Ашмянскі «Эверэст» не скарыць!

Главное

Вядомая на ўсю краіну гульня “Што? Дзе? Калі?” заваявала сэрцы мільёнаў людзей яшчэ ў 1975 годзе, калі ўпершыню з’явілася на тэлеэкранах. З таго часу гуляюць у яе не толькі знатакі высокага ўзроўню, але і шматлікія аматары. Папулярнасць гэтая гульня набыла і ў нашым раёне. Першы чэмпіянат сярод работнікаў мытні прайшоў яшчэ ў мінулым годзе, сёлета каманды знатакоў сабраліся ў сярэдзіне студзеня.


Арганізатарамі зімовага інтэлектуальнага турніру гульні “Што? Дзе? Калі?” выступілі аддзел ідэалагічнай работы ашмянскай мытні і раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Чэмпіянат за званне галоўных знатакоў прысвяцілі 75-годдзю ўтварэння Ашмянскага раёна, таму невыпадкова некаторыя пытанні тычыліся гісторыі краю.

За права называцца лепшымі знатакамі змагаліся 7 каманд. Інтэлектуалы з пастоў мытні “Катлоўка”, “Беняконі” і “ Каменны Лог”, зборныя каманды цэнтральнага апарату мытні, каманда аддзела аналізу і кантролю мытных працэдур, а таксама знатакі аддзела тэхнічных сродкаў мытнага кантролю, сувязі і інфармацыйных тэхналогій яскрава дэманстравалі свае веды ў напружанай барацьбе, якая паказала і шырыню кругагляду, і ўважлівасць, і здольнасць удзельнікаў хутка лагічна мысліць.

Гульня складалася з трох тураў, у кожным з якіх было 12 даволі складаных пытанняў. Члены журы, агучваючы вынікі кожнага тура, да апошняга не маглі прадказаць, хто стане пераможцам чэмпіянату: настолькі шчыльна ішлі каманды знатакоў на працягу ўсёй гульні. Хвіліна на абмеркаванне — і інтэлектуалы запісвалі адказ на бланку, які адразу адпраўляўся на стол журы, у склад якога ўвайшлі работнікі Ашмянскай мытні, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ” і раённай газеты.

У першым туры лепшыя вынікі прадэманстравала каманда  аддзела тэхнічных сродкаў мытнага кантролю, сувязі, інфармацыйных тэхналогій  “Хуткая дапамога”, у другім — зборная каманда цэнтральнага апарату мытні “Эверэст”, у трэцім —  каманда  “Меркурый” паста “Каменны Лог”. Па рэзультатах трох тураў  перамагла каманда “Эверэст”, за якую выступаў ветэран Ашмянскай мытні, адзін з заснавальнікаў інтэлектуальнага руху ў мытні Аляксандр Васільевіч Старавыбарны.

Узнагароджвалі пераможцаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вольга Шыдлоўская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы мытні Алена Калыбіна. Каманда “Эверэст” атрымала кубак, а інтэлектуалы каманды “Хуткая дапамога”, якія адсталі ад пераможцаў усяго на 0,2 бала, — салодкі прыз.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *