Тыдзень хатняй кухні ў кафэ “Стары горад”

Культура

Рэдакцыя газеты размешчаецца ля вядомага ў горадзе кафэ “Стары горад”. Часам апетытны пах, які  далятае адтуль праз адчыненае акно, не дае засяродзіцца на рабоце. Завіталі да суседзяў, каб даведацца, якімі прысмакамі тут частуюць гасцей.

“Стары горад” — кропка грамадскага харчавання Ашмянскага мясакамбіната. Дырэктар прадпрыемства Юрый Уладзіміравіч Драмлюк зацікаўлены ў далейшым развіцці кафэ і ідзе насустрач пачынанням работнікаў. Загадчыца Наталля Міхайлаўна Завадская працуе тут параўнальна нядаўна – са студзеня, але за гэты час шмат што ў кафэ змянілася: ад посуду да меню.

“Стары горад” мае адметны стыль, які выяўляецца і ў назве, і ў інтэр’еры. Персанал зацікаўлены ў тым, каб развівацца, тут шукаюць новыя рэцэпты, абапіраючыся перш за ўсё на традыцыі беларускай кухні. Сустракаюць гасцей тут стравамі і рускай, і еўрапейскай  кухні. З ліпеня ў меню з’явіліся салаты з экзатычнымі соусамі, закускі і брускеты. Ёсць ужо задумкі новых блюдаў.

Зручнае становішча ў цэнтры горада заўсёды спрыяла вялікай колькасці наведвальнікаў.  Па словах Ніталлі Міхайлаўны, пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму ў кафэ стала больш  грамадзян  суседніх краін — Літвы і  Латвіі ( . Заглядаюць сюды і пастаяльцы гасцініцы Grad Hotel, якая знаходзіцца паблізу.

Улічваючы цікавасць турыстаў да беларускай кухні і для папулярызацыі нацыянальных гастранамічных традыцый на пачатку жніўня ў кафэ зладзілі тыдзень хатняй кухні. Кожны дзень тут можна было пачаставацца нейкім новым прысмакам: бульбяным бліном з мачанкай і скваркамі; аладкамі, фаршыраванымі мясам; смажанінай па-хатняму; яешняй з кілбаскамі; цэпелінамі пад грыбной падліўкай. З’явіўся ў меню і бургер па-беларуску – бульбяныя аладкі, перакладзеныя кавалкамі вяндліны, лісцікамі салата і змацаваныя драўлянай шпажкай. Амаль усе гэтыя стравы раней стаялі на стале ў кожнай вясковай хаце, а цяпер у многіх вызываюць толькі ўспаміны пра дзяцінства. Пакрысе яны выцесніліся з нашага ўжытку, некаторыя лічаць іх каларыйнымі і шкоднымі для фігуры, нават для беларусаў яны сталі экзотыкай. Што гаварыць пра турыстаў.

У кафэ “Стары горад” плануюць працягваць правядзенне такіх тэматычных гастранамічных тыдняў. Асабліва гэта актуальна ў Год гістарычнай памяці — вяртанне да каранёў і традыцый.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *