Кракоўскі ураджай у надзейных руках

Главное

Ужо ў разгары пасяўная кампанія-2014 і на палях усіх гаспадарак Ашмяншчыны кіпіць праца. І нездарма, бо перад аграрыямі стаіць няпростая і адказная задача – якасна і ў кароткі тэрмін закласці аснову будучага ўраджаю. Руплівага селяніна прыспешвае ранняя і дружная вясна. Таму нядзіўна, што слова “выхадны” з лексікону працаўнікоў сельскай гаспадаркі выключаны. Калі мы завіталі ў СВК “Кракоўка”, здавалася б, на схіле працоўнага дня, там ва ўсю ішла работа.

Намеснік старшыні па раслінаводстве Сяргей Міхайлавіч Канюк накіраваў нас на першы ўчастак, да аднаго з найбольш паспяховых сваіх працаўнікоў. На ўскрайку поля ля вёскі Скілондзішкі мы сустрэліся з механізатарам Дзмітрыем Алегавічам Радзевічам. Ён аддана працуе на ніве сельскай гаспадаркі з 2000 года. Штодзень гэты вадзіцель магутнага трактара John Deere-8430 з прычэпным агрэгатам АПП-6Д засявае 35 – 40 гектараў ворыва пшаніцай. Прыкладам, на гэтым полі плошчай 55 гектараў ён скончыў сяўбу за паўтара дня. На пытанне, ці добрасумленны ён спецыяліст, намеснік старшыні адказвае станоўча і зазначае: “Абы-каму такую тэхніку проста не даверылі б”. Яно і сапраўды так – пасяўных агрэгатаў у СВК усяго тры. Ад пачатку пасяўноў кампаніі Дзмітрый Алегавіч пакінуў за сабой ужо больш за трыста гектараў засеяных плошчаў.

Як паведаміў нам Сяргей Міхайлавіч, папярэдне была праведзена культывацыя – закрыццё вільгаці выканаў Ігар Фалевіч на трактары МТЗ-1221 з агрэгатам КЧ-5.1. Падвоз насення ажыццяўляе Генадзь Зяневіч.

Падчас работ на палях СВК захоўваюцца ўсе агратэхнічныя нормы. Для нястомных працоўных дастаўляюць гарачыя абеды і падвячоркі. З сёмай гадзіны раніцы да восьмай вечара не змаўкае гул трактароў на абшарах гаспадаркі. І калі глядзіш на ўпэўненыя дзеянні вопытных працаўнікоў, адчуваецца, што будучы ўраджай – у гаспадарлівых і надзейных руках.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *