Красавік кліча на ўборку

События

З першага па трыццатага красавіка ў раёне пройдзе месячнік па санітарнай ачыстцы і ўборцы горада і сельскіх населеных пунктаў.  Кіраўнікам арганізацый усіх формаў уласнасці даведзена інфармацыя аб замацаваных за ўстановамі тэрыторыях, на якіх патрэбна навесці парадак да канца красавіка.

Асаблівая ўвага будзе скіравана на ўборку зямельных участкаў, зон адпачынку,  а таксама прыдамавых тэрыторый у горадзе. У сувязі з гэтым у райцэнтры запланаваны тры суботнікі, падчас  якіх  будзе арганізавана сумесная  работа камунальных службаў і мясцовых жыхароў у квартале Будаўнікоў, мікрараёне  Заходнім і парку па вуліцы Голяса.

Падчас правядзення месячніка арганізацыі раёна акажуць дапамогу ў адвозцы смецця згодна з пададзенымі заяўкамі.  У  выкананні гэтых работ акрамя транспарту камунальных службаў будзе задзейнічана тэхніка ДБУ-28, ДЭУ-57, ААТ “Будаўнік”, аўтапарка, прадпрыемства меліяратыўных сістэм, ільнозавода, аграпрамтэхнікі і ДРБУ-190.

Прыбраць  падворкі  павінны  і ўласнікі прыватных дамоў, каб у далейшым не несці адміністратыўную адказнасць за неналежны стан сваіх прыдамавых тэрыторый. За антысанітарны стан замацаваных тэрыторый будуць прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафаў і юрыдычныя асобы. Таму лепш ўсё-такі навесці парадак і сустрэць майскія святы  добрым настроем і чысцінёй  у сваіх населеных пунктах і на рабочых месцах.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *