Новы год у Ашмянскай ЦРБ

Культура

Напярэдадні любых свят чалавеку так важна знаходзіцца ў коле сяброў, родных і блізкіх. Асабліва гэта тычыцца навагодняга часу – часу радасці і весялосці. І як недарэчы ў такі час апынуцца ў бальнічных сценах.


Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама Ашмянская раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” традыцыйна клапоцяцца пра тых, хто трапіў у бальніцу напярэдадні навагодніх свят – дзяцей і маладых мамаў.

Каб хоць трошкі скрасіць шэрую нуду бальнічнага жыцця, у дзіцячае аддзяленне ў перадкалядны дзень завіталі Дзед Мароз са Снягуркай. Маленькія пацыенты і маладыя мамы з нецярпеннем чакалі іх прыходу. І вось, калі дзверы ўрэшце расчыніліся, у залу, дзе была загадзя пастаўлена і ўпрыгожана ёлка, з песняй ўвайшла Казка.

Дзеці і дарослыя радасна вадзілі карагод, спявалі песні, гулялі з казачнымі гасцямі. Маленькія пацыенты расказвалі вершы. А на заканчэнне ўсім ім уручылі падарункі, а таксама пажадалі хутчэйшага выздараўлення. У адказ па гулкім калідоры неслася шчырае шматгалосае “Дзякуй!”

Не забылі і дзяцей, якія не змаглі прыйсці на свята. Дзед Мароз неадкладна рушыў у палату, каб павіншаваць і іх.

Было ў гасцей і яшчэ адно асабліва ганаровае заданне – наведаць маладых мамаў з немаўлятамі. Імправізаваная цырымонія ўручэння навагодніх падарункаў у радзільным аддзяленні развесяліла прысутных.

Артысты Граўжышкоўскага сельскага Дома сямейнага адпачынку не адмовіліся ад ганаровай місіі прынесці радасць. Мерапрыемства адбылося ў межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Вельмі проста стварыць цуд, асабліва калі ведаеш, што некаму ён вельмі патрэбен.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *