У Ашмянах адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства

Главное

На мінулым тыдні ў Ашмянах прайшоў ХХХ Рэспубліканскі конкурссемінар повараў, кандытараў і афіцыянтаў спажывецкай кааперацыі. Вітаючы лепшых майстроў сістэмы грамадскага харчавання Белкаапсаюза, старшыня журы, начальнік аддзела грамадскага харчавання вышэйзгаданай арганізацыі Аляксандр Гашко нагадаў гісторыю спаборніцтва за званнеЛепшы па прафесіі”, адзначыўшы, што пачалася яна ажно ў 1957 годзе. З таго часу лепшыя повары і кандытары рэспублікі кожныя тры гады (такая перыядычнасць склалася апошнім часам) збіраюцца на адной кухні, каб вызначыць сапраўдных прафесіяналаў


Менавіта гэты конкурс стаў сімвалам прызнання значнасці адказнай і нялёгкай прафесіі і паспрыяў стварэнню ў рэспубліцы плеяды майстроў поварскай і кандытарскай справы. Аднак шаноўны госць не ўзгадаў адну важную акалічнасць. Ашмяны гэты конкурс ужо прымалі, і праходзіў ён ізноў жа ў нашым рэстаране. Праўда, тады ён не мог пахваліцца такім шыкоўным выглядам і назву меў больш прыземленую, такую, як і многія кропкі грамадскага харчавання – “Беларусь”. У васьмідзясятыя гады наш райспажыўсаюз грымеў на ўсю рэспубліку, аб чым сведчаць і конкурсы, што праходзілі на нашай базе, і ўзнагароды, якія атрымлівалі работнікі спажывецкай кааперацыі, і ўспаміны людзей, якія працавалі ў гэтай сістэме ў той час, а таксама тых, хто спажываў прадукцыю райсаюза.

Безумоўна, больш чым за паўвекавую гісторыю ўмовы конкурсу і самі заданні змяніліся, аднак прэстыж яго і высокі ўзровень арганізацыі застаўся ранейшым. І на гэты раз ашмянцы пастараліся, каб госці адчувалі сябе як дома. Для работы былі задзейнічаны кандытарскі цэх і кухня рэстарана «Імперыя». Афіцыянты дэманстравалі сваё майстэрства ў зале рэстарана.

Конкурсы повараў, кандытараў і афіцыянтаў праходзілі адначасова. У поўным сэнсе слова было горача на кухні. Поварам належыла не толькі прыгатаваць смачныя стравы, але і прыгожа іх выкласці на талеркі, даступна расказаць, як гатаваліся. Згодна з умовамі конкурсу кулінарны паядынак доўжыўся дзве гадзіны. Асноўны прадукт удзельніку прадастаўляўся па прынцыпе «чорнай скрынкі»: што дастанеш, тое і гатуй! Вечарам повары шчыравалі над асноўным меню рэстарана. Дэгустатарамі прыгатаваных страў выступілі не толькі члены журы, але і наведвальнікі “Імперыі”. На наступны дзень прайшоў конкурс “Майстар карвінгу”, падчас якога повары спаборнічалі ў майстэрстве мудрагелістага вырэзвання па кабачках. Фантазія майстроў не ведала супынку! Гэта ўсё трэба было пабачыць! Створаныя шэдэўры, бясспрэчна, нададуць нават сціпламу сталу святочнасць і непаўторнасць.

Афіцыянты сервіравалі сталы на загадзя зададзеную тэму, налівалі ў тры аднолькавыя шклянкі неабходную колькасць напою, дэманстравалі сваё майстэрства пры абслугоўванні наведвальнікаў рэстарана, мудрагеліста скручвалі (хто больш за 10 хвілін) сурвэткі, бегалі з падносамі і бакаламі, напоўненымі вадой, што, на маю думку, дык было і лішнім. Хаця і ў гэтым конкурсе арганізатары мелі рацыю: розныя сітуацыі могуць узнікнуць пры абслугоўванні кліентаў і толькі аператыўнасць часам зможа ўратаваць афіцыянта ад “сусветнай катастрофы”.

Вынікі старанняў кандытараў былі бачны на выставах, якія працавалі ў прасторнай светлай зале рэстарана. Не падзівіцца на эксклюзіўныя вясельныя торты вагой да 8 кілаграмаў мог толькі зусім раўнадушны чалавек. Побач з імі размясціліся мафіны, капкейкі і пціфуры, якія, згодна з умовамі конкурсу, трэба выло выпечы і аздобіць у навагодняй тэматыцы. Хіба што іх было занадта шмат, ажно вочы разбягаліся. А што тычыцца кексаў, якія мы чамусьці называем моднымі замежнымі слоўцамі «мафіны» і «капкейкі”, быццам ад гэтага зменіцца іх смак і іх ласуны будуць лепш купляць, то гэтыя творы мастацтва хацелася з’есці адразу ж, не адыходзячы ад выставачнага стала. Фатаграфаваць навагоднія ласункі падыходзілі нават мужчыны. Пасля завяршэння конкурсу ўсю гэтую смакату жыхары Ашмян маглі купіць. Тут жа, у рэстаране, быў арганізаваны святочны гандаль.

Сярод гэтай мітусні і занятасці повары і кандытары паспявалі падзяліцца сваім майстэрствам, навінкамі ў прафесіянальнай справе, абмяркоўвалі ўбачанае, раіліся, як можна зрабіць яшчэ лепш. Нездарма ж конкурс называўся яшчэ і семінарам. Не прамінулі і мы пагутарыць з удзельнікамі творчага спаборніцтва. Алеся Пратасава, афіцыянт Добрушскага райспажыўтаварыства, шчыра і з цеплынёй расказвала аб сваёй прафесіі, якую выбрала выпадкова. Прыйшла ў кафэ “Вікторыя”, каб на дзесяць хвілін падмяніць сяброўку, а затрымалася ўжо на 9 год. Парыкмахер па спецыяльнасці, Алеся не ўяўляе свайго жыцця без працы, якую вельмі любіць. Мажліва таму ў конкурсе сярод афіцыянтаў яна заняла ганаровае другое месца.

А вось удзельнік каманды ад Гродзенскай вобласці Аляксандр Юхнавец, повар прыдарожнага кафэ “Гасціны двор”, што побач з Лідай, папрацаваўшы год пасля заканчэння Казлоўшчынскага каледжа афіцыянтам, прыйшоў да высновы — гэта не яго справа. Гатаваць і радаваць прысмакамі людзей – вось яго прызванне. Конкурсныя стравы Аляксандра, які ўсяго толькі год працуе поварам, члены журы расхвалілі і паставілі высокія балы. У выніку Аляксандр Юхнавец заняў у конкурсе трэцяе месца. Яму таксама быў павышаны кваліфікацыйны разрад.

Што тычыцца каманды Гродзенскай вобласці, то яна, напэўна, была самай маладой, аднак гэта не стала перашкодай падчас выступлення. Афіцыянт Астравецкага філіяла абласнога спажывецкага таварыства Руслан Трамбовіч, якому споўнілася 19 год, атрымаў падарунак як самы малады ўдзельнік конкурсу, а па выніках усёй конкурснай праграмы стаў трэцім. Падарункам узнагароджана афіцыянт рэстарана “Імперыя” Жанна Ясевіч, а таксама кандытар Астравецкага філіяла Ірына Базюк. Дыпломам трэцяй ступені адзначана майстэрства повара Мастоўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажыўтаварыства Віталя Крупіцы.

Дыпломы і падарункі лідарам конкурсу ўручыў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў. Лепшым поварам прадпрыемстваў грамадскага харчавання прызнаны Юрый Назарук з Брэсцкага спажыўтаварыства. Сярод афіцыянтаў упэўненую перамогу атрымала Вольга Міховіч, афіцыянт Драгічынскага спажывецкага таварыства. Дыплом першай ступені павезла ў Лепель кандытар Іна Лычоўка.

Пераможцам сярод абласцей стала каманда Віцебскага абласнога спажывецкага саюза, якая заваявала найбольш прызавых месцаў. Ёй была ўручанана вышэйшая ўзнагарода конкурсу – крыштальны поварскі каўпак.

Шчыра прызнаюся, што падчас двухдзённага назірання за работай повараў, кандытараў і афіцыянтаў цалкам памяняла погляд на гэтыя, як мне здавалася, звыклыя, нічым не адметныя і незаўважныя прафесіі. Праўду кажуць, што добра там, дзе няма нас. Ніколі не задумвалася, што работа людзей вышэйзгаданых прафесій можа быць такой складанай і адказнай. Аднак калі ты ставішся да сваёй работы з душой, калі любіш тое, што робіш, паважаеш людзей, для якіх і шчыруеш штодня, тады і любыя складанасці лягчэй пераадольваюцца і вынік атрымліваецца адпаведны. А за працу ўсім удзельнікам конкурсу нізкі паклон, таксама як і за вячэрняе меню ў рэстаране, дзе мы паспыталі экзатычны салат з манга і авакада, шчодра пасыпаны кедравымі арэшкамі і паліты адмысловай салатнай запраўкай; рыбку, фламбіраваную каньяком; крэветкі ў цесце філо пад сметанковым соусам з гарганзолай. Аднак мне, як несусветнай ласусе, больш за ўсё спадабалася парфэ з лімонам.

Свята закончылася. Хочацца спадзявацца, што тое прызнанне, якога былі ўдастоены майстры на сцэне, не застанецца незаўважаным з боку кіраўніцтва структурных падраздзяленняў Белкаапсаюза і адаб’ецца на далейшай рабоце спажывецкай кааперацыі, а мы такую вось прыгажосць і смакату будзем бачыць не толькі на конкурсах, але і штодня, завітаўшы ў кулінарыі і кафэ  сістэмы спажывецкай кааперацыі.

За высокую арганізацыю рэспубліканскага конкурсу і цёплы прыём гасцей граматай Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі ўзнагароджаны дырэктар Ашмянскага філіяла Уладзімір Конюх. Узнагарода кіраўніка – гэта прызнанне работы ўсяго калектыву нашых кааператараў, якія зрабілі ўсё неабходнае, каб у гасцей склалася добрае ўражанне ад наведвання нашай ашмянскай зямлі, багатай не толькі традыцыямі кулінарнага і поварскага майстэрства, але і творчымі талентамі, што прадэманстравала выступленне народных мастацкіх калектываў нашага раёна: тэатра танца і песні “Імпульс”, ансамбля песні і танца “Крыніцы” і ансамбля цыганскай песні “Джана Рома”.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *