Сейбітаў рукі працуюць без прынукі

Главное

У разгары пасяўная кампанія на палетках раёна. Не пакладаючы рук працуюць ва ўсіх гаспадарках Ашмяншчыны. Найбольшы цяжар адказнасці ляжыць на людзях, якія выконваюць ганаровую місію сейбіта, – механізатарах.

І ў апошні красавіцкі дзень, акурат перад Святам працы, старшыня райкама прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Раіса Мікалаеўна Турлай накіравалася ў СВК раёна для ўручэння ўзнагарод – падзячных пісьмаў і грашовых прэмій – лепшым працаўнікам.

Першымі былі адзначаны кракоўскія механізатары – Дзмітрый Радзевіч, імя якога ўжо гучала на старонках нашай газеты, і Генадзь Трахневіч. Яны механізатары са стажам. Генадзь Эдуардавіч у гаспадарцы з 1990 года. Як аднаму з лепшых, яму даручана працаваць са складанай энерганасычанай тэхнікай. Сёлета ён на сваім трактары «Беларус-3022 ДЦ.1» з прычэпным агрэгатам АПП-6Д ужо засеяў больш за 950 гектараў пасяўных плошчаў.

Далей наш шлях ляжаў паўз гоні СВК “Ашмянскі Світанак”. На ворыве і сяўбе тут вылучыліся Аляксандр Зыковіч (трактар МТЗ-3022, пасяўны агрэгат АПП-6, засеяў 611 гектараў) і Станіслаў Пабядзінскі. Станіслаў Вацлававіч знаходзіўся па рабоце ў вёсцы Масцвілішкі, куды адправіліся і мы. На трактары «Беларус-3022 ДЦ.1» з прычэпным агрэгатам АППМ-6 ён справіўся з даведзеным  заданнем, засеяўшы 308 гектараў раннімі збожжавымі і зернебабовымі. Акрамя таго, за 25 дзён ён заараў 386 гектараў зямлі.

Пакінуўшы за сабой залітыя сонцам квітнеючыя рапсавыя палі і дзьмухаўцовыя лугі, мы трапілі на землі СВК “Граўжышкі”. Лепшы механізатар гэтай гаспадаркі Валянцін Загурскі ў перадсвяточны дзень быў заняты на сяўбе грэчкі. Неўзабаве на поле пад’ехаў і старшыня СВК. Сяргей Аляксандравіч Грышкавяк вельмі задаволены працай свайго падначаленага. Дарэчы, як адзначыў сам Валянцін Стэфанавіч, гэта ўжо яго дваццаць пятая працоўная вясна. Ён засеяў за час сяўбы ўжо больш за 500 гектараў плошчаў. Працуе ён на трактары John Deere-8430 з прычэпным агрэгатам АППМ-6.

У СВК “Крэйванцаўскі” выдатных вынікаў дасягнулі Валерый Даўлевіч і Аляксандр Зарэцкі. Валерый Іванавіч на трактары МТЗ-1221 з агрэгатам РУМ-МВУ 8000 уносіў мінеральныя ўгнаенні.

Лепшыя механізатары СВК “Прыгранічны” – Дзмітрый Матусевіч і Віктар Чарняк – напярэдадні свята працоўных таксама адчулі ўвагу і пашану прафсаюзнай арганізацыі. Франц Віктаравіч паведаміў, што працуе ў гаспадарцы ўжо дваццаць адзін год. Сёлета на трактары «Беларус-3022» з сеялкай АПП-6 ён управіўся пастаўленымі задачамі, пакінуўшы ў раллі тоны збожжа, ад якога чакаецца багаты ўраджай.

Назавём імёны астатніх працаўнікоў, якія вылучыліся на пасяўной і былі ўзнагароджаны ад імя райкама прафсаюза ў іншыя дні.

Лепшыя механізатары КРСУП эксперыментальная база “Баруны” – Мікалай Альшук (які на трактары МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д пасеяў 480 гектараў збожжавых у сваёй гаспадарцы і дапамагае СВК “Кракоўка”), Уладзімір Казлоўскі (з аналагічнай тэхнікай пасеяў 560 гектараў) і Казімір Бражыцкі, які на трактары МТЗ-82 з  агрэгатам ПРТ-7 унёс дзве с паловай тысячы тон арганікі.

У СВК “Гальшанскі” закладку будучага ўраджаю праводзяць Іван Шавель і Уладзімір Сасноўскі. Яны абое на трактары John Deere-8430 з пасяўным агрэгатам “Gaspardo” засеялі 900 гектараў збожжавых, а пры дапамозе агрэгата дакладнага высявання “Оптыма” – больш за 520 гектараў кукурузы.

Найбольш вынікова ў СВК імя Кляцкова спрацавалі Валерый Субач і Станіслаў Спірыдовіч.

Амаль усе героі сёлетняй сяўбы цяпер моцна занятыя працай. Таму пагутарыць у нас атрымалася не з усімі. Але можна быць упэўненымі – гэтыя людзі яшчэ не раз заявяць пра сябе, і не словамі – справамі пацвердзяць званне лепшых.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *