Вандроўка па Кальчунскім краі

Культура

Ашмяншчына багатая на творчых асоб і апантаных рупліўцаў, усёй душой адданых гэтай непаўторнай прыгожай зямлі,  якая дала ім жыццё альбо развіла іх талент. Такія людзі жылі, жывуць і, шчыра спадзяюся, будуць жыць і працаваць у нашым краі заўжды.


Адным з такіх геніяльных творцаў, без перабольшвання, з’яўляецца асветнік, навуковец і ўрач Енджэй Снядэцкі, якога па праве сваім земляком называюць і беларусы, і літоўцы, і палякі. Яго грунтоўныя даследаванні сталі важкім унёскам у развіццё хімічнай навукі, а  распрацаваная хімічная тэрміналогія да гэтага часу знаходзіцца ва ўжытку.

Наўрад ці мог падумаць гэты чалавек, што праз больш чым дзвесце сорак год яго імя і справы дадуць пачатак трывалым сяброўскім стасункам паміж трыма краінамі ў галіне адукацыі  і навукі і стануць  яшчэ адным штуршком да вывучэння гісторыі роднага краю і знаёмства з дзейнасцю людзей, якія яго праслаўлялі.

З кожным годам цікавасць да асобы Енджэя Снядэцкага ўзрастае. У Кальчунскую школу, дзе створаны музей славутага навукоўца, а таксама на могілкі ў Гародніках, дзе ён пахаваны, пастаянна наведваюцца турысты і краязнаўцы, а таксама зацікаўленыя мясцовыя людзі і шматлікія госці ашмянскай старонкі.

Напярэдадні дня нараджэння Енджэя Снядэцкага, які прыпадае на апошні дзень лістапада, у Кальчуны наведаліся ўдзельнікі творчага клуба “Сустрэчы”, што створаны  пры цэнтральнай раённай бібліятэцы і якім зараз кіруе Святлана Антонаўна Галінская. У мясцовай школе кіраўнік музея Таццяна Ягораўна Давідовіч разам з вучнямі, членамі гуртка “Музейная справа” Аляксеем Пабядзінскім, Алесяй Карыцкай і Аляксандрай Супрановіч  прапанавалі наведаць школьны музей, дзе расказалі пра жыццё і дзейнасць навукоўца, яго сям’ю і маёнтак Болтуп, у якім пэўны час жылі Снядэцкія.

Дырэктар школы Антон Пятровіч Шмукста правёў гасцей яшчэ ў адзін музей – гісторыі школы, якой у гэтым годзе споўнілася 45 год. Сваё другое жыццё школа пачала адлічваць зусім нядаўна, калі згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі   навучальная ўстанова, можна сказаць, была адбудавана наноў. Утульная і прыгожая, яна цяпер выклікае шмат станоўчых эмоцый не толькі ў шматлікіх гасцей, але і вучняў, іх тут навучаецца 141, а таксама ў педагогаў.

Калі мы наведаліся ў школу, тут актыўна вялася падрыхтоўка да традыцыйных лістападаўскіх сустрэч з нагоды дня нараджэння Енджэя Снядэцкага, на якія штогод з’язджаюцца краязнаўцы і навукоўцы, архітэктары і мастакі, вучні і настаўнікі з Польшчы (Мураваная Гасліна) і Літвы (Яшуны). Нягледзячы на занятасць, Таццяна Ягораўна знайшла час, каб пабываць са сваімі гасцямі на могілках, дзе пахаваны наш зямляк, расказала аб рэстаўрацыі помніка на магіле Снядэцкага, а таксама падчас наведвання  гародніцкай капліцы разам з мясцовай парафіянкай распавяла гісторыю  яе ўзвядзення. У мінулым годзе намаганнямі беларускіх пазалотчыкаў тут была адноўлена ікона Божай Маці Гародніцкай. Работы былі праведзены да чарговых “Сустрэч у лістападзе”.

У гэты ж дзень удзельнікі клуба “Сустрэчы” завіталі ў Кальчунскі Дом культуры і мясцовую бібліятэку. Сняжана Іосіфаўна Кагадоўская і Алена Адольфаўна Шкелда, гаспадыні гэтых устаноў культуры,  запрасілі гасцей на кубачак кавы. Сваю работу з мясцовым насельніцтвам яны  прадэманстравалі праз фільм, а таксама падчас знаёмства з творчымі людзьмі Кальчунскага краю. Святлана  Юр’еўна Сярпейка ўжо шмат год свае ўменні ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці перадае кальчунскім дзецям: спачатку, калі працавала ў мясцовым дзіцячым садку, зараз – у школе. Апроч таго, Святлана Юр’еўна піша вершы. Некаторыя з іх, што ўвайшлі ў калектыўны зборнік расійскіх аўтараў, мясцовая паэтка прачытала падчас сустрэчы.  Нікога не пакінуў раўнадушным дасціпны гумар Ігара Вікенцьевіча Спірыдовіча,  які прачытаў свае каларытныя байкі, напісаныя на мясцовым матэрыяле. А вось вершы Генуэфы Францаўны Кеўра былі выкарыстаны падчас стварэння фільма пра кальчунскую старонку. Шмат паэтычных радкоў Кальчунам прысвяціў і жыхар горада Пётр Валяр’янавіч Шакола.

Фальклорную спадчыну гэтага краю шмат год прапагандуюць удзельніцы самадзейнага  калектыву  “Скарбніца”. Некалькі год назад гурт прымаў удзел у творчым тэлепраекце канала СТВ “Наперад у мінулае”. А вось сучаснае песеннае майстэрства прадэманстравала моладзь: Аліна Кунгурцава, Яна Андрыеўская і Аксана Юркантовіч.

З цікавасцю слухалі госці аповед Алены Шкелда аб ажыццяўленні на тэрыторыі Кальчунскага сельскага Савета праекта “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў КУТ”.  Дзякуючы ініцыятыве мясцовага бібліятэкара і актыўнасці мясцовых жыхароў шмат добрых спраў зроблена ў гэтым кутку Ашмянскага раёна: пасаджаны пладовы сад, адрамантаваны масток і добраўпарадкавана дзіцячая пляцоўка. У аграгарадку праведзены творчы фестываль, на якім адзначаны актывісты праекта, а таксама лепшыя, па выніках конкурсу, гаспадары вясковых сядзіб. Разам з тым праект садзейнічаў умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі. Цяпер тут можна не толькі пачытаць кнігу альбо перыядычныя выданні, стаць удзельнікам групы здароўя, далучыцца да валанцёрскага руху, але і пагуляць у тэніс, а таксама пазнаёміцца з адным з відаў народнага  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ткацтвам і нават прыняць удзел у стварэнні адмысловых беларускіх ручнікоў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *