У Кальчунскім сельсавеце створаны клуб стараст

Главное

Любую, нават самую цяжкую задачу ці праблему можна вырашыць супольнымі намаганнямі. Там, дзе не справіцца адзін чалавек, на дапамогу прыйдзе талака. Нездарма ж нашы продкі згуртоўваліся для сумеснай справы, калі надыходзіў час уборкі ўраджаю, альбо трэба было будаваць хату ці, напрыклад, валіць лес.

Любая справа, падтрыманая талакой, робіць жыццё людзей лепшым. І заўсёды знойдзецца група добраахвотнікаў, якія прыйдуць на дапамогу. З такой думкай бралася за ажыццяўленне праекта “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак “КУТ” бібліятэкар Кальчунскай сельскай бібліятэкі Алена Шкелда.

А пачалося ўсё з удзелу ў конкурсе міні-праектаў, фінансуемых на тэрыторыі Беларусі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дамогі. Праект, распрацаваны Аленай Адольфаўнай пры падтрымцы супрацоўнікаў раённай цэнтральнай бібліятэкі, у якіх ужо ёсць пэўны вопыт такой дзейнасці, атрымаў адабрэнне. Яго фінансаванне склала 9000 еўра. Па ўмовах праекта 10 працэнтаў ад вышэйзгаданай сумы — 900 еўра — будзе ўнесена з раённага бюджэту. Праект не мае замежнага партнёрства, аднак ён адобраны Еўракамісіяй у намінацыі “Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай”. У дадзеным выпадку партнёрам актывіста і старасты вёскі Алены Шкелда па рэалізацыі мерапрыемстваў выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Паколькі гэта праект культуры, то ў аснове яго рэалізацыі ляжыць сацыяльна-культурнае і інфармацыйнае абслугоўванне жыхароў Кальчунскага сельскага Савета. Скіраваны ён на работу з насельніцтвам аддаленых населеных пунктаў. Кіраўнік праекта Алена Шкелда, як ніхто іншы, ведае людзей, што тут пражываюць. Некалькі год запар людзі аказвалі ёй давер, выбіраючы дэпутатам мясцовага Савета. Да яе часта звярталіся месцічы са сваімі клопатамі і турботамі. Ведае яна людзей і як бібліятэкар, бо на працягу многіх год не толькі нясе кнігу ў народ, але і ладзіць рознага кшталту мерапрыемствы, арганізуе пры бібліятэцы работу аматарскіх аб’яднанняў.

Згодна з праектам створаны і ўжо дзейнічае клуб старастаў вёсак “КУТ” (“Культура управления территорией”). Менавіта старасты сталі тым згуртаваннем зацікаўленых людзей, якія працуюць у адной звязцы з бібліятэкарам, а таксама выступаюць важнейшым звяном самакіравання ў аддаленых населеных пунктах. Памочнікам і дарадцам Алены Адольфаўны ў пытаннях рэалізацыі праекта выступае мясцовы сельвыканкам. У склад рабочай групы ўваходзяць таксама работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, прадстаўнікі грамадскасці.

“КУТ” працуе на базе бібліятэкі, дзе паралельна ствараецца сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Гэтыя два фарміраванні прызваны ўзаемадапаўняць адно аднаго, асабліва ў пытаннях арганізацыі сацыякультурнай дапамогі пажылым людзям і інвалідам, работы валанцёрскай групы, правядзення сустрэч насельніцтва з прадстаўнікамі органаў улады.

Для паспяховай рэалізацыі праекта ў план арганізацыйных мерапрыемстваў уключана пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Стараста на вёсцы — гэта…”, а таксама семінар з удзелам органаў мясцовай улады, грамадскасці, старастаў вёсак. Асноўная задача такіх мерапрыемстваў — данесці да мясцовых жыхароў не толькі інфармацыю аб праекце, але і растлумачыць яго значэнне. Даць зразумець людзям, што ініцыятыва аднаго чалавека скіравана на агульныя добрыя справы ў межах усяго рэгіёна, каб у выніку сумеснымі намаганнямі ажыццявіць задумкі, якія даўно чакалі свайго часу.

Дзякуючы рэалізацыі праекта сацыяльна-інфармацыйны цэнтр пры бібліятэцы аснашчаны новай тэхнікай. Набыты ноўтбук, экран і праектар, што дазволіць якасна арганізоўваць мерапрыемствы ў аддаленых населеных пунктах. Група валанцёраў, якая будзе наведваць карыстальнікаў бібліятэкі па месцы пражывання, стала больш мабільнай — перасела на веласіпеды. Так як большасць чытачоў, якія абслугоўваюцца дома,- людзі пажылыя і інваліды, то ім дарэчы аказаўся і набыты танометр: паралельна з паслугай чытання можна змераць артэрыяльны ціск. Для арганізацыі адпачынку ў фае мясцовага Дома культуры і бібліятэкі з’явіўся тэнісны стол. Зараз тут адточваюць майстэрства гульні ў настольны тэніс мясцовыя падлеткі. Аматары дэкаратыўна-прыкладной творчасці змогуць паспрабаваць сябе ў ткацкай справе: за сродкі праекта набыты ткацкі станок.

Клубам старастаў “КУТ” арганізаваны конкурс “Добрая справа”, на які мясцовыя жыхары выносілі прапановы сацыяльна значных спраў. У выніку ў Кальчунах будзе абсталявана дзіцячая пляцоўка. У Мардасах заквітнее пладовы сад. Будзёнаўку і Навасяды злучыць новы масток. На гэтыя добрыя справы прадугледжана 2000 еўра. Тут трэба дадаць, што работы будуць праводзіцца мясцовымі жыхарамі ўласнаручна.

У рамках праекта пройдзе конкурс “Лепшы гаспадар 2014 года”, які вызначыць самыя прывабныя і дагледжаныя падворкі мясцовых жыхароў. Пры падвядзенні вынікаў журы зверне ўвагу як на знешні выгляд дома і двара, так і на афармленне кветнікаў, наяўнасць пладовага сада, а таксама зон адпачынку. Для гаспадароў трох лепшых падворкаў прадугледжаны прыемныя сюрпрызы-падарункі.

Дзяцей і моладзь, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета і вучацца ў Кальчунскай школе, чакае творчы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Мой родны кут”. Пераможцы будуць вызначаны ў трох намінацыях: “Жывапіс”, “Фота” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

Вынікі работы над праектам будуць падведзены ў жніўні. Заключным акордам супольнай працы стане фестываль народнай культуры “КУТарскі фэст”, які адбудзецца напрыканцы лета ў Кальчунах.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *