Падарунак Прэзідэнту — ад ашмянцаў

Культура Образование

Беларускія майстры заўсёды славіліся вырабамі з залатой саломкі, паслухмянага дрэва і, канешне ж, беларускага скарбу — лёну. Кожны такі выраб сагрэты сэрцам і пяшчотнымі рукамі майстра. А кожная такая рэч — асаблівая, не падобная да іншай, як і падарунак Прэзідэнту, зроблены ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

На абласной выставе куфар з лёну спадабаўся ўсім, таму нашаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі было прапанавана  падрыхтаваць падарунак кіраўніку дзяржавы.

Над эксклюзіўным, прыгожым вырабам педагогі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вера Грыгарэнка, Наталля Ромаш,  Наталля Вайцяхоўская, Тамара Кетрыс, Наталля Шыдлоўская і Валянціна Вербіловіч працавалі амаль чатыры дні. Спачатку зрабілі неверагодны куфар з ільну, які напоўнілі цікавымі вырабамі. Кампазіцыю ўпрыгожылі два кані і фурман, які стаіць побач. Таленавітыя майстры яшчэ зрабілі зубра і традыцыйных лялек, якія прадстаўляюць нашу культуру.

Дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Буйніцкая адзначае, што ім патрэбна было зрабіць куфар, але не дадаць нешта сваё майстры не змаглі — сваімі рукамі выпляталі ўзор на абрусе і сурвэтках, складалі кампазіцыю, у якую ўклалі часцінку сваёй душы.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ўдзячны аддзелу адукацыі, спорту і турызму, які аказаў  вялікую дапамогу, а таксама  ААТ “Ашмяны-Лён”за матэрыял для вырабаў.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *