Восеньскі кірмаш сабраў жыхароў Гальшан

Культура

Кірмаш у нашых продкаў атаясамліваўся не толькі з гандлем, але яшчэ і з актыўным адпачынкам. Наведваючы такое мерапрыемства, людзі здымалі напружанне, наладжвалі зносіны, набывалі новыя кантакты. А галоўнае – закупляліся свежай гароднінай і садавіной, малочнымі і хлебнымі прадуктамі. Вязаныя рэчы, плеценыя кошыкі, драўляныя вырабы – усё гэта карысталася асаблівай цікавасцю і попытам. У Гальшанах у свой час кірмашы былі добрай традыцыяй і чакаліся з нецярпеннем. З цягам часу традыцыя правядзення кірмашоў відазмянілася, аднак і зараз гэтая падзея прыцягвае да сябе.

Цёплым нядзельным вечарам жыхары аграгарадка Гальшаны і навакольных вёсак сабраліся на тэатралізаванае свята “Гальшанскі кірмаш-2023”. Прысутных віталі скамарохі, якія запрасілі да актыўнага ўдзелу ў свяце. Танцавальная група “Фіеста” падрыхтавала харэаграфічную пастаноўку “Кірмаш”. Яркія вобразы і дынамічны танец не пакінулі нікога абыякавым. Гледачы падтрымлівалі артыстаў шчырымі апладысментамі. Прынялі ўдзел у свяце і выхаванцы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Інструментальны ансамбль “Мелодыка” падараваў некалькі рытмічных кампазіцый. З’явілася на імправізаванай сцэне і гаспадыня свята – Восень. Яна павітала гасцей і прапанавала пачаставацца кожнаму адмысловай кашай па рэцэпце бабы Ганны. Прыгатаваць страву для гасцей свята дапамагла мясцовая гаспадарка.

Вяскоўцы, цыганы, дбайныя гаспадыні, гандляркі – гэтыя і многія іншыя персанажы прысутнічалі на свяце, дорачы шчырыя ўсмешкі гасцям кірмаша. Выступленне ансамбля народнай песні “Жытніца” асабліва прыйшлося па душы слухачам. Артысты далучылі гасцей свята да народнай песні – яскравай, шчырай і самабытнай. Многія не здолелі ўседзець на месцы і ўключыліся ў танцавальную праграму. Конкурсная праграма паспрыяла развіццю творчага патэнцыялу, спрыту і пачуцця гумару гледачоў. За перамогу ў спаборніцтвах яны атрымлівалі невялікія падарункі.




Ці можа кірмаш адбыцца без гандлю? Вядома ж, не. Гандлёвыя палаткі з напіткамі, салодкай ватай, гарачай бульбай і іншымі ласункамі былі падрыхтаваны для самых маленькіх удзельнікаў кірмаша. Драўляныя вырабы карысталіся асаблівым попытам у пакупнікоў старэйшага ўзросту. Адмысловыя дэкарацыі нагадвалі пра прыход самай багатай і прыгожай пары — восені, якая здолела падараваць усім прысутным кірмашовы настрой.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *