Пленэр у Нарбутах

Главное

У чацвёрты раз на базе нашага раёна прайшоў рэгіянальны мастацкі пленэр, арганізаваны Ашмянскай дзіцячай школай мастацтваў. Сёлета «злёт» юных талентаў быў прысвечаны святкаванню Вялікай Перамогі, а таму атрымаў назву «Гады вайны — стагоддзі памяці».

Для ўдзельнікаў пленэру, які праходзіў на працягу двух дзён, была арганізавана экскурсія ў краязнаўчы музей імя Багушэвіча. Там хлопчыкаў і дзяўчынак сустрэла загадчыца Настасся Навіцкая, ад якой яны даведаліся аб гераічных старонках мінулага, подзвігах, якія былі здзейснены на тэрыторыі раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны. Знаёмства з гістарычнай хронікай вельмі ўразіла тонкія натуры мастакоў. Можа, менавіта таму такімі пераканаўчымі і глыбокімі аказаліся вобразы, якія дзеці ўвасобілі на палатне. А малявалі яны на месцы, знакавым для нашага раёна, — у Нарбутах, там, дзе вяліся кровапралітныя баі пад камандаваннем Дзмітрыя Гарбунова.

Сярод пятнаццаці юных мастакоў былі выхаванцы не толькі Ашмянскай школы мастацтваў, але і вучні Кальчунскай сярэдняй школы, дзеці з Астраўца і Вішнева. Па выніках пленэру журы, узначальваў якое выкладчык Гродзенскага каледжа мастацтваў Сяргей Трафімавіч Астапрылка, адзначыла высокі ўзровень многіх работ. Так, ашмянцы Ксенія Патрэбка і Вікторыя Станулевіч занялі першае месца. Другое ў розных намінацыях атрымалі Аляксандра Харашаева, Лізавета Будзько, Яна Сладзінская.

Выстава лепшых творчых работ пройдзе ў Астравецкім, Вішнеўскім і Ашмянскім раёнах.

Людміла ВЕРАС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *