Летнікі чакаюць дзяцей

Главное

Дачакаліся. Вось і прыйшло яно – жаданае лета. Самая любімая пара ў нашых дзяцей! Лета неразрыўна звязана з адпачынкам у летніках. Нездарма ж гэтыя словы ў беларускай мове аднакаранёвыя.

Штогод напярэдадні летніх канікул галоўны спецыяліст прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ашмянскага раёна Ніна Бабраўніцкая праводзіць нараду са старшынямі камісій па аздараўленні ў арганізацыях, на якой аналізуюцца вынікі мінулагодняй летняй кампаніі і абмяркоўваюцца пытанні арганізацыі аздараўлення на бягучы год.

Як было адзначана Нінай Бабраўніцкай, летась у летніках розных профіляў аздаравілася ў раёне 1522 дзіцяці, з іх 187 склалі дзеці-сіроты і 18 – дзеці-інваліды. На змяншэнне кошту пуцёвак асобным катэгорыям дзяцей з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 32 мільёны рублёў, на падрыхтоўку летнікаў да работы – звыш 225 мільёнаў рублёў.

Сёлета перад юнымі жыхарамі раёна раскрыюць свае дзверы 8 кругласутачных летнікаў (660 дзяцей) і 17 – дзённых (650 дзяцей). Амаль 500 дзяцей адпачне гэтым летам у “Дружбе”. Усе  чатыры змены ў летніку будуць профільнымі. Жупранская школа імя Францішка Багушэвіча збярэ адораных дзяцей. Летнікі пры Мураванаашмянкоўскім ВПК і школе-інтэрнаце скіраваны на экалагічнае выхаванне дзяцей. Ва ўсіх гэтых летніках змена разлічана на 18 дзён. Набыццё пуцёвак у гэтыя летнікі праходзіць праз аддзел адукацыі, спорту і турызму. Дзевяцідзённыя будуць працаваць пры Гальшанскай школе (гісторыка-археалагічны летнік “Кентаўры”), Барунскім ВПК (працы і адпачынку) і такі ж – пры Кальчунскай СШ.

Дзённыя летнікі адкрыюцца пры ўсіх школах, а таксама пры дзіцячым садку №7 і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Што тычыцца кошту пуцёвак, то ў сярэднім адпачынак у “Дружбе” абыдзецца ў 1875000 рублёў (кошт вагаецца ў залежнасці ад узроставай групы). 1200000 рублёў ад гэтай сумы – датацыя Фонду сацыяльнага страхавання насельніцтва. На нарадзе было агаворана, што 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі павінна пакрыць прафсаюзная пярвічка і па меры магчымасці столькі ж – арганізацыя, у якой працуюць бацькі дзіцяці. У выніку бацькам прыйдзецца выкласці са сваіх кашалькоў зусім нязначную суму.

Як і ў мінулыя гады, асноўная ўвага будзе скіравана на аздараўленне дзяцей са шматдзетных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама з сем’яў, даход якіх на аднаго чалавека не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму (1212470 рублёў). Трэба адзначыць, што на працягу года атрымаць пуцёўку ў летнік (“Дружба”, а таксама кругласутачныя 18-дзённыя летнікі пры школах) дзеці маюць магчымасць толькі адзін раз. Двойчы аздаравіцца могуць дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзеці непрацуючых пенсіянераў.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *