У СВК імя Кляцкова работа ідзе спорна

Главное

Вясновыя клопаты цяпер займаюць працаўнікоў вёскі кожны дзень. Перад тым, як пачынаць сяўбу, неабходна падабраць каменне, загадзя нарыхтаваць, вывезці і ўнесці арганічныя ўгнаенні і якасна закрыць вільгаць, закультываваць, падрыхтаваць глебу. Гэта работа не з простых.

Так, у СВК імя Кляцкова на момант напісання артыкула ўжо вывезена 53,9 тысячы тон арганікі з загатаваных 54,4 тысячы, з іх унесена больш 44 тысяч. Пад яравую сяўбу падрыхтавана 1490 з запланаваных 2519 гектараў глебы. Яравыя збожжавыя пасеяны ўжо на 862 з 1518 гектараў плошчаў, што складае 57 працэнтаў ад запланаванага. Адным словам, пасяўная ў разгары.

На другім участку, на полі ля вёскі Дружба, дзе пад яравую пшаніцу адведзена плошча больш за дзвесце гектараў, мы сустрэліся з механізатарам Валерыем Станіслававічам Субачам. “Без выхадных і прахадных”, штодзённа з сямі раніцы да дзесяці-адзінаццаці вечара ў вясновы час Валерый Станіслававіч у полі. У сярэднім за дзень на сваім “жалезным кані” магутным John Deere-8420 з агрэгатам АПП-6Д ён засявае 35-37 гектараў раллі. Падвоз насення даручаны Канстанціну Юшчэеву.

Адказнасць вялікая – працаўнікі вёскі, маючы пад рукой усяго тры пасяўныя агрэгаты, павінны забяспечыць усю гаспадарку яравым збожжам і зернебабовымі культурамі.

Работы вядуцца з захаваннем агратэхнічных прыёмаў, як паведаміла нам малады аграном Святлана Анатольеўна Бічэль. Кіраўніцтва гаспадаркі актыўна садзейнічае паспяховай працы сейбітаў, каб работа ішла без замінак. Святлана Анатольеўна заўважыла, што гэты сціплы і просты механізатар на сённяшні дзень за час вясновай сяўбы пакінуў за сабой больш за чатырыста гектараў засеяных плошчаў.

Валерый Станіслававіч у сельскай працы не першы год. Дваццаць дзявятую вясну ў гэтай гаспадарцы ён сустракае з упэўненасцю. Менавіта такія людзі робяць усё, каб праца ў СВК імя Кляцкова ішла спорна.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *