Чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча” сабрала аматараў і выканаўцаў народнай песні

Культура

Любоў да песні і жаданне спяваць аб’яднала ў адзін з майскіх дзён членаў аматарскага аб’яднання “Сустрэча”, створанага на базе Ашмянскай раённай бібліятэкі, і ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу.

На пытанні вядучай — загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі — Алены Янкоўскай адказвала ўдзельніца ансамбля, таленавітая выканальніца народных песень Роза Яцуковіч. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Сустрэча” добра знаёмы з творчасцю “Жытніцы”, некаторыя звесткі з біяграфіі Розы Георгіеўны і гісторыі песеннага калектыву сталі для іх новымі.

Народны ансамбль “Жытніца” бярэ вытокі з хора, які быў створаны на базе калгаса “Маяк” у 1989 годзе. На пачатку 90-ых калектыў распаўся. З амаль сарака чалавек, якія спявалі ў хоры, у склад “Жытніцы” ўвайшлі толькі некалькі самых адданых народнай песні. Сваё самастойнае жыццё ансамбль пачаў у 1992 годзе. Добра вядомая ў раёне назва калектыва нарадзілася не адразу. Некаторы час ён называўся “Спадчына”, і толькі пасля нарадзілася “Жытніца” як сімвал жыцця, жыта, стваральнай працы і народнай жыватворнай песні. Шмат для станаўлення калектыву зрабіў Іван Мікалаевіч Барысенка. Менавіта пад яго кіраўніцтвам ансамбль у 1998 годзе атрымаў званне “Народны”, якое ўдзельнікі калектыву неаднаразова паспяхова пацвярджалі, апошні раз – вясной 2022 года. З самага пачатку ўзнікнення ансамбля і да сённяшняга дня ў ім спяваюць Роза Яцуковіч, Марыя Горыд, Аляксандр Пашкоўскі, які з’яўляецца кіраўніком народнага песеннага гурта. Былі яны і на сустрэчы ў гэты раз, а разам з імі трапныя і сакавітыя народныя песні выконвалі  Валянціна і Эдуард Горыд,  Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская.

З цікаўнасцю і настальгіяй праглядзелі прысутныя відэазапіс канцэрта 1992 года, калі калектыў упершыню намініраваўся на званне “Народны”. Некаторыя з песень і сёння гучаць у рэпертуары ансамбля, а некаторыя ўспомніліся пасля прагляду. Ужо даўно няма тых першых канцэртных касцюмаў, у якіх выступалі артысты, а самі ўдзельнікі калектыву і пазнавалі, і не пазнавалі сябе на запісе трыццацігадовай даўніны.

Многае змянілася, але засталося галоўнае – любоў да народнай песні. “Закаханыя ў песню”, — так ахарактарызавала ўдзельнікаў “Жытніцы” Роза Яцуковіч. Яны і сёння, толькі пакліч, адклаўшы ўсе свае справы, спяшаюцца на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі. Мабыць, няма ў раёне такога куточка, дзе б ні выступалі з канцэртамі артысты. Іх ведаюць не толькі ў Ашмянскім раёне і Гродзенскай вобласці, ім неаднаразова апладзіравалі на канцэртах і фестывалях нацыянальных культур у іншых краінах.

Як расказала на сустрэчы былы дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара Філіповіч, “Жытніца” заўсёды прыцягвала слухачоў і патэнцыяльных пакупнікоў да тарговых палатак мясакамбіната на выставах у Расіі. Шмат цёплых слоў выказала артыстам былы начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама і былая ўдзельніца ансамбля Галіна Балінская. Неаднаразова яна на самых розных узроўнях чула цёплыя словы падзякі і найлепшыя водгукі аб выступленнях народнага песеннага гурта. Бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Кракоўка Галіна Мужыла хоць і не спявае ў калектыве, але яго рэпертуар ведае добра, таму што міжвольна прысутнічае на рэпетыцыях — бібліятэка і аддзел культуры і вольнага часу размяшчаюцца на розных паверхах аднаго будынка.

У зале прысутнічала і былы дырэктар Будзёнаўскага сельскага дома культуры Наталля Лукашэвіч, якая на працягу многіх гадоў была ўдзельніцай калектыву. Таму, калі “Жытніца” выконвала на развітанне сваю апошнюю песню, у яе радах выканаўцаў стала больш – далучыліся і былыя ўдзельнікі калектыву з залы.

Народная песня будзе жыць, пакуль у яе будуць такія апантаныя і самаадданыя прыхільнікі.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *