыць, ствараючы прыгажосць уласнымі рукамі, а яе муж сочыць за парадкам на прысядзібнай тэрыторыі.
Свята ў сямейным коле
У канцы верасня Ванда і Казімір адзначылі юбілей сумеснага жыцця. Самі юбіляры не спадзяваліся на гучнае мерапрыемства, жадаючы адзначыць паўвекавую дату ў сямейным коле. Аднак дзеці, унукі і шматлікія родзічы вырашылі па-іншаму. У святочны дзень у доме Міцкевічаў сабраліся родныя з Ашмян і наваколля, Навагрудка, Маладзечна, Пастаў, Мінска. Цёплыя словы і пажаданні гучалі ў адрас юбіляраў, напаўняючы іх сэрцы радасцю і ўдзячнасцю.
Рэцэпт сямейнага шчасця
З якіх інгрэдыентаў складаецца сямейнае шчасце? Сям’я Мацкевіч адказвае на гэтае пытанне проста — з цярпення, павагі да асобы, што побач, умення дараваць, супольнай справы, гумара і ўмення пасмяяцца з сябе, агульнай мэты і веры. А галоўным і самым важным з’яўляецца каханне, якое з гадамі становіцца больш ціхім і глыбокім. З цягам часу пачуццё ўжо не патрабуе слоў, а толькі позірка, дотыка, а часам і маўчання. Рэцэпт сям’і Мацкевіч ніколі не быў запісаны. Яго проста штодня выкарыстоўвалі з душой і вялікай удзячнасцю, а зараз перадалі наступным пакаленням.
Марта БАГДАНОВІЧ.

