Птушка шчасця

Культура

Навагодняя ёлка памяці ў рэдакцыі даволі хутка “апранулася” ў святочныя ўборы. Дзякуючы жыхарам горада і раёна, якія адгукнуліся на нашу ініцыятыву, лясная прыгажуня заззяла яркімі фарбамі, увабраўшы ў сябе цеплыню не аднаго пакалення ашмянцаў.

Разам са шклянымі цацкамі, якім больш за пяць дзесяцігоддзяў, перабраліся на ёлку ўпрыгожанні ручной работы. Імі падзяліліся з намі майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК.

Традыцыйную гірлянду на нашай ёлцы замянілі звязаныя кручком ажурныя сняжынкі, над якімі шчыравала Марыя Заянчкоўская. Саламяная “Птушка шчасця” прыляцела да нас ад Валянціны Свірскай. Жанчына ведае шмат сакрэтаў у рабоце з саломкай. Майстрыха атрымала іх ад маці, а цяпер дзеліцца з дзецьмі, якія прыходзяць на заняткі ў аддзел. Аказваецца, каб “Птушка шчасця” была лёгкай і звонкай, саломку трэба браць з сярэдняга каленца і абавязкова злучаць дэталі вырабу чырвонай ніткай. Калі вы нічога не зразумелі, то прыходзьце ў майстэрню, што месціцца ў гарадскім парку, – тут вас навучаць розным хітрыкам і разбудзяць вашу фантазію.

Дарагая сэрцу Валянціны Казіміраўны і навагодняя цацка ў выглядзе казачнага доміка. Шар, які бярэцца за аснову, увабраў у сябе багатую гісторыю. Калісьці ён упрыгожваў ёлку ў Палянскім Доме культуры. Побач з ім размяшчаліся вялікія шышкі, а зверху – шкляны гадзіннік. Хараводы вакол ёлкі вадзілі і дзеці, і дарослыя. Мясцовы люд у маскарадных касцюмах ледзьве ўмяшчаўся ў залу клуба. У свой час практычна ўсе двары, а іх было 79, былі жылымі, і ў кожным з іх па трое – пяцёра дзяцей.

Сёння шар з Палян набыў другое жыццё, але не страціў пры гэтым сваёй аўтэнтычнасці. Валянціна Казіміраўна расказала нам, як калісьці ўпрыгожвала ў сваім доме ёлку фанарыкамі з паперы, саламянымі ромбамі і лялечкамі-абярэгамі. Майстры аддзела і зараз робяць такія абярэгі. Яны – сведчанне таго, што і праз гады нашы продкі клапоцяцца пра нас, аберагаючы ад злой сілы, і служаць той нябачнай нітачкай, на якой трымаецца наш генетычны код.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *